Прафесар Дынглі: Беларуссю цікавяцца з-за яе палітычнай сістэмы

Старшыня Англа-беларускага таварыства, прафесар Лонданскага універсітэта Джым Дынглі Беларуссю зацікавіўся некалькі дзесяткаў гадоў таму з падачы грэка-каталіцкага святара айца Аляксандра Надсана. Прафесійная зацікаўленасць спадара Дынглі нашай краінай хутка змянілася прыватнай — адсюль яго жонка. У Мінску прафесар бывае даволі часта, таму ведае пра ўсё, што адбываецца ў краіне. Якой Беларусь выглядае з-за Ла-Маншу, у Джыма Дынглі спрабавала высветліць Вольга Хвоін.



9c01802ddb981e6bcfbec0f0516b8e35.jpg

Старшыня Англа-беларускага таварыства, прафесар Лонданскага універсітэта Джым Дынглі Беларуссю зацікавіўся некалькі дзесяткаў гадоў таму з падачы грэка-каталіцкага святара айца Аляксандра Надсана. Прафесійная зацікаўленасць спадара Дынглі нашай краінай хутка змянілася прыватнай — адсюль яго жонка. У Мінску прафесар бывае даволі часта, таму ведае пра ўсё, што адбываецца ў краіне. Якой Беларусь выглядае з-за Ла-Маншу, у Джыма Дынглі спрабавала высветліць Вольга Хвоін.
— Вы сочыце за развіццём падзей у Беларусі не першы год. Заўважаеце нейкія трансфармацыі ў грамадстве?

