Швейцарская пісьменніца з Віцебску

Віцебск дасюль хавае цікавыя таямніцы, віцябляне дасюль не ведаюць усёй сваёй гісторыі…Наўрад ці цяперашнія віцябляне скажуць, хто такая Элеанора Нікій.

niquille.jpg


Насамрэч, яе падзабылі і ў Швейцарыі. Так, віцяблянка па нараджэнні сталася швейцарскай пісьменніцай, паэткай, якая памерла ў 1957 годзе ў Берне. Нарадзілася Элеанора ў 1897 годзе ў Віцебску ад бацькі швейцарца Алёйза Нікія і мясцовай маці Юліі Лукашэвіч, якую на Захадзе апісвалі часам як расіянку, часам як палячку, а калі-нікалі як «белую рускую». Грацыя Бернасконі, швейцарская прафесарка, літаратуразнаўца і даследніца творчасці Э. Нікій у адной з працаў удакладніла, што маці пісьменніцы была беларуска. Бацька выкладаў французскую мову пры царскім двары, шмат вандраваў па Расійскай імперыі. Сама Элеанора Нікій, якая была вядомая пры жыцці ў Швейцарыі і Францыі, часта апісвалася, як «расійска-швейцарская пісьменніца», якая «нарадзілася ў невялічкім месце Віцебск».
Як бачна, швейцарская, як і заходняя прэса наогул не ведала і не ведае розніцы паміж Беларуссю і Расіяй, апісвае Віцебск (часта падае форму «Віцекск»), як «невялічкае места», агулам і памылкова выдумляла і дасюль выдумляе зручныя ім гісторыю і геаграфію, а дакладней міфалогію Усходняй Еўропы. Да ўсяго расійскую мову пісьменніца хутка забыла, як вярнулася дзяўчынкай на радзіму да бабушкі ў кантон Фрыбур. Таму расійскай пісьменніцай, як часам падаюць у пошуках экзотыкі заходнія журналісты, яна ўсё ж такі не была.

eleonore_niquille_1948.png


Паэтка, пісьменніца, перакладніца, якую пры жыцці любілі за настальгійны шарм і эстэтызм, была аднак забытая пасля смерці ў 1957 годзе. І толькі ў канцы 20 ст. да ейнай спадчыны вярнуліся, калі ў Швейцарыі пачалася кампанія па вяртанні забытых жаночых імёнаў мясцовай літаратуры і мастацтва — ейным імем назвалі вуліцу ў Фрыбуры, перавыдалі ейныя творы, узнагароджаныя прэміямі, напрыклад, прэстыжнай прэміяй Французскай акадэміі ў 1952 годзе. Вяртанню спадчыны пісьменніцы«грамадзянкі свету» паспрыяў асабісты інтарэс прафесаркі Грацыі Бернасконі, якая корпаючыся ў букіністычных крамах натрапіла на кнігі, падпісаныя Éléonore Niquille.
Настальгія, адзінота пісьменніцы і Другая сусветная вайна вызначылі галоўныя тэмы і пытанні творчасці паэткі і празаіцы. Вайна і пасляваенная крыза да ўсяго паўплывалі на тое, што кнігі яе хоць і пазітыўна сустракаліся крытыкамі не заўсёды даходзілі да чытача, занятага побытавымі клопатамі і ваеннай траўмай. Часта яе раманы і паэмы мелі больш поспеху ў суседняй Францыі, чымся дома. Так, яе творчасць заўважыла і вітала мэтрэса французскай літаратуры Калет. Парыжскія кнігарні чакалі і з ахвотай замаўлялі ўсе яе кнігі, усе літаратурныя прэміі былі ўручаныя ёй не ў роднай Швейцарыі, а ў Францыі.
Дэбютавала, як адзначала ў інтэрв'ю і лістах сама Э. Нікій, не ў зусім зручны час — у 1939 годзе з паэтычным зборнікам «Начныя дбанні». З пачатку літаратурнай кар’еры пісьменніца падкрэслівала, як цяжка быць жанчынай у швейцарскай літаратуры і зарабляць літаратурай. У 1940 з'яўляецца яе першы псіхалагічны раман «Павяванні жыцця» — пра гады, праведзеныя ў Расійскай імперыі ў самым пачатку 20 ст. У 1941 годзе пісьменніца зноў вяртаецца да паэзіі, гэтым разам французскай адаптацыі старакітайскіх вершаў — «Флейта ўдалечыні…». У 1943 годзе Элеанора Нікій публікуе ўзрушальны зборнік паэмаў «Золкавы пілігрым», натхнёны жудасной вайны. Пасля вайны ў 1949 годзе яна прапануе чытацтву раман «Перадача» пра французскі Супраціў. Будуць іншыя зборнікі прозы і паэзіі, якія пры жыцці перакладаліся на ангельскую мову і прапаноўваліся на розныя прэміі. Аднак Элеанора Нікій акрамя літаратарства была вымушаная рэгулярна зарабляць грошы працай на радыё. Так, працуючы на радыё, паэтка стварала творчыя радыёгульні (напрыклад, «Тупік анёла», 1954), якія карысталіся папулярнасцю і выходзілі потым асобнымі выданнямі-чытанкамі.

md2144827655.jpg


Варта дадаць, што пісьменніца была занадта смелая, іншая і касмапалітычная для тагачаснай Швейцарыі, тым больш для Фрыбура. Яна апісвала далёкі экзатычны свет, настальгавала за дзяцінствам у Расійскай імперыі (ад Беларусі да Фінляндыі), размаўляла на многіх мовах, навучалася ў Фрыбурскім універсітэце, потым у Сарбоне. Перакладала Амара Хаяма на французскую мову. Яна не мела сям’і, дзяцей, нічога не вядома пра яе прыватнае жыццё — да смерці да яе прозвішча на старамодны патрыярхальны лад дадавалі азнаку «мадэмуазэль». Яна была адзінай жанчынай у складзе створанага не задоўга да яе смерці Таварыства фрыбурскіх пісьменнікаў. Усё гэта сведчыць пра тое, што пісьменніца не ўпісвалася ў традыцыйнае тагачаснае бачанне жанчыны ў швейцарскім грамадстве, асабліва ў правінцыі. Памерла яна ў 1957 годзе ад хваробы, лекаў ад якой чалавецтва дасюль не стварыла.
Мусіць, надыходзіць час вярнуць гэтая імя і Беларусі, Віцебску — назваць пляц ці завулак імем швейцарскай літаратаркі, перакласці яе тэксты, напрыклад, успаміны ў вершах і прозе «Пад ліпамі дзяцінства», якія з'явіліся пасмяротна. Бо яна да ўсяго і віцебская пісьменніца. А яшчэ, канечне, вяртанне імя Элеаноры Нікій - важны этап у культурных адносінах Беларусі і Швейцарыі, якія пачаліся задоўга да таго, як Беларусь набыла незалежнасць.