Саюз дэруна і драніка
З 3 па 18 мая ў Кіеве зноў сустракалі «Беларускую вясну» — «самы вялікі ва Усходняй Еўропе фестываль нецэнзурнай беларускай культуры». У трэці раз за апошнія гады на сталіцу Украіны ды іншыя яе гарады высадзіўся масавы дэсант беларускіх творцаў. (На фота: Беларуская дыяспара падтрымлівае сваю зборную на слэме. Фота Цімура Ібраімава)
З 3 па 18 мая ў Кіеве зноў сустракалі «Беларускую вясну» — «самы вялікі ва Усходняй Еўропе фестываль нецэнзурнай беларускай культуры». У трэці раз за апошнія гады на сталіцу Украіны ды іншыя яе гарады высадзіўся масавы дэсант беларускіх творцаў.
(На фота: Беларуская дыяспара падтрымлівае сваю зборную на слэме. Фота Цімура Ібраімава)
«Беларуская вясна–2009» — не проста самы вялікі фестываль. Гэта самы гнуткі па фармаце і самы схільны да (сама)развіцця праект па прапагандзе беларускай культуры
за межамі нашай сталіцы.
Ён уяўляе сабой шэраг разнапланавых акцый, пакліканых паказаць украінцам цікавосткі сучаснай беларускай культуры. Фестываль пачынаўся ў 2006 годзе як стыхійна-эмацыйная акцыя салідарнасці з
беларусамі, што выйшлі на Плошчу, і меў выразную сацыяльна-грамадскую афарбоўку. Але чым далей, тым «культурней»: з кожным годам арганізатары спрабуюць усё больш пераводзіць
выключна палітычную цікавасць да Беларусі на літаратурна-мастацкія рэйкі.
Арганізатары БВ — ініцыятыва «Салідарнасць» — суполка ўкраінскіх беларусаў і неабыякавых да Беларусі ўкраінцаў, якія імкнуцца развіваць беларуска-ўкраінскія
сувязі, а таксама творчая ініцыятыва «Беларускі дэсант» — аб’яднанне зацікаўленых беларускай культурай маладых людзей, гатовых прасоўваць яе ва Украіне.
Накіраванасць думкі і ідэалогіі ўсіх дзяўчат і хлопцаў, аб’яднаных ініцыятывай, — агульна-ліберальная. Сярод іх шмат «хіпоўствуюшчай» моладзі. Запрашаючы госцяў з
Беларусі, яны арыентуюцца найперш на свае ўпадабанні і густы, і, магчыма, таму «Беларуская вясна» — гэта заўсёды нестандартна і цікава.
Капітаны беларускай і ўкраінскай зборных Віктар Жыбуль і Дзьмітро Лазуткін
Фота Цімура Ібраімава
Так, часты госць фестывалю — этна-гурт «Джамбімбум», які спалучае беларускі фальклор з музычнымі матывамі ўсяго свету. Літаратурным VIP-госцем БВ стаў пісьменнік Уладзімір
Арлоў, ён выступіў у Кіеве ў тандэме з пісьменнікам Аляксандрам Ірванцом, і ў Львове ў тандэме з паэткай Мар’янай Саўкай, пра беларускае мастацтва ў Кіеве сёлета меркавалі па персанальнай
выставе Алеся Пушкіна, перформансах «Свабоднага тэатру», дакументальным фільме Віктара Дашука «Каралеўства дохлых мышаў», мультымедыя-роліках часопіса
«34».
Самай забаўнай падзеяй стаў ужо традыцыйны забег у лыжах па асфальце Хрышчаціку, а самай скандальнай — беларуска-ўкраінскі слэм-рэванш на адкрытай пляцоўцы Андрэеўскага спуску (нагадаем: год
таму 12 красавіка зборная паэтаў Беларусі нанесла разгром украінцам на іх тэрыторыі). 18 мая ў межах паэтычнага фестывалю «Кіеўскія лаўры» адбыўся круглы стол «Цэнзура ў
СМІ і кнігавыдавецтве: Беларусь—Украіна».
Алесь Пушкін зрабіў на ўкраінцаў моцнае ўражанне. Гэта для нас яго перформансы, карціны, выступы даўно вядомыя — карнавальны фон тутэйшай абсурднай рэчаіснасці, а ў Кіеве выстава
«Рукі беларусаў» стала культурным шокам. Тон быў зададзены прысвечаным Алесю дакументальным фільмам «Беларускі вальс», паказаным на вернісажы.
