Сербскія выбары і крамлёўская адзінота
Сербы, якія перажылі навязлівае каханне Расіі, хлусню і падман Крамля, вырашылі зрабіць выбар: на парламенцкіх выбарах перамагла партыя Аляксандра Вучыча, праеўрапейскага палітыка.
Сербская прагрэсіўная
партыя прэм'ера Аляксандра Вучыча перамагла, але ў парламент увойдзе і партыя
Ваіслава Шэшаля, сербскага нацыяналіста, і, магчыма, яшчэ дзве-тры прарасійскія
партыі.
Аляксандр Вучыч стаў
ініцыятарам правядзення пазачарговых выбараў, каб
паспрабаваць наблізіць Сербію да Еўрасаюза і NАТО.
Збольшага гэта атрымалася, але не так бліскуча, як спадзяваліся. Наўрад ці
варта радавацца палавіністай перамозе Вучыча.
У панядзелак Федэрыка Магерыні,
вярхоўны прадстаўнік Еўрапейскага саюза па замежных справах і палітыцы бяспекі,
а таксама сябар Еўракамісіі па перамовах аб пашырэнні Еўрасаюза Ёханэс Хан
выказалі задавальненне. «Грамадзяне Сербіі паказалі моцную падтрымку
стратэгічнай мэты сваёй краіны далучыцца да ЕС. Яны ўсклалі на пераможцаў —
Сербскую прагрэсіўную партыю і яе лідара, прэм'ер-міністра Аляксандра Вучыча — вялікую
адказнасць. Мы з нецярпеннем чакаем своечасовага фарміравання парламента",
— было напісана ў камюніке высокапастаўленых прадстаўнікоў ЕС.
Каментар Дэпартамента
інфармацыі і друку МЗС Расіі быў вельмі лаканічным: «разлічваем на пераемнасць
у яго працы на аснове раней дасягнутых пазітыўных вынікаў па ўсіх пытаннях
расійска-сербскіх адносін». Менавіта гэта і насцярожвае актывістаў «рускага
свету», якія марыць калі не пра сусветнае панаванне, дык, як мінімум, разлічваюць
на працяг балканскай гульні, у якой Крэмль заўсёды надаваў асаблівае месца
Сербіі і Балгарыі. Апошняя нарэшце рашуча адышла ад Масквы, цяпер чарга за
Сербіяй.
Услед за Грузіяй,
Малдовай, Украінай і Балгарыяй, пасля не зусім інтэграцыйных заяў Мінска і
Астаны, Крэмль губляе сваё апошняе апірышча. Сербія сябравала з Расіяй на
працягу многіх гадоў, з таго часу, як Слабадан Мілошавіч у 1991 годзе стаў яе першым
прэзідэнтам і практычна адразу развязаў дзве вайны з саюзнымі рэспублікамі — са
Славеніяй і Харватыяй.
Мілошавіч і Пуцін вельмі
падобныя адзін да аднаго, хоць розніца ва ўзросце давала сербскаму нацыяналісту
перавагу. Абодва — камуністы, абодва будавалі новую ідэалогію, у аднаго «рускі
свет», у другога — «сербскі». Як і Пуцін, Мілошавіч спрабаваў утрымаць
югаслаўскую імперыю, якая пачала распаўзацца. Пуцін палічыў, што яму даруюць і
Чачню, і Грузію, і Дагестан, і Украіну. Мілошавіч здагадваўся, што яму не
даруюць, таму ваяваў адчайна, падтрымліваючы сербскі нацыяналізм, які да
сярэдзіны 1990-х гадоў стаў адкрытым нацызмам.
Сербы ваявалі супраць усіх
— славенцаў, харватаў, баснійцаў, касавараў-албанцаў, македонцаў. Толькі
чарнагорцаў мінула крывавая вайна, і, хутчэй за ўсё, таму, што Мілошавіч сам
родам з Чарнагорыі. Дзякуючы расійскай прапагандзе, асабліва з пачатку
праўлення Пуціна, расіяне да гэтага часу не ведаюць пра маштабныя злачынствы, у
якіх абвінавачваюць сербскіх палітыкаў і вайскоўцаў. Гісторыя Югаславіі была ў
чымсьці падобная да расійскай: з 1918 года гэта было Каралеўства Сербаў,
Харватаў і Славенцаў, з 1929-га да пачатку Другой сусветнай вайны — арыентаванае
на Захад Каралеўства Югаславія. Пасля вайны ўладу захапілі камуністы на чале з
маршалам Ціта, які кіраваў краінай да 1980 года.
Любоў да сербаў — хутчэй
сучаснае расійскае вынаходства. Менавіта з пачатку войнаў Мілошавіча ў Югаславію,
што стала развальвацца, пачалі накіроўвацца шматлікія расійскія добраахвотнікі.
Яны ваявалі выключна на баку сербаў. Тады і з'явілася новая ідэалагічная аснова
— «праваслаўнае брацтва». Не з харватамі-каталікамі ж сябраваць, а тым больш не
з баснякамі-мусульманамі або мусульманамі-албанцамі! Хутчэй за ўсё, пра «рускі
свет» тады мала казалі, але цяперашнія расійскія ідэолагі прайшлі ўсе
югаслаўскія войны — і Лімонаў, і Дугін, і Стралкоў-Гіркін, і тысячы іншых.
На самай справе, на лаве падсудных
«Міжнароднага трыбуналу для судовага пераследу асоб, адказных за сур'ёзныя
парушэнні міжнароднага гуманітарнага права, учыненых на тэрыторыі былой
Югаславіі з 1991 года» ў Гаазе, павінны сядзець і расіяне. Беспакаранасць
спарадзіла наступныя злачынствы: да прыкладу, Дугін быў ініцыятарам падрыхтоўкі
добраахвотнікаў для вайны ў Грузіі ў жніўні 2008 года. Многія з расійскіх
ветэранаў югаслаўскіх войнаў маюць дачыненне да стварэння «рускага свету» на
ўсходзе Украіны.
Нельга сказаць, што расійскія
тэлеканалы да 2000 года нічога не распавядалі пра падзеі ў былой Югаславіі. У
наваколлі горада Хрвацка Костайніца 1 верасня 1991 года загінулі два журналісты
— Віктар Ногін і Генадзь Курэнны. Тады яшчэ быў Савецкі Саюз, і журналісты
адкрылі зараз ужо велізарны спіс загінулых рэпарцёраў. Сімпатыі расійскіх
палітыкаў таго часу падзяліліся, але са з'яўленнем у Крамлі Пуціна тэлебачанне
казала выключна пра няшчасных сербаў, «нашых аднаверных братоў», якім не дае
жыць Захад, а NАТО — забівае.
Менавіта пра гэта мы яшчэ
тады ў 2000-м мелі намер напісаць кнігу — пра новую інфармацыйную вайну, у якой
«гінулі» выключна расіяне, што нічога не ведалі пра зверствы, этнічныя чысткі і
масавыя забойствы, і таму меркавалі пра сітуацыю выключна паводле прапаганды.
Рускія нацыяналісты загартоўваліся ў Югаславіі, там жа атрымлівалі ваенны
досвед, адтуль вярталіся ідэолагамі новага «рускага свету». Мала хто ўсведамляў
падабенства прычын развалу Югаславіі і СССР, асабліва падабенства нацыянальнай
палітыкі ў шматнацыянальнай дзяржаве. Югаславія стала прыкладам таго, як
камуністы пагарджалі правамі і свабодамі іншых народаў, калі на чале краіны стаяў
серб.
У адносінах сербаў і
прадстаўнікоў «рускага свету» існуе толькі палітычная мэтазгоднасць, але калі
палітыкі спрабуюць растлумачыць, што яшчэ можа аб'ядноўваць два народы, дык
пачынаюць блытацца ў паказаннях. Зусім іншыя традыцыі, зусім іншая кухня, зусім
іншая музычная культура, нязначнае падабенства мовы і зусім іншая ментальнасць,
сфарміраваная на балканскіх традыцыях, — нішто не падобнае ні да разанскіх, ні
да наўгародскіх. Сербы — паўднёвыя славяне, за шмат стагоддзяў яны зазналі асіміляцыю
з суседнімі народамі і моцны ўплыў буйнейшых нацый, напрыклад, турак.
Непрыемнасці ў Крамля
пачаліся ў 2006 годзе, калі Чарнагорыя правяла рэферэндум і выйшла з
Дзяржаўнага Саюза Сербіі і Чарнагорыі. 29 ліпеня 2008 года Сербія і ЕС
падпісалі Пагадненне аб стабілізацыі і асацыяцыі, праз год, 22 верасня 2009
года, Сербія падала заяўку на ўступленне ў ЕС. 1 сакавіка 2012 года Сербія
атрымала афіцыйны статус краіны-кандыдата на ўступленне. Да таго часу Славенія
ўжо была з 2004 года сябрам ЕС, Харватыя ўступіла ў 2013 годзе. Асацыяванымі сябрамі
з'яўляюцца Боснія і Герцагавіна (з 2008 года), Косава (2015), Македонія (2001),
Чарнагорыя (2010) і Сербія (2011). Славенія таксама з'яўляецца сябрам NАТО з 2004 года, на пяць гадоў пазней сябрам NАТО стала Харватыя, астатнія краіны ці з'яўляюцца
ўдзельнікамі Плана дзеянняў па сяброўству, ці ўдзельнікамі індывідуальнага
партнёрства, як Сербія.
Зараз у Аляксандра Вучыча
ёсць усе шанцы падвесці Сербію да сяброўства і ў ЕС, і ў NАТО нашмат хутчэй, чым планавалася. Традыцыйна, у тым
ліку і Вучыч, можа казаць пра асаблівыя адносіны з Масквой, але гэта хутчэй даніна
дзіўным традыцыям апошніх двух-трох дзесяцігоддзяў, чым «шматвяковае
сяброўства». Суседзі Расіі, блізкія і далёкія, былыя партнёры і паплечнікі ў
барацьбе за камунізм, ужо разумеюць перавагу развіцця і прагрэсу, у параўнанні
з тайговым нацыяналізмам і бесперспектыўнасцю адносін з Расіяй. Крэмль
застаецца ў адзіноце, кінуты ўсімі былымі «сябрамі». Дзіўна, як велізарная
краіна з фантастычным капіталам давяла сябе да стану адзіноты.