Віктар Шэндэровіч: Расія — гэта Германія пачатку 1930-х гадоў

За апошні год рэйтынг Пуціна ў Расеі хоць і знізіўся на 10%, але дагэтуль застаецца высокім — каля 73%. Пра гэта сведчаць дадзеныя апытанняў «Левада-цэнтру». 

viktor_szenderovicz_1024x683.jpg


Пра тое, ці можна давяраць гэтым звесткам, і ці магчымыя змены ў Расіі пры такой высокай падтрымцы Крамля, у інтэрв’ю для "Радыё Рацыя" распавёў Віктар Шэндэровіч — расійскі пісьменнік-сатырык, аўтар культавай перадачы «Лялькі» на тэлеканале НТВ, якая была закрытая ўладамі.
— Спадар Віктар, Амаль 20 гадоў мінула з таго часу, як Аляксандр Лукашэнка канчаткова ўсталяваў сваю дыктатуру. Вы тады яшчэ працавалі на НТВ. Думалі, што такое будзе магчыма ў Расіі?
— Вы ведаеце, небяспека была, мы ўвесь час адлічвалі сябе ад Беларусі, і доўгі час адлічвалі на плюсавую карысць для Расіі. Мы бачылі небяспеку вяртання менавіта ў савок. Таму што, тое што сёння ў Расіі — гэта не савок, але мы баяліся саўка, і вяртанне да савецкіх стандартаў для нас сімвалізаваў Лукашэнка. І выбары 1996 года, і тое, што было пазней, стары Ельцын, ідэя аб’яднання дзяржаваў, якую прасоўвалі менавіта камуністы, было відавочна, што гаворка ідзе пра Лукашэнку. Лукашэнка вельмі разлічваў на гэтую гісторыю. Мы баяліся вяртання ў савок, але тое што адбылося з Расіяй, гэта не савок, гэта, на жаль, значна больш відавочныя аналагі — гэта Нямеччына пачатку 1930-х гадоў.
— Настолькі ўсё дрэнна?
— Справа не ў тым, што настолькі дрэнна, справа ў тым, што гэта іншае. Лукашэнка ідзе назад у сэнсе гісторыі, ён вярнуў, замарозіў, затынкаваў Беларусь у застойным рэпрэсіўным саўку, а Пуцін накіраваўся ў бок імперскага мышлення, у бок імперскай будучыні, і гэта, у пэўным сэнсе, больш небяспечна.
— Цяпер, калі мы глядзім на рэйтынгі падтрымкі Пуціна, нядаўна была навіна, што падтрымка ўпала на 10%. Але ўсё роўна гэты адсотак застаецца вельмі высокім, напэўна, мала ў якіх краінах такое ёсць. Як гэта магчыма? Цяпер жа эпоха інтэрнэту, і нават калі няма свабоднага тэлебачання, кожны ж можа здабыць інфармацыю?
— Да магчымасцяў чалавека дадаецца патрэба. Чалавек на 90 з лішкам адсоткаў усё ж такі мае жывёльныя патрэбы, і гэта абсалютна нармальна. Кожны чалавек мае патрэбы здабыць сабе піццё, начлег, сексуальныя рэфлексы. Ёсць патрэбы, якія ёсць самі па сабе, рэфлексы. Здабыццё інфармацыі не з’яўляецца рэфлексам. Гэта як мыццё рук, чытанне кнігі і шмат чаго іншага. Для таго, каб з’явілася патрэба, яе трэба выпрацаваць. У дзіцяці выпрацоўваюць гэтую патрэбу. Таму інтэрнэт — ніякая не замена свабодным СМІ. Сродкі масавай інфармацыі, акурат масавай, выхоўваюць гэтую патрэбу, гэта доўгі працэс, які Еўропа праходзіла некалькі стагоддзяў. Расія ідзе ў адваротным накірунку. Таму існуе дзве Расіі — тая, якая атрымлівае інфармацыю з тэлевізара, бо для гэтага не трэба ніякіх намаганняў, гэта табе ўкладаюць у галаву, уліваюць, і тая, якая здабывае інфармацыю. Гэта дзве Расіі, з дзвюма рознымі ўявамі пра будучыню.
— Наколькі вы верыце гэтым лічбам падтрымкі, наколькі можна давяраць лічбам сацапытанняў у аўтарытарным рэжыме?
— Трэба дамовіцца пра значэнне словаў. Вядома, рэйтынгаў у еўрапейскім сэнсе ў аўтарытарнай краіне не існуе. У задачу сумленнага сацыёлага ўваходзіць не толькі фіксаванне адказу, але і расшыфроўка сітуацыі. Зразумела,  у аўтарытарнай і тым больш таталітарнай дзяржаве высокі рэйтынг галавы дзяржавы — гэта рэйтынг страху, звычкі, адчаю, абыякавасці, рэйтынг слепаты. Гэта зусім  не тое, што высокі рэйтынг у дэмакратычнай дзяржаве.
—  Так ці інакш, большасць расян падтрымлівае Пуціна. Вы лічаце, што пры такіх высокіх лічбах магчымы змены ў Расіі?
— Змены не проста магчымы, яны незваротныя, бо ўсё змяняецца. Пытанне ў тым, як і калі. Галоўным чынам, як. Таму што «калі», гэта ўжо другое пытанне. Пытанне, як. Там, дзе ёсць зваротная сувязь, дзе ёсць выбары, усё мяняецца з дапамогай гэтай зваротнай сувязі. Там, дзе няма зваротнай сувязі, як мы ведаем, мы бачым, на нашых вачах у апошнія некалькі гадоў памянялася некалькі аўтарытарных рэжымаў.

