Райдэры беларускіх зорак

Нядаўна дырэктар «Славянскага базару» Радзівон Бас выказаў сваю незадаволенасць райдэрам пераможцы «Еўрабачання–2009» Аляксандра Рыбака. Для артыста патрабавалася «здаровае, свежае, паўнавартаснае харчаванне»: 10 бутэлек піва, бутэлька віна, больш за 70 бутэлек вады і напояў, кава, сок, гарбата і жавальная гумка. Акрамя таго запоўнены, аплачаны міні-бар ва ўсіх нумарах каманды Рыбака. З ежы — садавіна, арэхі і кілаграм шакаладу.



4b6538a44a1dfdc2b83477cd76dee98e.jpg

Нядаўна дырэктар «Славянскага базару» Радзівон Бас выказаў сваю незадаволенасць райдэрам пераможцы «Еўрабачання–2009» Аляксандра Рыбака. Для артыста патрабавалася «здаровае, свежае, паўнавартаснае харчаванне»: 10 бутэлек піва, бутэлька віна, больш за 70 бутэлек вады і напояў, кава, сок, гарбата і жавальная гумка. Акрамя таго запоўнены, аплачаны міні-бар ва ўсіх нумарах каманды Рыбака. З ежы — садавіна, арэхі і кілаграм шакаладу.
«Еўрарадыё» вырашыла даведацца, якія райдэры бываюць у беларускіх зорак. Напрыклад, «Сябры» просяць 1 нумар «люкс», 2 нумары паўлюкс і 7 аднапакаёвак. Таксама ў райдэры «Сяброў» адразу пасля пераліку шматлікай апаратуры, патрэбнай для жывога гуку, музыкі просяць два прайгравальнікі мінідыскаў. Дарэчы, невыкананне райдэру можа прывесці да адмены канцэрту. Але беларускія выканаўцы заўсёды гатовыя знайсці кампраміс з арганізатарамі. Напрыклад, мастацкі кіраўнік дзяржаўнага ансамбля «Песняры» Вячаслаў Шарапаў увогуле не памятае бытавога райдэру гурта. Маўляў, музыкаў цікавіць толькі абсталяванне, а ўсё астатняе іх не турбуе.
Самы актыўны беларускі гурт «Ляпіс Трубяцкой» таксама не цікавяць бытавыя ўмовы. Галоўнае — каб музыкам не перашкаджалі рухацца паводле гастрольнага графіку, — расказаў прадзюсер «Ляпісаў» Яўген Калмыкоў: «Справа ў тым, што ў «Ляпісаў» шмат канцэртаў, і галоўнае — не тармазіць іх рух. Яны павінны спаць і павінны паесці, але палова — вегетарыянцы. Ніякіх спецзамоў няма, усё сярэднеарыфметычнае. Як яны рухаюцца, якія ў іх нумары, якая ежа, якія напоі піць — мы на гэта не звяртаем увагі».
У выніку можна сказаць, што беларускія музыкі патрабуюць ад арганізатараў няшмат і амаль заўсёды можна з імі дамовіцца. Складаней сітуацыя з замежнымі зоркамі, з якімі бываюць і бытавыя складанасці. Напрыклад, знайсці нешта такое, чаго ў Беларусі няма і ніколі не было.
Пра самыя запамінальныя пункты райдэраў замежных артыстаў, і чаму яны патрабуюць значна больш за беларусаў, расказаў дырэктар прадзюсерскага цэнтру «Клас-клуб інтэртэйнмэнт» Генадзь Шульман:
«Цяпер у мяне на руках райдэр Джона Лорда (адзін з самых уплывовых клавішнікаў у рок-музыцы, удзельнік гурта «Deep Purple», з 2002 года займаецца сольнай кар’ерай), які запрасіў паводле тэхнічнага райдэра такі раяль, якога ў Беларусі ўвогуле няма. А два гады таму, калі рабілі канцэрт Дэвіда Кавердэйла (вакаліста гуртоў «Deep Purple» і «Whitesnake»), ён папрасіў такі від казінага малака… Скажам, дзякуй богу, што ехалі сябры з Лондана, якія адтуль і прывезлі малако для спевака. Проста замежныя зоркі прызвычаіліся, што ў нармальных гарадах і краінах іх патрабаванні выконваюцца, а ў нас з гэтым узнікаюць праблемы».
Згодна са словамі Шульмана, у выпадку невыканання хаця б аднаго пункту райдэра арганізатараў можа чакаць не толькі вялікая няўстойка, але і адмена канцэрту. Праўда, з прадзюсерскім цэнтрам такога не бывала.
Шульман прызнаецца: да Беларусі пакуль папросту не даехалі сапраўдныя мега-зоркі з шалёнымі райдэрамі. Напрыклад, Пол Макартні. Рокер не толькі не ўжывае мяса, але забараняе ўсім супрацоўнікам канцэртнай пляцоўкі на яго вачах есці прадукты жывёльнага паходжання. Дарэчы, мэбля для экс-бітла не павінна быць абабіта натуральнай скурай: выключна натуральнымі тканінамі, нават без малюнкаў. Улічваючы высокія кошты на квіткі, яшчэ да з’яўлення Макартні на сцэне арганізатарам неабходна закрыць тканінай усе вольныя месцы ў залі.
Райдэр Ігі Попа можна ўвогуле чытаць як мастацкі твор — бо ў ім больш жартаў і здзекаў, чым сур’ёзных патрабаванняў. Напрыклад, спявак патрабуе штодня прыносіць да яго ў нумар брокалі, якую бацька панк-року не пераносіць. Маўляў, ён будзе выкідаць капусту і тым самым уздымаць настрой. Таксама каля гатэля яго павінны сустракаць сем карлікаў на «Ягуары» і суправаджаць да пляцоўкі.
Нямала праблемаў узнікае і з райдэрам Наомі Кэмбэл, якая патрабуе прафесійную масажыстку не старэйшую за 16 год. А гурт «Bloodhound Gang» патрабуюць, каб у грымёрцы стаялі вазы з M&M’s любога колеру, акрамя карычневых. То бок, арганізатарам трэба рукамі выбіраць з пачак цукеркі гэтага колеру.
Паводле «Еўрарадыё»

-----------------------------------------------

Даведка:
Райдэр — гэта спіс патрабаванняў зорак да арганізатараў канцэрта. Само паняцце з’явілася ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Мала хто ведае, што звычайна райдэры пішуць менеджэры артыстаў. Апошнія могуць нават не ведаць «сваіх» пажаданняў.