Праз 20 гадоў збылася мара беларускага князя з Найробі

У Гродне прэзентавалі фундаментальную кнігу «Гісторыя Сапегаў». Фундатарам кнігі выступіў уладальнік кампаніі «World of Tanks» Уладзімір Кіслы.

2017_09_21_19_34_44_1_790x420.jpg

Уладзімір Кіслы, які вучыўся ў Дзярэчынскай СШ Зэльвенскага раёна — на радзіме слыннага магнацкага беларускага роду — стаў фундатарам кнігі.

Аднойчы мы з Валянцінам Дубатоўкаю, выпадкова даведаўшыся, што ў далёкай Кеніі жыве прамы нашчадак дзярэчынскіх Сапегаў, даслалі яму тэлеграму з запрашэннем пашпацыраваць дарогамі продкаў. Князю Яўстаху Севярыну было тады ўжо 83 гады і, шчыра кажучы, мы не вельмі спадзяваліся на ягоны прыезд. Але ён адказаў станоўча, і праз нейкіх два тыдні мы ўжо сустракалі тытулаванага госця на гарадзенскім чыгуначным вакзале”, — успамінае пісьменнік і журналіст Міхась Скобла, які два апошнія гады прысвяціў выданню “Гісторыі Сапегаў. — “Захавалася ў мяне і магнітафонная стужка, дзе ён заканчвае наша інтэрв’ю воклічам “Жыве Беларусь!” І тады ж князю Яўстаху Сапегу беларускія пісьменнікі далі абяцанне выдаць ўкладзеную ім кнігу менавіта па-беларуску. Абяцанне выканана, няхай і праз 20 гадоў.

vokladka_knigi.jpg

Пад адной вокладкай сабраныя апісанні 72 сапегаўскіх маёнткаў і рэзідэнцый, жыццяпісы 85 прадстаўнікоў роду Сапегаў. Кіраўнік Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў і адзін з ініцыятараў выдання Валянцін Дубатоўка адзначыў, што кніга багатая сюжэтамі, якія варты цэлых серыялаў: “Любую асобу бяры, там такое ёсць… Напрыклад бацька Яўстаха Севярына, былы міністр замежных спраў міжваеннай Польшчы быў схоплены савецкімі ўладамі, сядзеў на Лубянцы, але быў знаёмы з Чэрчылем, і гэта яго выратавала”. Пісьменнік ужо працуе над адным з твораў, у аснову якога пакладзены сюжэт з жыцця Сапегаў.

valyantsin_dubatouka_i_mihas_skobla_2.jpg

Гісторык Алесь Краўцэвіч падчас свайго выступу падкрэсліў: “Мы павінны такія роды вяртаць у Беларусь, тым больш Міхась Скобла і Валянцін Дубатоўка сведчаць, што апошні Сапега называў сябе беларусам”.

Адна з перакладчыц кнігі, пісьменніца Данута Янаўна Бічэль-Загнетава таксама выказала свае ўражанні: “Я вочы заплюшчыўшы, як якое кацянё малое кідаецца ў ваду, так і я кідалася ў гэтую кнігу. Год 2016 быў для мяне таму шчаслівы. Калі той Сапега, які паехаў у Маскву, узяў Крэмль і там памёр, я ўвогуле некалькі дзён не спала”.

“Гісторыя Сапегаў” – гэта сапраўдная энцыклапедыя роду, які незаслужана абдзелены ўвагай у Беларусі, у параўнанні, напрыклад, з нясвіжскімі Радзівіламі. А прадстаўнікі Сапегаў, між іншым, як адзначае Міхась Скобла, яшчэ ў сярэдзіне ХVIII стагоддзя называлі сябе ў асабістых лістах і Антосем, і Міхасём, і Тэкляй, і Тадорай, і Анэляй, і Васілісай – усё беларускія імёны. Да кнігі маецца імянны паказнік з больш чым 2,5 тысячы імёнаў: “Я цэлых дзесяць дзён складаў толькі яго. Напрыклад, тут 32 Ганны Сапегі. Трэба было разабрацца, дзе каторая”.

2017_09_21_20_31_34_1.jpg

Таксама ў гэты ж дзень у Гродне была прэзентавана кніга Міхася Скоблы “Высьпятак ад Скарыны”, пра якую Алесь Краўцэвіч адзначыў: “Высьпятак Скарыны як сказаў яе аўтар – гэта быў высьпятак нованароджанаму дзіцяці, беларускаму народу, беларускаму слову ў Бібліі. Я ўспрыняў гэты высьпятак для ўсіх нас, якія гэтае слова забылі». Гэта кніга — развітальны падарунак Міхасю Скобле ад рэдакцыі “Радыё Свабода”, дзе больш не будзе яго “Вольнай студыі”, як і шэрагу іншых дужа цікавых перадач.

www.nv-online.info