Уладзімір Арлоў сабраў аншлаг у Кіеве. Прэзентацыйная зала моднай кнігарні «Є» каля Залатых варот была забітая пад завязку. «Вечарына ў Кіеве выйшла больш пафаснай, а ў
Львове больш камернай, — дзеліцца Арлоў уражаннямі. — І Сашко Ірванец, і Мар’яна Саўка — літаратары, блізка знаёмыя з беларускай літаратурай, выступалі як
мадэратары сустрэчаў. І калі ў Кіеве яшчэ паступалі пытанні кшталту: «Ці жыве Беларусь?», «Ці даводзілася вам калі-небудзь, як Бродскаму, адчуваць сорам за сваю
нацыянальнасць?», то ў Львове размова круцілася выключна каля літаратуры. Гэта з удзячнасцю адзначала публіка».
Уладзімір Арлоў у кіеўскай кнігарні «Є». Фота Іллі Гладштэйна
Арлоў і Ірванец на правах старэйшых патронаў завіталі 15 мая на Андрэеўскі спуск, каб падтрымаць беларускую і ўкраінскую нацыянальныя зборныя па слэме падчас спаборніцтваў: «Падчас імпрэзы
ўсіх частавалі «спраўжнімі ўкраінскімі дэрунамі» і «сапраўднымі беларускімі дранікамі» — з абсалютна аднолькавых талерак, — расказвае Арлоў.
— Не ведаю, дэрун ці дранік гэта быў, але мне яго ўранілі на калашыну светлых нагавіцаў. Так што ад маладой паэзіі на мне засталася незмывальная пляма». Уладзімір Арлоў шчыра
прывітаў паэтаў, што абаранялі на слэме гонар Беларусі — Уладзя Лянкевіча, Валярыну Куставу, Анку Упалу, Віктара Жыбуля, Веру Бурлак і Сяргея Прылуцкага (Пістончыка). Аляксандр Ірванец
заклікаў супернікаў да братэрства і міру вершам з канцоўкай: «Абдымемся ж, як бульбаш з хахлом».
На думку Арлова, беларусы выступілі больш чым вартасна, але ўкраінская публіка незаслужана іх засудзіла. Сёлета рэванш атрымаўся ва ўкраінцаў напоўніцу. Беларусь прайграла з разгромным лікам.
Зрэшты, перамога не была адзінай мэтай усіх, хто сабраўся на беларуска-ўкраінскі слэм. Прыхаванай мэтай была асноўная ідэя фестывалю БВ — знаёмства з «нецэнзурнай беларускай
культурай». «Нецэнзурнай» — слова, ужытае арганізатарамі свядома, для прыцягнення ўвагі кіеўскай публікі, нават у крызіс перасычанай культурнымі атракцыямі. Мелася
на ўвазе «непадцэнзурнай» — намёк на поўную свабоду і магчымасць самарэалізацыі без боязі наступстваў, якую не першы год атрымліваюць беларускія музыкі, пісьменнікі і
мастакі, выехаўшы за межы Беларусі. Пра тое, якім чынам у Беларусі і Украіне праяўляецца цэнзура, гаварылася падчас спецыяльнага «круглага стала». З беларускага боку разглядаўся
выпадак з судом над «экстрэмісцкім» часопісам ARCHE. З украінскага падвяргалася крытыцы праца створанай пры Радзе Камісіі па маралі, якая між іншага прызнала парнаграфічным эратычны
раман пісьменніка Алеся Ульяненка і забараніла яго продаж.
Яшчэ на мінулых выходных беларускую паэзію можна было пачуць на буйным міжнародным фестывалі паэзіі «Кіеўскія лаўры». Выступалі паэты Віктар Жыбуль, Вера Бурлак, Сяргей Прылуцкі,
Марыя Мартысевіч, Дзмітры Строцаў.
Падчас жывога эфіру ўкраінскага радыё, куды беларускіх паэтаў запрасілі на нядзельную перадачу «Літаратурная кавярня», паступалі званкі слухачоў. «А што гэта ваш прэзідэнт
габрэяў крыўдзіць, маўляў, Бабруйск развалілі?»; «А якія ў вас там сёння заробкі, і ці падскочылі камунальныя плацяжы?» — пыталіся некаторыя пенсіянеры ў паэта
Віктара Жыбуля. Адна з мэтаў фестывалю «Беларуская вясна» — каб украінцам і без праблемы камунальных плацяжоў было пра што спытацца ў беларускіх творцаў. Падзеі не
абмяжуюцца Кіевам: Львоў, Харкаў, Тэрнопаль, Данецк, Івана-Франкоўск — «першы вясновы гром» прагучаў і яшчэ будзе гучаць у канцы мая і чэрвені ў іншых гарадах Украіны.
