Сцежкамі Зэльвеншчыны

«Краязнаўчымі сцежкамі Зэльвеншчыны» — так называецца новая кніга беларускага пісьменніка, гісторыка і краязнаўца са Слоніма Сяргея Чыгрына. Кніга на днях выйшла з друку ў мінскім выдавецтве «Кнігазбор». Такое паўнамаштабнае і дасканалае выданне пра Зэльвеншчыну з’явілася, бадай што, упершыню.



cyhryn_krajaznaucymi_sciazkami_zeljvienshcyny_vokladka_01.jpg

Кніга «Краязнаўчымі сцежкамі Зэльвеншчыны» распачынаецца гісторыяй Ганненскага кірмашу — аднаго з найбуйнейшых кірмашоў у Беларусі, які праводзіўся ў канцы XVIII — пачатку XIX стагоддзяў у Зэльве. Далей аўтар краязнаўчымі сцежкамі вядзе чытачоў у вёску Дабрасельцы, дзе нарадзіўся прэзідэнт Беларускай Народнай Рэспублікі Васіль Захарка, потым — у Дзярэчын, дзе жыў цікавы чалавек, педагог, краязнавец Пятро Марціноўскі, дом якога ў вёсцы беларускія пісьменнікі называлі домам літаратараў. Аўтар распавядае і пра лёс генерала Ермалая Гампера, магіла якога знаходзіцца ў Дзярэчыне.

З Дзярэчына краязнаўчыя сцежкі кнігі Сяргея Чыгрына прывядуць у вёску Шулякі, дзе нарадзілася жонка беларуска паэта Адама Бабарэкі, у вёску Елка, дзе жыла шчырая паэтка і настаўніца Валянціна Ададурава, якая пры жыцці выдала толькі адну кніжку вершаў «Глыбінка», у вёску Галынка, дзе жыве майстар чорнадымленай керамікі Сяргей Худзяеў, у вёску Алексічы да старой гістарычнай каломны, у вёску Плецянічы, якую былы міністр гандлю БССР Мікалай Малочка перайменаваў у Чырвонае Сяло і г.д.

Цікава аўтар падае матэрыял пра зэльвенцаў, лёс якіх у розны час раскідаў па свеце. На Зэльвеншчыне нарадзіліся і жылі польская пісьменніца Марыя Радзевіч (1863–1944), гісторык Міхаіл Іоська (1931–1983), перакладчык і фалькларыст Марцін Цяплінскі (1810–1847), гісторык Міхась Гедройць, доктар філалогіі Яўген Смаршчок (1914–1984) і многія іншыя. Пра ўсіх іх згадвае ў сваёй кнізе аўтар.

У сваю кнігу Сяргей Чыгрын уключыў артыкулы і пра зэльвенскіх літаратараў Ларысу і Юрку Геніюшаў, Юрку Голуба, Міхася Скоблу, Уладзіміра Мазго, Генадзя Коўша. У кнізе чытачы прачытаюць і пра Юрыя Качука, які захапляецца беларускай кухняй, нават выдаў некалькі кніг беларускіх страў і г.д.

Кніга Сяргея Чыгрына «Краязнаўчымі сцежкамі Зэльвеншчыны» — новая старонка ў даследаваннні багатай і непаўторнай гісторыі Зэльвеншчыны. Яна — запрашэнне чытачоў да роздуму аб гістарычнам шляху Зэльвеншчыны, лёсе яе людзей і помнікаў.