Стан мовы ў некалькіх парадоксах
Лягчэй іншапланетніку патлумачыць, чым жанчыны адрозніваюцца ад мужчын, чым замежніку расказаць пра існы стан беларускай мовы.
Прышлыя дыпламаты і замежныя турысты, схільныя для зразумелых абагульненняў, хочуць пачуць нешта простае. Кшталту: усё было дрэнна, але робіцца лепей. Ці: усё было прымальна, але робіцца горай. «Усё як у Ірландыі». Ці «ўсё як у краіне баскаў». І вось ты пачынаеш падбіраць паралелі і прыкладна на трэцім сказе канчаткова губляешся. Адчуваеш, што ёсць рэчы, якія дужа пагана вытлумачаць па-англійску, па-французску ці, тым больш, па-руску. Рэчы настолькі тонкія, што шмат якія тутэйшыя рэагуюць на іх так, нібыта самі яны іншапланетнікі, якія ўпершыню пабачылі аголеных хлопчыка і дзяўчынку.
- На мове ў грамадскіх месцах размаўляць непажадана. Хаця ёсць прыемныя выключэнні, як тое, што здарылася ў краме «на раёне», калі я выпадкова сустрэў там Сяргея Календу і пачаў трашчаць з калегам-пісьменнікам, і жанчына ў чарзе экстатычна праспявала, як жа ёй прыемна чуць родную гаворку. Але нават гэтыя выключэнні — яны, ведаеце, хутчэй палохаюць, бо па сутнасці сваёй перверсіўныя. Мы размаўляем на роднай мове, з чым нас віншаваць? Чаго хваліць? За што? Але беларускамоўны зразумее!
- Адкуль бярэцца гэтая «непажаданасць», высветліць цяжка. Таму што тут ёсць ды-на-мі-ка. Дваццаць гадоў таму «непажаданасць» вынікала з таго, што ўлада вельмі баялася Пазняка, цяпер — з таго, што народ утароплены ў расійскія тэлеканалы. І тады, і цяпер ты для насельнікаў панэлек — «нацыяналіст», чужы і незразумелы.
- Пры гэтым тыя самыя масы — не нейкія там фашысцкія захопнікі, не імперскія акупанты, як было 200 гадоў таму. Гэта звычайныя мясцовыя людзі. Але яны бачаць твой маркер прыналежнасці да іх уяўнай супольнасці, да беларусаў, скандальнай прыкметай адрознасці ад іх. Не-беларускасці!
- Так, шаноўны заходні турыст, дзесяць гадоў таму было горай. Бо за мову затрымлівалі. Ці, прынамсі, перапісвалі пашпартныя дадзеныя. Цяпер такога няма. Але не таму, што міліцыя зрабілася больш беларускамоўнай, а таму, што ёй патлумачылі, што цяпер на мове размаўляюць хіпстары, а не пазнякоўцы.
- Пры гэтым позірк, якім цябе будуць свідраваць міліцыянты ў метро, пачуўшы тваё балаканне з сябрам, — відавочна варожы. Так, каманда «фас!» адмененая, але яны, як і большасць, глядзяць расійскія тэлеканалы. А таму ты для іх — вораг. Не па службе, а па каштоўнасцях. Бандэравец, нах. Такога і па падлозе нагамі пакатаць не загана.
- Пры гэтым вельмі паступова сваё адрозненне ад народа пачынае адчуваць нават улада. Бо, дзякуючы ўласнай разгубленай памяркоўнасці ў пытаннях ідэнтычнасці, мільёны, якімі яна кіруе, робяцца ўсё больш #крымнашымі. І калі паскубці, шмат якія беларускія міністры, тэлевядоўцы, ідэолагі ёсць адданымі прыхільнікамі суседняга палітычнага лідара. Суседняга, а не тутэйшага. Так, пакуль яны выконваюць загады, але, ведаеце, калі ў чалавека ў сэрцы спявае Газманаў, ніякай Купалінкай тое не раздушыць. А таму страшненька павінна быць не нам, а ім.
