Сармацкая восень: у пошуках шляхецкіх скарбаў

У ваколіцах Падароска археолагі разам з уладальнікам сядзібы Паўлам Падкарытавым правялі археалагічную выведку.



dsc_0010.jpg

Позняя восень, калі лістоты ўжо няма, але халады яшчэ не надышлі, – ідэальны час для археалагічнай выведкі. На палях даўно ўсё прыбрана, аголеныя краявіды адкрываюць старадаўнія абрысы мясцовасці – тракты ды гасцінцы, каменныя гурбы сярэднявечных могілак, крыжы каля даўнішніх уніяцкіх цэркавак…

Археолагам Наталлі Кізюкевіч і Генадзю Семенчуку ў гэтай справе склаў кампанію бізнесовец Павел Падкарытаў, новы ўладальнік падароскай сядзібы. Павел яшчэ за часамі свайго жыцця ў Расиі “захварэў” на беларушчыну і набыў сядзібу спецыяльна, каб стварыць там музей шляхецкай культуры.

Мэта аднадзённага выезду – не пошук матэрыяльных здабыткаў, а хутчэй “выведка боем”: паглядзець рэльеф, аб’ёмы будучай працы ды лагодна прамацаць мясцовасць металашукальнікамі.

Ваколіцы Падароска: Вялікае Сяло, Канюхі, Сядзельнікі, Мітрані – старадаўнія баярскія, пазней шляхецкія маёнткі. Зямлю сваім служылым баярам тут даваў яшчэ Казімір Ягелончык. Адсюль і спецыфічныя назвы, напрыклад, Сядзельнікі – ад “асадзіць”, “пасадзіць”, то бок даць зямлю.

Цяпер вёскі, заснаваныя вайскоўцамі Вялікага Княства, глядзяць чорнымі вокнамі на бальшак, а пра іх даўнюю гісторыю сведчаць хіба каменныя могільнікі на высотцы бадай каля кожнага сяла. Звычайны палявы камень замест помніка, часам з крыжам, часам без, зрэдку з надпісам (родныя і без таго ведалі, дзе ляжаць іх прашчуры) – вось тыповае пахаванне, якое было распаўсюджанае тут ажно да XVIII ст.

“Каменныя могільнікі – надзвычай цікавы аб’ект для гісторыкаў, антраполагаў, генетыкаў… – тлумачыць прафесар Семянчук. – Уявіце, што год праз 10 можна будзе правесці паўнавартасныя генетычныя даследаванні і аднавіць родавыя ланцужкі пахаваных тут людзей з іх нашчадкамі”.

budzma.by__wp_content_gall_fde8b0ec01b0737531fed53cf6db5c91.jpeg

Бізнесовец Падкарытаў уважліва слухае, тое-сёе запісвае на тэлефон, не грэбуе і рыдлёўкай падчас раскопак. Ваколіцы належылі Бохвіцам і Грабоўскім, уладальнікам Падароска, таму гісторыя вёсак таксама мае быць прадстаўленая ў будучым музеі.

Разам з тым, па найбольш знакавых ваколіцах у будучыни могуць прайсці роварныя маршруты, будзе створаная адпаведная інфраструктура для адпачынку і заахвочвання турызму. Там-сям аб’екты патрабуюць дагляду: усталяваць ахоўныя шыльды, траву пакасіць, пачысціць камяні ад моху, а часам і прынесці на месца з крушні, куды яны былі зваленыя падчас разворвання поля.

Рэгіён тым часам падкідвае археолагам новыя неспадзяванкі. Настаўнік з мясцовай школы і краязнавец Міхал Місько расказвае, што вучні нядаўна прынеслі яму срэбраны дынарый… рымскага імператара Септымія Севера! Скуль тут сведкі настолькі сівой даўніны? Усё проста, манета ІІ – ІІІ стст. н.э. – гэта памятка з часоў Вялікага перасялення народаў, а значыць, пакінулі яе тут готы, якія акурат праходзілі паўз Беларусь на сваім шляху да Чорнага мора…

Колькі таямніцаў яшчэ хавае старадаўні Падароск, на месцы якога на сярэднявечных мапах разліваецца загадкавае “Сармацкае мора”?.. Сёння, безумоўна, мы бачым толькі пачатак грунтоўнага вывучэння басейна р. Зяльвянкі, поўдня даўнішняга Ваўкавыскага павета.

Паслязаўтра апантаны Павел Падкарытаў ужо мае быць у віленскім аэрапорце, дзе яго чакае чарговы business-trip. Але ён вернецца. Каб мясцовыя хаты не глядзелі чорнымі вокнамі на бальшак, а сярэднявечныя могільнікі не разворвали па вясне пад бульбу ці рапс.

budzma.by, Алесь Кіркевіч, фота аўтара