Пра Барадуліна ўспомнілі ў Маскве

Год таму, 2 сакавіка, памёр Народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Вечарыны памяці адбыліся па розных гарадах і краінах, дзе памятаюць паэта і ведаюць яго творы.



20150227_181121.jpg

Раман Чарвонцаў і Сяргей Кандыбовіч

24 лютага ў малой залі Белдзяржфілярмоніі адбылася вечарына «Песьні матчыны з Вушаччыны», прымеркаваная да 80-гадовага юбілею народнага паэта. 27 лютага — у мінскім Палацы мастацтваў прайшла вечары памяці і прэзентацыя пасмяротнага  выдання.

2015_03_01_22_59_31.jpg

Маскоўскі дом нацыянальнасцяў

У той сам дзень беларусы Масквы сабраліся ўспомніць дзядзьку Рыгора ў Маскоўскім доме нацыянальнасцяў. Вечарына доўжылася больш за дзве з паловай гадзіны і сабрала каля паўсотні сяброў, калегаў і аматараў таленту Рыгора Іванавіча.

20150227_182001.jpg

Раман Чарвонцаў і Алесь Кажадуб

Вядучы імпрэзы, гарачы прыхільнік Беларушчыны, намеснік Нацыянальна-культурніцкай аўтаноміі «Беларусы Масквы» Раман Чырвонцаў перамяжаў прамовы выступоўцаў творамі паэта, ствараючы настраёвую прэлюдыю да кожнага наступнага прамоўцы. Вітальнае слова ўзяў старшыня НКА “Беларусы Масквы” Сяргей Кандыбовіч, які расказаў, што ініцыятарам і натхняльніцай правядзення вечара памяці Рыгора Барадуліна выступіла маскоўская перакладчыца Любоў Турбіна. Яна і прапанавала правесці імпрэзу не ў вялікай залі, а зрабіць яе па-сямейнаму ўтульнай, цёплай і камернай. Таксама спадар Кандыбовіч адзначыў, што ў гэтым годзе адзначаецца і 15-годдзе з моманту заснавання самой аўтаноміі.

Сябра Саюзаў пісьменнікаў Расіі і Беларусі Алесь Кажадуб казаў пра Барадуліна як пра найярчэйшага паэта філалагічнага пакалення. Спадар Кажадуб адзначыў, што народным паэт можа лічыцца толькі ў тым выпадку, калі яго радкі ведае кожны з яго народа. Так, радкі песні, напісанай на верш Барадуліна “Трэба дома бываць часцей…” напраўду памятае кожны беларус. Таксама Алесь Кажадуб жыва і весела падзяліўся з прысутнымі ўспамінам пра тое, як аднойчы ў рэдакцыю “Маладосці”, якая тады мясцілася ў суседніх паверхах з ЦК і якой кіраваў Генадзь Бураўкін, завітаў Уладзімір Караткевіч з Барадуліным, і, крыху адзначыўшы сустрэчы, Караткевіч прапанаваў усім разам ехаць да яго на лецішча, папрасіў белую “Волгу” ў намесніка кіраўніка ЦК з суседняга пакоя — і выехалі ўсёй рэдакцыяй. І толькі праблукаўшы колькі гадзінаў, калі ў Караткевіча паспрабавалі спраўдзіць кірунак, той шырока ўсміхнуўся: хлопцы, пра што размовы, вы ж ведаеце, што дачы ў мяне няма!

20150227_191650.jpg

 Любоў Турбіна

Любоў Турбіна зачытала свае пераклады вершаў Рыгора Іванавіча і распавяла пра асаблівасці і вобразы перакладу паэзіі Барадуліна на рускую мову. Таксама бралі слова пісьменнік, заслужаны дзеяч мастацтваў Іван Сабіла, які 15 год прапрацаваў кіраўніком санкт-пецярбурскай пісьменніцкай арганізацыі; паэт, драматург, прафесар Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Анатоль Парпара, журналіст, дарадца МІД РФ Іван Старавойтаў; беларусазнаўца, гісторык і псіхолаг Рыгор Якутоўскі. 

2015_03_02_15_34_33.jpg

Выступае Рыгор Якутоўскі

2015_03_02_12_27_58.jpg

Валерыя Кустава і Раман Чарвонцаў

У вечарыне ўзяла ўдзел і госця з Мінску — беларуская паэтка Валерыя Кустава, якая жыва і весела расказала пра сваю супрацу з дзядзькам Рыгорам, якога ведала больш за 15 гадоў.

Вечарына скончылася супольным выкананнем песні паэта “Трэба дома бываць часцей…”