Смаленская вайна: «сляпая пляма» нашай гісторыі

У чэрвені 1634-га кароль польскі і вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV Ваза перастаў быць рускім царом, якім, у прынцыпе, ніколі і не быў. Разгромлены пад Смаленскам ваявода Шэін, герой аблогі таго ж Смаленска за два дзесяцігоддзі да гэтага, быў пакараны смерцю. А прасоўванне Рускага царства на захад было адкладзенае на тры дзесяцігоддзі. Смаленская вайна скончылася, але ў гістарычнай памяці практычна не засталася — асацыяцый з ёй у большасці не ўзнікае ніякіх. А ў шматтомнай «Гісторыі Беларусі» апошніх гадоў выдання яна не згаданая наогул. Што ж гэта была за вайна, чаму пачалася і чым скончылася?

vajna_7.jpg

Пачалося ўсё, як звычайна, не за тры дні. Супрацьстаянне Маскоўскага княства, а потым царства, і Вялікага Княства Літоўскага, а потым Рэчы Паспалітай, налічвала сотні гадоў і пачыналася як мінімум з XIV стагоддзя. Папярэдняе супрацьстаянне скончылася на карысць Рэчы Паспалітай — паводле Дэвулінскага перамір’я, яна адабрала ў саслабелай Расіі Смаленск і яшчэ шмат усяго смачнага, а каралевіч Уладзіслаў ледзь не стаў рускім царом. Пры гэтым захаваўшы за сабой фармальны тытул і права на трон у Маскве.
Пры гэтым усіх поспехаў на ўсходзе Рэч Паспалітая дамаглася, пастаянна ведучы вайну яшчэ як мінімум на адзін фронт. Канфлікт са шведамі ў Інфлянтах, які пачаўся ў апошні год XVІ стагоддзя, расцягнуўся на доўгія, доўгія 29 гадоў. Бліскучыя перамогі пад Какенгаўзенам і Кірхгольмам змяняліся паражэннямі, зноў перамогамі, але да 1629 года большая частка Лівоніі была страчаная. «Паўночны леў», кароль Швецыі Густаў-Адольф II, заключыў з Жыгімонтам Вазам Альтмаркскае перамір’е, каб вызваліць рукі для ўдзелу ў Трыццацігадовай вайне. Але сваіх прэтэнзій да ВКЛ і Польшчы не пакінуў, толькі адклаў на потым.
Расія ж за 14 апошніх гадоў ні ў якія буйныя войны не ўвязвалася, назапашвала сілу і рэарганізоўвала войска. І вельмі хацела вярнуць страчанае пасля Дэвулінскага перамір’я, у першую чаргу — Смаленск. Хаўруснікам у будучым канфлікце рабіўся зноў жа шведскі кароль: Швецыя пачала забяспечваць Расію тэхналогіямі, Расія Швецыю — хлебам.
Рыхтуючыся да вайны, Расія разгарнула па-сапраўднаму масавае войска. Агульная колькасць вояў даходзіла амаль да 100 000 чалавек — для тых часоў лічба амаль няўяўная. За мяжой былі нанятыя ваенныя спецыялісты, якія пачалі стварэнне і навучанне палкоў «новага ладу». Да пачатку ваенных дзеянняў іх было створана шэсць, потым яшчэ чатыры. Набіралі і наймітаў з немцаў, але тым ехаць у Расію было зусім няма дзеля чаго — Трыццацігадовая вайна ў Еўропе стварала на навучаных ваенных велізарны попыт, і прасцей было наняцца ў тое ці іншае войска без неабходнасці ехаць на ўсход.
І тут сам лёс падкінуў Расіі козыр. У 1632 годзе раптоўна памёр кароль Рэчы Паспалітай Жыгімонт III. Наступнага караля, як звычайна, трэба было абіраць, пачалося бескаралеўе. Таму ў Маскве вырашылі, што дзейнічаць трэба хутка. Дэвулінскае перамір’е заканчвалася толькі праз год, але цар Міхаіл Раманаў, мабыць, падумаў, што «калі нельга, але вельмі хочацца, то можна». Тэрмінова сабраўся Земскі сабор, аператыўна ўхваліў рашэнне аб пачатку вайны з Рэччу Паспалітай, і пачалося. Нават набег крымскіх татараў, першы за многія гады, які абрынуўся на паўднёвыя ўскраіны дзяржавы, не пахіснуў рашучасці цара ваяваць, хоць і затрымаў выхад войскаў на тры месяцы.