Гэта заўсёды абвал, у дыяпазоне ад Чаўшэску і Мілошавіча да Кадафі і Мубарака. Дыяпазон абвалу таталітарнага рэжыму. Ніводнага эвалюцыйнага выйсця з сітуацыі мы не бачым.


Апазіцыя за доўгія гады аўтарытарызму разбэшчана і дэградавала гэтаксама як і ўлада, паўсюль. Першая апазіцыя Кадафі былі выпускнікамі Сарбоны. І я думаю, што Кадафі пашкадаваў пра тое, што ён іх знішчыў, калі з ім здарылася тое, што здарылася.
— То бок, калі ўлада адсякае эвалюцыйны шлях, то будзе толькі жорсткі канец?
— Вядома. І гэта ў любым выпадку не эвалюцыйны, у рознай ступені. У дыяпазоне ад хваляванняў, рэвалюцыі да палацавых пераваротаў. Аніводзін з гэтых варыянтаў не з’яўляецца еўрапейскім і легітымным.
— Калі ў Савецкім Саюзе пачаліся дэмакратычныя змены, імперыя пачала распадацца па нацыянальных швах. На вашу думку, калі ў Расіі ўсё ж такі прыйдуць дэмакратычныя перамены, гэта прывядзе да распаду Расійскай Федэрацыі?  
— Такая небяспека, безумоўна, ёсць. Усе ўсміхаюцца, што гэтага не можа быць, але ніхто б і не паверыў, за паўгода, што Савецкі Саюз распадзецца. Справа ў тым, што Пуцін з крыкамі пра патрыятызм і імперыю вядзе Расію да распаду. Адзіны шанец сучаснай дзяржавы на паспяховае існаванне — гэта федэралізм. Савецкі Саюз распаўся, і ён не мог не распасціся, ён трымаўся толькі на гвалце, безумоўна. Не могуць Літва і Туркменістан знаходзіцца ў складзе аднае дзяржавы, гэта ненатуральны звяз.


Мяркую, што адзіны шанец Расіі — гэта сапраўдны федэралізм.


 Не можа Масква жыць з прэзідэнтам, якога абірае Рэспубліка Марый Эл, не можа Інгушэтыя і Санкт-Пецярбург жыць паводле адных законаў і правілаў. Унутры сённяшняй Расіі вельмі шмат цывілізацыяў, вельмі шмат укладаў. На маю думку, адзіны шанец — падкрэсліць гэтую шматукладнасць федэралізмам.
Пуцін з яго вертыкаллю і абмежаваннем мясцовага самакіравання наўпрост вядзе да таго ці іншага выбуху.  
 Гутарыў Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя