Дырэктар «БелЭн»: у краіне не хапае беларускамоўных выданняў і галіновых энцыклапедый
Дырэктар выдавецтва «БелЭн» Уладзімір Андрыевіч адзначыў: у кнігарнях мала беларускамоўных выданняў, у тым ліку кніг для дзяцей.
У айчынных кнігарнях мала беларускамоўных выданняў, у тым ліку кніг для дзяцей розных узростаў. Пра гэта 3 лютага ў Мінску заявіў дырэктар выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» Уладзімір Андрыевіч на прэсавай канферэнцыі «Энцыклапедычныя выданні як пашпарт цывілізацыйнага развіцця краіны», што адбылася ў Нацыянальным прэсавым цэнтры.
Сярод найбольш цікавых энцыклапедычных выданняў, што выйшлі ў свет у мінулым годзе, дырэктар «БелЭн» назваў альбом «Гордасць Беларусі. Маладыя, таленавітыя, адораныя», прысвечаны амаль 40 лаўрэатам і стыпендыятам фондаў прэзідэнта краіны па падтрымцы таленавітай, навучэнскай і студэнцкай моладзі, даследаванне Сяргея Сергачова «Народнае дойлідства Беларусі», чарговыя тамы з серый «Гарады і вёскі Беларусі» і «Рэгіёны Беларусі», перавыданне «Чырвонай кнігі Беларусі», якое звычайна робіцца праз дзесяць гадоў, грунтоўны шасцітомнік «Культура Беларусі», які ўключае 12 тысяч артыкулаў і 3 тысячы ілюстрацый, працяг серыі кніжачак для дзяцей малодшага школьнага ўзросту «Маленькі прафесар. Пазнаем Беларусь разам», першыя тры тамы (пра птушак, амфібій і рэптылій, дзікіх жывёл Беларусі) з новай серыі «Беларуская дзіцячая энцыклапедыя», а таксама кнігі з серыі «Гісторыя для школьнікаў» з біяграфіямі нашых славутых землякоў.
«Менавіта праз кніжкі з гэтых серый, у першую чаргу беларускамоўныя, мы жадаем падштурхнуць грамадства і дзяцей, каб яны імкнуліся пазнаць Беларусь — яе гісторыю і сённяшні дзень, каб ведалі многае, што выхоўвае нашых хлопчыкаў і дзяўчынак, што робіць іх сапраўднымі грамадзянамі Рэспублікі Беларусь», — падкрэсліў Уладзімір Андрыевіч.
Разам з тым, паводле ягоных словаў, у краіне не хапае галіновых энцыклапедый — навукова вывераных спецыялістамі, дакладных выданняў.
Сярод запланаваных новых кніг дырэктар «БелЭн» назваў тры выданні — прысвячэнні беларускаму і ўсходнеславянскаму першадрукару Францішку Скарыну напярэдадні 500-годдзя выхаду ў свет ягонай першай беларускай друкаванай кнігі «Псалтыр» (Прага, 6 жніўня 1517 года), фаліянт «Валадары і магнаты Вялікага Княства Літоўскага» з рэпрадукцыямі збораў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, пяты том (па гісторыі Бацькаўшчыны) 12-томнай «Энцыклапедыі для школьнікаў і студэнтаў», падарункавы альбом рэпрадукцый твораў сучасных беларускіх мастакоў «25 гадоў суверэннай Беларусі», а таксама ўпершыню — «Беларускі энцыклапедычны дыпламатычны слоўнік».
Апроч таго, абапіраючыся на вопыт энцыклапедыстаў краінаў-суседзяў, у гэтым годзе пачнецца падрыхтоўка «Электроннай энцыклапедыі Рэспублікі Беларусь».
Як зазначыў Уладзімір Андрыевіч, «БелЭн» плануе сваю працу на бліжэйшую перспектыву: не на год, а на пяць-дзесяць гадоў, зыходзячы са спецыфікі энцыклапедычнага выдавецтва, якое рыхтуе кнігу ў свет не месяцамі, а гадамі.
Вось чаму побач з даведачнымі выданнямі, прысвечанымі жыццю і творчасці класікаў беларускай нацыянальнай літаратуры Янкі Купалы і Максіма Багдановіча, хацелася б як мага хутчэй убачыць падобныя энцыклапедыі пра Якуба Коласа, пра першага лаўрэата Нобелеўскай прэміі па літаратуры Святлану Алексіевіч, нацыянальнага героя Беларусі Кастуся Каліноўскага і герояў нацыянальна-вызвольных паўстанняў супраць расійскага самаўладдзя 1794, 1830 і 1863 гадоў, пра Курапаты — унікальную гістарычна-культурную каштоўнасць міжнароднага значэння, якая сведчыць пра трагедыю беларускага народу ў часы сталінізму, ці, скажам, даведачнае выданне для школьнікаў «100 найбольш выбітных помнікаў архітэктуры Бацькаўшчыны».
Менавіта такога кшталту беларускамоўныя выданні будуць найбольш спрыяць выхаванню ў нашых дзяцей і ўнукаў нацыянальнай свядомасці, пачуцця гонару за сваіх продкаў і адказнасці за будучыню роднай зямлі.
Падчас прэсавай канферэнцыі дэманстраваліся выданні, якія выйшлі ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» цягам мінулага года.