3 жніўня 1632 года перадавыя атрады рускай арміі нарэшце выступілі ў паход. На чале ішоў ваявода Міхаіл Шэін, які 20 гадоў таму камандаваў двухгадовай абаронай Смаленска: тутэйшыя месцы ён ведаў выдатна i быў настроены на рэванш любой цаной. У верасні войскі нарэшце сабраліся пад Мажайскам і пайшлі на захад.
Нягледзячы на ​​статысячнае войска Масквы, вялікая частка яго была раскіданая па гарнізонах, і пад Смаленск выйшла «ўсяго» 32 тысячы чалавек пры 151 гармаце. Зрэшты, на той момант войскамі такой колькасці вырашаліся лёсы Еўропы, так што недаацэньваць пагрозу было нельга. Асабліва калі ўлічыць, што ў гарнізоне Смаленска было ў некалькі разоў менш народу — усяго дзве (па іншай версіі, чатыры) тысячы чалавек.
5 снежня 1632 года рускія прыйшлі пад Смаленск. Самая цяжкая артылерыя павольна цягнулася ззаду і прыбывала да крэпасці некалькі месяцаў, да сакавіка 1633 года. Да гэтага на штурм Шэін накіроўваць войскі не спяшаўся і займаўся асаднай руцінай.
Абарону Смаленска ўзначальвалі свядомыя воіны Самуіл Сакалінскі і Якуб Ваяводскі. Прадуктаў харчавання ў горадзе хапала, а вось у боепрыпасах недахоп адчуваўся ўвесь час аблогі. Зрэшты, здавацца не збіраліся. Да пачатку аблогі Рэч Паспалітая ўсё ж здолела абраць новага караля (ім стаў сын Жыгімонта Уладзіслаў IV Ваза), і надзея на хуткую дапамогу ад манарха ў абаронцаў была.
Адзінай спробай рускіх узяць Смаленск на першым этапе аблогі быў раптоўны штурм горада ў ноч на Каляды. Атрымалася не вельмі, абаронцы аказаліся да нападу гатовымі і адбілі яго агнём.
Калі артылерыю нарэшце падвезлі, стала гарачэй. Частка ўмацаванняў горада была разбураная агнём. Але абаронцы свой хлеб елі нездарма: за сценамі былі аператыўна насыпаныя новыя земляныя ўмацаванні, на іх устаноўленыя гарматы, якія і расстралялі ва ўпор два штурмы — 26 траўня і 10 чэрвеня. Безвыніковая аблога прывяла да дэмаралізацыі арміі Шэіна: яна пасіўна сядзела пад сценамі і больш не рабіла спроб авалодаць горадам.
Моцна псавалі нервы рускай арміі і атрады ВКЛ пад кіраўніцтвам Крыштафа Радзівіла і Аляксандра Гансеўскага. Было іх усяго 6 тысяч, і прамога бою з рускімі яны, зразумела, не вытрымалі б. Але прамы бой ім не надта быў і патрэбны. Яны проста знаходзіліся дзесьці паблізу, пастаянна трывожылі армію Шэіна набегамі, вялі «малую вайну». А часам нахабна прарываліся проста ў асаджаную крэпасць. Так адна групоўка ў 600 чалавек не толькі трапіла ў Смаленск, але і прывезла абаронцам плойму так патрэбных іх боепрыпасаў. Шэін ніякага эфектыўнага процідзеяння не зладзіў, пасіўна чакаючы невядома чаго.
Адначасова зімой 1632–1633 гадоў невялікія атрады воінаў Рэчы Паспалітай пачалі пранікаць на тэрыторыю Рускага царства ў іншых месцах — пад Пуціўль і Себеж. 27 лютага ўжо буйнейшы атрад ВКЛ палкоўніка Пясачынскага — 5 000 чалавек — паспрабаваў нават захапіць Пуціўль. Былі спробы заняць Старадуб, атакі на Ноўгарад-Северскі. У чэрвені 1633 года на рускай тэрыторыі апынуліся запарожцы, якія аблажылі Белгарад.
На паўночна-заходнім напрамку рускія былі больш актыўныя — ім удалося нават спаліць пасады і астрог Полацка, ацалеў толькі ўнутраны замак. Рэйды ішлі за рэйдамі, цярпелі землі пад Віцебскам, Усвятамі, Веліжам.
У канцы лета 1633 года зноў падзьмуў «паўднёвы вецер» — татары з Крыма прарваліся праз стратэгічна важную мяжу на рацэ Ака і спустошылі практычна ўсе паўднёвыя раёны Рускага царства. Смаленская вайна, няўдала пачаўшыся, працягвалася для рускіх яшчэ горш.
