Паўстанне Каліноўскага і сучасная Беларусь

Пакуль суседзі святкуюць гадавіну паўстання 1863 года, у Беларусі свае сходы арганізуюць адэпты заходнерусізму і адбываюцца спробы рэвізіі значэння паўстання Кастуся Каліноўскага.



rekanstrukcyja_paustannia_u_plocku_poljshca.jpg

Рэканструкцыя паўстання ў Плоцку, Польшча

У Літве і Польшчы — свята

Паўночная суседка Беларусі аб’явіла 2013 год — Годам паўстання. Святкуюць гэтую гадавіну і ў Польшчы. Браніслаў Камароўскі 16 студзеня заявіў аб важнасці захавання памяці не толькі пра польскіх паўстанцаў, але і пра паўстанцаў з Беларусі, Літвы і Латвіі, для якіх падзеі 1863 года былі апошнім акордам І Рэчы Паспалітай, апошняй спробай сумеснага нацыянальна-вызвольнага руху і першым крокам у іх цяжкім шляху да будаўніцтва сваіх незалежных дзяржаў і сваёй нацыянальнай самасвядомасці. Гісторыя паўстання 1863 года, на думку польскага прэзідэнта, можа стаць тым гістарычным сюжэтам, які звязвае народы, якія зараз жывуць самастойна.

Дарэчы зараз у Польшчы рыхтуецца шмат культурна-масавых мерапрыемстваў, прысвечаных угодкам паўстання. Напрыклад, у мінулыя выходныя ў Плоцку адбылася ваенна-гістарычная рэканструкцыя нападу паўстанцаў на царскі гарнізон. Паўсюдна на магілах і помніках паўстанцаў з’яўляюцца кветкі. Палякі шануюць памяць паўстанцаў 1863 года.

А ў нас усё наадварот

На жаль, у Беларусі, адбываюцца падзеі, за якія хутчэй сорамна. 20 снежня 2013 года ў філіяле Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага універсітэта прайшла канферэнцыя “Польскае шляхецкае паўстанне 1863 года. Погляд на падзеі праз 150 гадоў. З самога пачатку было вядома, што гэта мерапрыемства будзе насіць не гістарычны, а палітычны характар, бо яго арганізатары даўно заявілі пра сябе, як пра носьбітаў вялікарускіх і імперскіх ідэй у Беларусі.

Хто ж удзельнічаў у гэтай канферэнцыі? Напрыклад, дзяржаўны ідэолаг Вадзім Гігін, які ператварыў часопіс “Беларуская думка у афіцыйны  орган мясцовых заходнерусістаў. Кіраўнік навукова-асветніцкага праекта “Заходняя Русь Ігар Зелянкоўскі, які даўно зарэкамендаваў сябе як вораг усяго беларускага. Выступ гэтага чалавека быў багатым на тэрміны накшталт “беларускія буржуазныя нацыяналісты. А сапраўдным вызваліцелем беларусаў, па меркаванню Зелянкоўскага, з’яўляўся цар Аляксандр ІІ. Яшчэ адным удзельнікам дадзенага мерапрыемства быў калумніст газеты адміністрацыі прэзідэнта “СБ-Беларусь сегодня Усевалад Шымаў.

Урокі мінулага

На самай справе галоўнай мэтай усіх гэтых даследчыкаў з’яўляецца жаданне перапісаць гісторыю Беларусі і вярнуць беларусаў у стан “тутэйшасці, у якім наш народ знаходзіўся ў сярэдзіне ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў. Тады, беларусы былі паслухмяным інструментам ў руках царскай адміністрацыі ў барацьбе супраць “польскага, а часцей “беларускага каталіцкага элемента на тэрыторыі Паўночна-Заходняга краю Расійскай імперыі. У нашага народа адабралі ягоную рэлігію — уніяцтва, а нацыянальную свядомасць паспрабавалі знішчыць русіфікацыяй.

Супраць усяго гэтага паўстаў нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі. У адным з нумароў газеты “Мужыцкая праўда ён пісаў: “Не адзін ужо, можа, забыўся, што бацька яго быў праведнай уніяцкай веры, і ніколі ўжо не ўспомніць аб тым, што звярнулі яго ў схізму, у праваслаўе, што ён сёння, як той сабака, жыве без веры і, як сабака, здохне на радасць чарцям у пекле! Эх, хлопцы: бяда такому чалавеку! А калі мы будзем так рабіць з Богам, так што ж Бог Усявышні з намі зробіць? Пашле ў пекла на вечныя мукі, будуць чэрці душу нашу на кавалкі рваць, а смала ў чэраве кіпець будзе. Пазнаеш тады, што такое ліха, але ў пекле позна ўжо будзе.

Каліноўскі паказваў беларусам прычыну бядотнага становішча, у якім апынуўся наш народ: “нарабіў нам такой бяды, хлопцы, цар маскоўскі. Гэта ён, падкупіўшы многіх папоў, загадаў у схізму запісаць нас, гэта ён плаціў грошы, каб мы толькі пераходзілі ў праваслаўе, і, як той антыхрыст, адабраў у нас нашу справядлівую уніяцкую веру і пагубіў нас перад Богам навекі, а зрабіў гэта для таго , каб нас без канца рабаваць, а Бог справядлівы ня злітаваўся над намі.

Пагрозу з боку уніяцтва для Расіі не мог не ўсведамляць Віленскі генерал-губернатар М. Мураўёў. У адным са сваіх выказванняў ён адзначаў: “Пры сённяшніх палітычных падзеях вяртанне з Уніі да праваслаўя старажытнарускага тутэйшага насельніцтва было адным з галоўных сродкаў, які садзейнічаў паспяховаму падаўленьнню бунту і ўтрыманню за Расіяй вернутых ад Польшчы нашых правінцый.

Для сучасных адэптаў заходнерусізма ідэалам з’яўляецца імперская палітыка царскіх улад, накіраваная на знішчэнне нацыянальнай свядомасці беларусаў. І той, хто сёння ў Беларусі гэтага не ўсведамляе, робіць вялікую памылку.

Сум і радасць

І ў асяроддзі беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі з’яўляюцца правакацыйныя выступы, накіраваныя на рэвізіянісцкае пераасэнсаванне падзей паўстання Кастуся Каліноўскага ў Беларусі. Да такіх можна аднесці нядаўняе інтэрв’ю Віктара Хурсіка, якое з’яўляецца ўсяго толькі няўдалай спробай піяру з боку кнігавыдаўца.

Цяперашняя гадавіна паўстання нагадала мне і яшчэ аб адным сумным эпізодзе з нашай найноўшай нацыянальнай гісторыі. У 2004 годзе з сістэмы ўзнагарод Беларусі быў выключаны “Ордэн Кастуся Каліноўскага. Узнагарода, якая з’явілася на пачатку 1990-х гадоў так нікому і не была ўручана. А шкада, бо гэты ордэн мог стаць вышэйшай ступенню адрознення для беларускіх ваенных і грамадзянскіх асоб. Ён бы мог стаць па праўдзе нацыянальнай узнагародай, сімвалам мужнасці, гераізму і любові да радзімы.

Зрэшты ёсць і падставы для радасці. Напрыклад, нядаўна ў адной з сацыяльных сетак наткнуўся на рэкламу беларускага брэнда маладзёжнага адзення “LSTR, які робіць стаўку на матывы нацыянальнай гісторыі. У 2010 годзе гэтая фірма звярнула ўвагу на ўгодкі Грунвальдскай бітвы 1410 года. А ў гэтым годзе выпусціла рэчы з лагатыпам “1863.

patrijatichnija_rechi_ad_lstr_1(1).jpg

patrijatichnija_rechi_ad_lstr(1).jpg

patrijatichnija_rechi_ad_lstr_2(1).jpg

patrijatichnija_rechi_ad_lstr_3.jpg

Фота прадукцыі суправаджаецца інфармацыяй: «Bітаем, дзецюкі! Чакайце нашы новыя рэчы — прысвечаныя гераічным падзеям нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863 года. Тады, у 1863-м лепшыя людзі нашай Радзімы паўсталі супраць русіфікацыі і імперскага прыгнёту. Паўстанне было задушана, але памяць аб тых хто паўстаў дзеля свабоды і роўнасці жыве і па сённяшні дзень. Як жывыя, на жаль, і ворагі беларушчыны... 150-я ўгодкі знакавых падзей беларускай гісторыі мы адзначаем у 2013 годзе, абвешчаным грамадзкасцю годам Каліноўскага. Сустрэньце ж юбілейны год, у новых, па сапраўднаму цёплых байках ад LSTR!.

Час беларусам, нарэшце, навучыцца паважаць сваю гісторыю і культуру і паважаць сапраўдных, а не выдуманых савецкай і расійскай міфалогіяй, герояў. Ад гэтага залежыць будучыня нашага народа і краіны.