«Украінская літаратура — гэта найперш шоу»
ВАЛЯРЫНА КУСТАВА далёка не дэбютантка ў беларускай паэзіі, але ўдзел у культурнай падзеі на тэрыторыі Украіны яна брала ўпершыню.
Яе місіяй на міжнародным слэме было выступіць супраць харкаўскай паэткі-фотамадэлі Аліны Сваровскі. І наша Валярына з яе верай у «каханне-дранік» пераканаўча перамагла суперніцу!
Паэтка дзеліцца з намі ўражаннямі ад сутыкнення з маладой украінскай літаратурай:
— Уражанні ад пабачанага прыходзілі да мяне этапна. Калі мы стаялі і маральна ды фізічна разаграваліся (а ў Кіеве было не так цёпла!) перад слэмам, я магла назіраць, як рыхтуюцца да выступу
ўкраінцы. Тыя танчылі, радасна віталі адзін аднаго, абдымаліся, былі камандай. І я ім па-добраму зайздросціла. Пыталася: чаму беларускія пісьменнікі не могуць быць такімі раскаванымі, адкрытымі,
шчырымі, так цёпла прымаць адно аднаго? Цягам вечара я зразумела яшчэ адну рэч. Украінская літаратура — гэта найперш шоу. А шоу — гэта тое, чаго заўсёды катастрафічна бракавала
беларускай літаратуры — апошнія два гады ў нас ідзе навёрстванне ўпушчанага. Але для белліту шоу — гэта метад, сродак прыцягнуць увагу для больш важных рэчаў, а не самамэта, як
гэта, мне здалося, ёсць ва Украіне.
Сярод супернікаў мне найбольш запомніліся паэты Дзмітро Лазуткін і Арцём Паляжака. Але калі ў перапынку паміж выступамі на пляцоўку выйшаў Сашко Ірванец — ува мне загаварыла ўсё маё
класічнае выхаванне. Гэта глыбішча!
Пасля першага сутыкнення з актуальнай украінскай літаратурай я вынесла, што яна вельмі разнастайная і глыбокая. З’явілася жаданне купляць, пазычаць кніжкі і знаёміцца з ёй далей. Тым больш
што, пачуўшы ўжывую ўкраінскую мову, я цяпер магу лягчэй чытаць тэксты па-ўкраінску.
«Слэм быў сапраўдны»
АРЦЁМ ПАЛЯЖАКА— цяжкая артылерыя сёлетняй украінскай зборнай на слэме. Ён вызначае жанр, у якім працуе, так: «эстрадная паэзія». Марыць стаць
тэлевядучым — ды вось ніхто не запрашае. Менавіта яго фінальны выступ з хітом, які адлюстроўвае саму сутнасць украінскіх сацыяльна-палітычных працэсаў («Каханая, зрабі мне
імпічмэнт, а я зраблю табе дэфолт»), вывеў Украіну наперад у паэтычным слэм-рэваншы. Прайшло два дні. Папулярны паэт з цяжкасцю згадвае, як там усё было:
— Слэм быў сапраўдны. Не было адчування літаратурнага конкурсу, у які часта абарочваюцца ўкраінскія слэмы. На сапраўдным слэме можна выражаць пачуцці, крычаць, скокаць, падаць,
цалавацца і піць піва — усё дазволена, і гэта нармальна. Усе мы — і ўкраінцы, і беларусы — малайцы. Тут дарэчы фраза: галоўнае — не перамога, а ўдзел. Часам
выступаеш — і публіка заходзіцца ў авацыях, а табе самому некамфортна, не прэ цябе. На беларуска-ўкраінскім слэме камфортна было! Вельмі рады, што ў гэтым годзе, у адрозненне ад папярэдняга,
я заваяваў давер тых, хто фармаваў каманду, і мяне запрасілі да ўдзелу ў міжнародным слэме. Я вельмі слаба ведаю беларускую літаратуру, каб з ёй пазнаёміцца, трэба да вас ехаць. Я мару выступаць
па-за Украінай — найперш таму, што мне важна ведаць, як будзе ўспрымаць беларускі, рускі ці польскі слухач тое, што я раблю. Колькі ў маёй творчасці сапраўднага, а колькі —
паверхневага.