9 мая 1633 года ў паход нарэшце рушылі асноўныя сілы Уладзіслава IV. Іх было не вельмі шмат, каля 15 тысяч. Але па якасці гэтыя войскі былі цалкам на ўзроўні, а армія Шэіна ўжо грунтоўна парадзела, акрамя таго, ваявала на чужой зямлі.
У жніўні 1633 года армія Уладзіслава падышла да Смаленска. 28 жніўня пачаўся штурм рускіх умацаванняў. На кірунку галоўнага ўдару атрымалася стварыць шасціразовую перавагу — 8000 пяхоты і конніцы супраць за 1300 салдат. Аднак умацаванні рускіх на Пакроўскай гары выстаялі. 11 і 12 верасня рушылі ўслед новыя штурмы, і 13 верасня салдаты пакінулі гару. 18 верасня штурмы абрынуліся на паўднёва-заходнія пазіцыі рускага войска, якія яно пакінула на наступны дзень. 20 верасня тое самае адбылося на паўднёвым усходзе. Рускія не ўтрымаліся нідзе, аблога Смаленска была знятая.
Аднак нічога яшчэ не скончылася. Армія Шэіна была пакуль моцная і магла нанесці адчувальныя ўдары. Або адступіць і напасці зноў — але тады ёй трэба было пакінуць усю артылерыю воінам Рэчы Паспалітай. На такія непрадуктыўныя расходы матчасткі ваявода не адважыўся, і армія засталася будаваць новыя палявыя ўмацаванні. Ці варта казаць, што час працаваў на войска Уладзіслава? У пачатку кастрычніка на дапамогу падышоў буйны кантынгент казакоў (да 20 тысяч) пад камандай Цімафея Арандарэнкі, пасля чаго злучаная армія захапіла сяло Жаваранкі, адрэзаўшы армію Шэіна ад радзімы. Пачалася нібы другая аблога — толькі аблажылі ўжо не крэпасць, а войска Шэіна, акружанае з усіх бакоў.
Рускія, пакутуючы ад голаду і хвароб, так-сяк пратрымаліся чатыры месяцы. У сярэдзіне лютага 1634 года ваявода-няўдаха нарэшце пагадзіўся весці перамовы аб пачэснай капітуляцыі. У выніку армія захавала асабістую зброю, 12 палявых гармат і сцягі, але страціла асноўную артылерыю і лагер. Пасля чаго атрымала права пайсці да маскоўскай мяжы. Усяго сышло не больш за 8 тысяч чалавек, плюс дзве тысячы параненых засталіся ў лагеры далечвацца. Астатнія загінулі, дэзерціравалі або перайшлі служыць суперніку.
Смаленская ганьба зрабіла далейшы працяг вайны для рускага цара бесперспектыўным. Тэрмінова пачалося фармаванне рэзервовай арміі, мабыць, на выпадак уварвання, якога не было. Затое пачаліся новыя ўдары войскаў Рэчы Паспалітай на іншых кірунках. Уладзіслаў жа паспрабаваў рушыць наперад на захад, але, як і Шэін пад Смаленскам, спыніўся пад крэпасцю Белая, якую не ўзяў. Вырашыўшы, што далейшая вайна абяцае мала добрага, кароль і вялікі князь пагадзіўся на мірныя перамовы з рускім царом.
Да чэрвеня 1634 года ўсе асноўныя пытанні былі ўзгодненыя, і на рацэ Палянаўка, паміж Дарагабужам і Вязьмай, быў падпісаны Палянаўскі мір. У цэлым ён пацвярджаў мяжы паміж Рускім царствам і Рэччу Паспалітай, вызначаныя Дэвулінскім перамір’ем, да Расіі адышоў толькі Сярпейск. Рускія таксама заплацілі выкуп у 20 000 рублёў за тое, каб Уладзіслаў адмовіўся ад фармальнага тытула рускага цара.
Міхаіл Шэін да міру не дажыў — уся віна за правалены паход легла на яго, баярына судзілі і 28 красавіка 1634 года пакаралі смерцю. Прычым сучасныя гісторыкі кажуць, што пакаралі смерцю не ў выніку інтрыг і таго, што Шэіна зрабілі «крайнім», а па катэгарычным патрабаванні войска, якое бачыла, як выдатна ён кіраваў аблогай. І пагражала, калі ваяводу пакінуць у жывых, падняць бунт у самой Маскве.
Гэта была апошняя вайна Рэчы Паспалітай і Рускага царства, якая скончылася перамогай Рэспублікі абодвух народаў.
Паводле budzma.by