У лепшых традыцыях савецкай гістарыяграфіі

Зборнік дакументаў і матэрыялаў «Польшча — Беларусь (1921–1953 гг.)» разглядае гісторыю ўзаемаадносінаў Беларусі і Польшчы не з беларускіх нацыянальных пазіцый, а з пазіцый савецкай ідэалогіі, да таго ж з элементамі імперскіх штампаў.



16_11.jpg

Тэрыторыя нашай краіны ўваходзіла ў склад розных краін і дзяржаўных аб’яднанняў. Гэта акалічнасць наклала пэўны адбітак як на фармаванне нацыянальнай свядомасці беларускага народа, так і на працэс пабудовы беларускай дзяржаўнасці.

Значны перыяд нашай гісторыі звязаны са знаходжаннем нашых земляў у складзе І Рэчы Паспалітай, якая, нягледзячы на памылковыя меркаванні некаторых расійскіх і польскіх даследчыкаў, не была «Польшчай» у сучасным, этнічным успрыманні гэтага слова. Гэта была шматнацыянальная дзяржава, якая складалася з Вялікага Княства Літоўскага, «каронных тэрыторый» непасрэдна Польшчы, прыбалтыйскіх і «ўкраінных» зямель. Гэты правобраз Еўрапейскага саюза праіснаваў да канца ХVIII стагоддзя і знік з палітычнай карты пасля падзелаў агрэсіўнымі суседзямі.


Другі найважнейшы перыяд узаемаадносінаў Беларусі і Польшчы прыпадае ўжо на ХХ стагоддзе, калі ў складзе польскай (тут мы ўжо з упэўненасцю можам выкарыстоўваць гэта пазначэнне — аўт.) дзяржавы ІІ Рэчы Паспалітай у выніку кровапралітнай вайны з бальшавікамі апынулася значная частка беларускіх змляў, якія ў польскай гістарыяграфіі называюцца тэрмінам «паўночна-заходнія крэсы», а ў савецкай і сучаснай беларускай гістарыяграфіі называюцца «Заходняй Беларуссю».
Менавіта падзеям ХХ стагоддзя прысвечаны зборнік дакументаў і матэрыялаў «Польшча — Беларусь (1921–1953 гг.)», выдадзены пры садзейнічанні Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь (складальнікі А.М. Вабішчэвіч, І.А. Валахановіч, В.В. Даніловіч, А.Р. Дзюкаў, А.А. Каваленя і інш.).


Варта адзначыць, што ў беларускай гістарыяграфіі досыць фрагментарна вывучана гісторыя знаходжання Заходняй Беларусі ў складзе польскай дзяржавы. Галоўнымі аспектамі, якім гісторыкі БССР і сучаснай Рэспублікі Беларусь прысвяцілі свае даследаванні, была дзейнасць Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі на тэрыторыях, якія ўваходзілі ў склад Польшчы, акрамя гэтага, вялікая ўвага ў айчыннай гістарыяграфіі нададзена падзеям, звязаным з так званым «Вызваленчым паходам Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну 17 верасня 1939 года» і антысавецкай дзейнасцю польскіх партызанскіх атрадаў Арміі Краёвай на тэрыторыі заходніх абласцей БССР. Іншыя тэмы і гістарычныя сюжэты даследаваныя толькі часткова.


У сувязі з гэтым публікацыя любога зборніка дакументаў, звязаных з эпохай няпростых адносінаў Беларусі і Польшчы ў ХХ стагоддзі, выклікае вялікую цікавасць як у айчынных, так і ў замежных даследчыкаў. На жаль, зборнік, які ўбачыў свет у 2012 годзе, з’яўляецца чарговай калькай гістарычных прац, апублікаваных у часы «развітога сацыялізму». Штампы, уласцівыя савецкай гістарыяграфіі, прысутнічаюць практычна на кожнай старонцы «Прадмовы» да зборніка.
Пачнем з таго, што ў духу савецкіх выкрывальнікаў інтрыг капіталізму, сучасныя беларускія аўтары пішуць пра тое, што сучаснае «польскае кіраўніцтва праводзіць палітыку актыўнага ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі, ствараючы напружанасць у асяроддзі польскай нацыянальнай меншасці».


Вялікае Княства Літоўскае аўтары выдання ўяўляюць нейкай марыянеткай у руках палякаў, якія «сутыкаюць ілбамі» беларусаў з рускімі. У сваю чаргу, уключэнне беларускіх земляў у склад Расійскай імперыі, на думку складальнікаў зборніка, «спыніла працэс акаталічвання і паланізацыі беларускага насельніцтва». Але на змену паланізацыі прыйшоў не менш небяспечны для нашай нацыянальнай ідэнтычнасці працэс русіфікацыі і выцяснення беларускай нацыянальнай рэлігіі ўніяцтва праваслаўем. Пра гэта ў зборніку ані слова. Такія трактоўкі ўласцівыя сучаснай расійскай гістарыяграфіі праімперскага кшталту, якая ў чарговы раз імкнецца абгрунтаваць права Расіі на «заходнія ўскраіны».


Аналізуючы сітуацыю ў міжваеннай Польшчы, аўтары зборніка робяць вялікі акцэнт на асіміляцыйнай палітыцы ўлад у адносінах да нацыянальных меншасцяў, якія пражывалі на ўсходзе краіны. Не абышлося і без лагера ў Бярозе-Картузскай, які па звычцы параўноўваецца з канцлагерамі ў нацысцкім Трэцім Рэйху.


Аўтары прадмовы адзначаюць, што «ўз’яднанне 17 верасня 1939 года дазволіла адцягнуць пачатак германскай агрэсіі супраць СССР і стала адным з найважнейшых фактараў разгрому Германіі і яе саюзнікаў». Складваецца ўражанне, што чытаеш не кнігу, выдадзеную ў 2012 годзе, а гартаеш адзін з тамоў «Гісторыі Вялікай Айчыннай вайны», выдадзены ў 1973-м. Пра перадваенныя агрэсіўныя планы Сталіна напісана шмат, і няма сэнсу яшчэ раз пра гэта гаварыць. Варта толькі адзначыць, што тады, у верасні 1939 года, СССР стаў саюзнікам Трэцяга Рэйху, і не хапала малога, каб «мядовы месяц» перарос у трывалы сямейны саюз.


Зборнік складаецца з дзвюх частак, першая з якіх прысвечаная падзеям 1921–1939 гадоў і ўключае 65 дакументаў. У другую частку ўвайшоў 81 дакумент, які ахоплівае падзеі 1939–1953 гадоў. У выданні прадстаўленыя дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці, Цэнтральнага архіва КДБ Рэспублікі Беларусь, Архіва УКДБ па Гродзенскай вобласці, а таксама дакументы з дыпламатычнага архіва Францыі і архіва Літвы, прадастаўленыя расійскім фондам «Гістарычная памяць». Акрамя гэтага, у зборніку выкарыстаныя матэрыялы з раней апублікаваных крыніц.


Спяшаюся расчараваць тых, хто чакаў, што ў зборніку «Польшча—Беларусь 1921–1953 гг.» будуць апублікаваныя дакументы, што тычацца палітыкі польскіх уладаў у галіне эканомікі. Тут іх, за выключэннем некаторых скаргаў з нагоды камасацыі (аб’яднання некалькіх дробных сялянскіх надзелаў у адзін, хутарызацыя сялянскіх гаспадарак — аўт.) і «рабаўнічых» падаткаў, няма. Затое вялікую ўвагу аўтары выдання надалі «прыгнечанаму» стану беларускага насельніцтва на «крэсах».

Асабліва здзіўляюць дакументы савецкага боку, дзе бальшавіцкія чыноўнікі наракаюць палякам на дыскрымінацыю праваслаўнай царквы ў Польшчы. Так, у зборніку апублікаваная нота наркама замежных спраў СССР Г. Чычэрына пасланцу Польшчы ў Савецкім Саюзе Л. Дароўскаму аб парушэнні польскім урадам правоў нацыянальных меншасцяў. У дакуменце, у прыватнасці, адзначаецца, што «гвалты, захопы, разбурэнне рэлігійных помнікаў з’яўляюцца звычайнай справай у практыцы польскіх улад» (с. 57). І гэта пішуць тыя, хто руйнаваў цэрквы, касцёлы і тысячамі катаваў святароў.


Асобную групу апублікаваных матэрыялаў складаюць дакументы польскіх афіцыйных структур. Яны маюць пэўны інтарэс для даследчыкаў, бо ілюструюць некаторыя аспекты дзяржаўнай палітыкі Польшчы ў паўночна-ўсходніх ваяводствах. Завяршаюць першую частку зборніка ўспаміны вязняў лагера ў Бярозе-Картузскай. Трагедыя гэтых людзей была выкарыстаная савецкай прапагандай для фармавання негатыўнага вобраза міжваеннай Польшчы ў гістарыяграфіі і грамадскай думцы.
У другой частцы зборніка змешчаныя дакументы, звязаныя з барацьбой савецкіх спецыяльных органаў супраць польскіх падпольных і партызанскіх фарміраванняў на тэрыторыі заходніх абласцей БССР да і пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. Большасць прыведзеных дакументаў аднатыповыя. Гэта альбо зводкі пра так званыя «бандпроявления», альбо справаздачы аб барацьбе з «белопольскими бандами».

16_2.jpg

3(4).jpg

Дарэчы, гэты тэрмін прысутнічае і ў большасці пасляваенных дакументаў НКУСу. Аўтары зборніка імкнуліся зрабіць акцэнт на ўзаемадзеянні падраздзяленняў Арміі Краёвай і іншых польскіх партызанскіх груп з нямецкай акупацыйнай адміністрацыяй, а таксама на фактах барацьбы польскіх падпольных фарміраванняў супраць савецкіх партызанскіх атрадаў.


Такім чынам, дадзены зборнік дакументаў змяшчае інфармацыю, сабраную ў адпаведнасці з прынятымі ў савецкай гістарыяграфіі канонамі і разглядае гісторыю ўзаемаадносінаў Беларусі і Польшчы ў 1921–1953 гадоў не з беларускіх нацыянальных пазіцый, а з пазіцый савецкай ідэалогіі, да таго ж з элементамі імперскіх штампаў, характэрных для сучаснай расійскай гістарыяграфіі.