- І так, паважаны турысце, цяпер яны спрабуюць падштурхоўваць беларускасць. Спрабуюць не замінаць хвалям цікавасці да мовы. Спрабуюць нават дапамагаць ім, але спакваля, пакрысе, каб не дай жа Бог не атрымаць па галаве ад тых, каму краіна вінная, як калгас райвыканкаму. І вось тут — самы прыкол! У Беларусі амаль не засталося ўніверсітэцкіх выкладчыкаў, здольных весці прадметы па-беларуску. Усіх таленавітых рэдактараў, мовазнаўцаў, даследчыкаў гісторыі старанна выціснулі за мяжу. Іх чысцілі на хвалях барацьбы з пазнякоўшчынай, замяніўшы славянафільскай шклаватай, якую цяпер і спрабуюць «мякенька» арыентаваць у бок беларускасці. Самім не смешна?
- Адсюль гэтая дзіўная сітуацыя, калі англійскую мову ў Мінску вывучыць значна прасцей за родную. Таму што аб’явамі курсаў англійскай заклеенае ўсё метро, на англійскай можна набыць кніжкі — прычым усю сусветную класіку, можна напампаваць кіно. Беларускамоўныя пераклады — адзінкавыя. Дзякуй Богу, Біблію пераклалі! А як быць з тэкстамі, на якіх варта ўбудоўваць мову ў светагляд? Як быць прыкладна з трыма тысячамі кніжных найменняў, без якіх адукаваным чалавекам не станеш? Іх беларус можа чытаць ці то па-расійску, ці то па-англійску…
- І — так. Статус мовы на побытавым узроўні вельмі мяняецца вось проста цяпер. Калі канае і адыходзіць генерацыя людзей, якія ў вёсках і мястэчках боталі на трасянцы. Як жа было прыемна маладзёну ў 1980-х прыехаць у родную вёску, дзе родныя «мувяць» на фіг ведае якіх дыялектаваных гаворках, і звярнуцца да іх на чысцюткай рускай! Дэманструючы ўласную «гарадскосць»! Дык вось, дзякуючы выміранню вёскі трасянка знікае, а ролю «высакароднай мовы», «мовы інтэлігенцыі», кшталту лаціны ў ВКЛ, пачынае адыгрываць беларуская. Па-першае, ведаюць яе адзінкі. Па-другое, тыя, хто ведае яе, зазвычай ведаюць яшчэ адну-дзве мовы.
- І вось яшчэ што, паважаны цікаўны іншаземец. Не варта ўспрымаць тых, хто размаўляе па-беларуску, «правымі». Так, у тваёй краіне людзі, што вошкаюцца з традыцыямі, збіраюцца на гістарычныя клубы, факельныя шэсці, бойкі вікінгаў ці чорт ведае што яшчэ, — правыя. А правыя — гэта для цябе фу-фу-фу. Бо яны кажуць пра перавагу адной нацыі над другой. Бо яны не гуманісты. Дык вось. Ты не зразумеў гэтую краіну. Тыя, хто імкнецца размаўляць па-беларуску тут, — па сутнасці, левыя. Бо беларускамоўныя адстойваюць не асобныя правы для сябе. Не ўнікальны статус уласнай мовы. Яны дамагаюцца ўсяго толькі роўнасці. Магчымасці навучаць дзетак у школе. Беларускіх садкоў. Роднай мовы ва ўніверсітэце і на тэлебачанні — усё гэта сёння спрэс рускае. Як ты ведаеш са школьнага падручніка па паліталогіі, ідэалогія, якая абараняе правы меншасцяў, настойвае на іх роўнасці, — левая.
- З усяго сказанага можна зрабіць выснову, што мова сканае. Бо гэта не сітуацыя «было горай — зрабілася лепей» ці «было добра — стала дрэнна». Гэта сітуацыя «было дрэнна, стала дрэнна, будзе дрэнна». І так, у мяне як у аўтара рамана, дзе малюецца яе забойства, часцяком пытаюцца, ці фінал кнігі «МОВА 墨瓦» — гэта мой прагноз на будучыню (адказваю звычайна так: якраз для таго і напісаў, каб прагноз не спраўдзіўся)… Дык вось, пачытайце дзённікі тых, хто займаўся беларускай справай у XXм стагоддзі. Пачытайце біяграфіі Купалы, Гарэцкага, Ластоўскага, Караткевіча. Зразумейце, што ім было цяжэй, бо ў іх не было нават дзяржавы, якая ёсць цяпер у нас. І мова прайшла — праз цара, праз камуністаў, праз 1937-ы, праз Панамарэнку і Машэрава.
- Вытрывае і зараз.