— Сёння беларускі народ мае незалежнасць. Дваццаць гадоў таму гэтага не было. Іншая рэч, што да ўсведамлення сябе беларусамі ёсць розныя падыходы. Як мне падаецца, для многіх няма ўласнай гісторыі як фактару фармавання нацыі. Але людзі ведаюць, што жывуць у незалежнай дзяржаве, і гэта дапамагае падтрымаць сэнс нацыі. У вузкага кола людзей ён грунтуецца на больш шырокіх чынніках.
— Беларуская мова знаходзіцца ў стане музейнага экспанату. Ёсць шыльды, абвесткі ў транспарце, але карыстаюцца ёй нямногія. Ці бачыце Вы як навуковец рэцэпты выпраўлення сітуацыі?
— Калі народ сам не хоча ўжываць гэту мову, без прэсу нічога не зробіш. Я не бачу іншага выйсця, акрамя таго, каб увесь урад і парламент раптоўна перайшлі на беларускую мову, але гэтага не будзе.
— Асабіста для Вас былі нейкія цяжкасці ў вывучэнні беларускай мовы?
— Я ўсё жыццё займаўся славістыкай, вывучаў рускую мову. Таму для мяне не было праблем. Галоўная праблема — гаварыць па-беларуску. Суразмоўцаў у побытавым жыцці ў Мінску знайсці цяжка. Для многіх беларуская мова ледзь не на ўзроўні замежнай.
— Прызначэнне на пасаду міністра культуры беларускамоўнага чалавека — Паўла Латушкі — некаторыя назвалі рэверансам у бок Еўропы...
— Можа, і рэверанс. Бо сёння вы сябруеце больш з Бруселем, чым з Масквой, а заўтра можа быць наадварот. Хто здольны прадказаць?
— Раней Вы ўзначальвалі Цэнтр выкладання моваў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Ці многа людзей цікавіліся Беларуссю?
— Былі людзі, але іх можна палічыць на пальцах рукі. У апошнія гады цікаўнасць крыху ўзрасла. Але з палітычнага пункту гледжання. Цікаўнасць узрасла не да гісторыі, культуры, літаратуры, а менавіта да дзяржавы ў Еўропе з адметнай палітычнай сістэмай.
— Паводле Вашых назіранняў, ці актыўна беларусы імкнуцца прыняць культуру краіны, якую абралі для эміграцыі?
— Пасляваеннае пакаленне ехала ў Англію з многіх краінаў Еўропы, з лагераў. Яны сталі грамадзянамі Вялікабрытаніі, але захавалі моцнае пачуццё беларускасці. Цяпер гэта не так заўважна. Толькі некаторыя шчыльна трымаюцца беларускасці. У асноўным людзі вучацца, зарабляюць грошы, а затым вяртаюцца ў Беларусь ці з’язджаюць у Амерыку.
Ёсць беларусы, якія прыходзяць на нашы мерапрыемствы. Але вельмі шмат беларусаў увогуле не ўдзельнічаюць у жыцці дыяспары. Мне кажуць, што Згуртаванне беларусаў у Вялікабрытаніі вельмі палітызаванае, як і Англа-беларускае таварыства. У краіне многа беларусаў, але яны часцей далучаюцца да нейкіх расійскіх згуртаванняў. Шкада, але факт.
— Цяпер актывізаваліся перамовы Мінска з Еўрасаюзам. Як Вы ацэньваеце гэтыя палітычныя гульні?
— Гаварыць пра Еўропу, быць у Еўропе модна. Праўда, я не разумею, як беларусы сабе ўяўляюць гэту Еўропу. Думаюць, што будзе больш свабоды, менш падаткаў... Падаткі будуць (смяецца). Для Беларусі Еўропа — гэта ў многім адмова ад савецкага мінулага. Але на дадзеным этапе я не разумею, чаго Еўропа хоча ад Беларусі. Тут усё залежыць ад аднаго чалавека, і я не надта давяраю Беларусі як дзяржаве.
— У беларускай прэсе многа шуму нарабіў Лонданскі інвестыцыйны форум. Як яго ўспрынялі англічане?
— Я не магу пабачыць вынікаў гэтага форуму. Пытаўся ў пасла Беларусі ў Вялікабрытаніі Аляксандра Міхневіча, але атрымаў неканкрэтны адказ. Самае галоўнае тут робіць піяршчык Цімаці Бэл. Была публікацыя ў «Financial Times» пра Беларусь. І ў мяне з’явілася ўражанне, што калі не сам лорд Бэл яе пісаў, то яго памочнік. Шараговы, звычайны англічанін пра гэта нічога не ведаў.
— Вы маеце дачыненне да беларускай бібліятэкі імя Скарыны ў Лондане, пра якую звычайна гавораць узнёсла. А ці ёсць нейкія цяжкасці ў арганізацыі працы бібліятэкі?
— Мы імкнёмся атрымліваць новыя кнігі, але вельмі дорага каштуе дасылаць іх па пошце з Беларусі. Таму нам патрэбная дапамога тых, хто едзе з Беларусі ў Англію на ўласным транспарце. Рэгулярна такія людзі знаходзяцца, яны і прывозяць у бібліятэку кнігі. Цяпер бібліятэка налічвае больш за трыста тысяч тамоў. Для нас актуальна было б далучыцца да сусветнай сеткі бібліятэк. Але для гэтага трэба грошы, экспертыза. Пакуль мы гэтым не займаліся. Нацыянальная бібліятэка Беларусі надзвычай зацікаўленая ў супрацоўніцтве з намі. Хутчэй за ўсё, яны заклапочаныя тым, што будзе пасля айца Аляксандра Надсана. Я і сам гэтага не ведаю. Але ёсць будынак — і гэта галоўнае. Цяпер нашае слабае месца — адсутнасць рэкламы. Таму ў бібліятэкі нямнога чытачоў. Людзі і фінансы — галоўная наша праблема.
— Ці будзеце Вы бліжэйшым часам звязаныя з Беларуссю іншымі справамі, апроч прыватных?
— У кастрычніку ў Лондане пройдзе канферэнцыя, прысвечаная тысячагоддзю Літвы. Я пабачыў праграму — там не было ніводнага чалавека ад Беларусі і Украіны. Звярнуўся да арганізатараў, а мне адказалі, што ў праграме больш няма месца. Пасля ўсё ж знайшлі — і мы запрасілі гісторыка Генадзя Сагановіча. Гэта будзе першае мерапрыемства такога кшталту. Аташэ па культуры Літоўскай амбасады ў Вялікабрытаніі сказала мне, што яны хацелі б зладзіць канферэнцыю на больш шырокай базе, ёсць цікавасць і ў Польшчы. Але пакуль ёсць пытанні наконт фінансавання гэтага праекта.