Таццяна Нядбай: Я трохі пабойваюся свайго чытача, хоць ён мяне ніколі не крыўдзіў
У кнігарні «логвінаЎ» адбылася прэзентацыя дэбютнай кнігі паэткі Таццяны Нядбай «Сірэны спяваюць джаз». Перад прэзентацыяй «Будзьма» пагутарыла з Таццянай пра псеўданімы, заганы вядомасці, і супадзенні асабістай гісторыі з рэальнасцю.
Таццяны Нядбай
– Раскажы трохі пра сваё дзяцінства. Можаш назваць яго шчаслівым?
– Мае бацькі – вельмі моцныя і харошыя людзі, сапраўдныя і правільныя, у іх ёсць нейкі ўнутраны стрыжань. Я шмат чаму ў іх вучуся й цяпер, з задавальненнем прыязджаю дадому…
– З чаго пачалася цікавасць да паэзіі, хто з паэтаў перавярнуў тваё светаўспрыманне?
– Напэўна, гэта пытанне пра тое, як я пачала запісваць вершы і паказваць іх іншым. Мне вельмі хацелася далучыцца да кампаніі тых, чые вершы мне падабаліся, каб дачыняцца з імі, камунікаваць, супольнічаць.
Мне здавалася (і далей тое спраўдзілася), што праз вершы я змагу стаць цікавай, заўважанай імі і такім чынам траплю ў гэтую суполку.
Адным з такіх людзей была Ірына Дарафейчук – яе вершы і песні калісьці мяне ўразілі. Пасябравалі. У 2006 годзе ў нас узяло інтэрв’ю “Радыё Свабода”: мы размаўлялі пра Плошчу, пра нашыя ўражанні, пра побыт на Акрэсціна, а потым тая гутарка выйшла пад загалоўкам “Дзве сястры на адной Плошчы”, хаця падчас размовы з журналісткай мы нават блізка гэтай тэмы не краналі.
Зрэшты, гэта не адзіная сітуацыя, калі гісторыі пра мяне не супадалі з маёй рэальнасцю, але такія сітуацыі не абражаюць, а наадварот: чым менш пра мяне ведаюць, тым лепш, тым камфортней і бяспечней я пачуваюся. Ды і весела ж даведвацца розныя плёткі пра сябе, да сюжэтаў якіх у рэальнасці не маеш ніякага дачынення.
Маленькая радасць аўтыста – закрыць ад свету сваё ўнутранае сцяной чужых фантазій.
– Таму была чарада розных псеўданімаў? Мара, Хмара, Хмарка…
– Так, у пэўны час сітуацыя змушала вершы друкаваць, але гэта тое, што я заўжды рабіла, пераступаючы праз сябе: публічнасць не акрыляла, для палёту мне хапала вузкага кола. Да ўсяго, не хацелася, каб аднакласнікі, суседзі, “далёкія” людзі бачылі мае слабыя месцы, бачылі, дзе баліць, бо тады вядома, куды біць.
Але кожны псеўданім з цягам часу абцяжарваў уласным сэнсам і ўвогуле абцяжарваў. Да таго ж, мяне рана ці позна пачыналі асацыяваць з ім, і ён не выконваў сваёй асноўнай функцыі – схаваць. Зразумела, што так можна бясконца – падбіраць словы, а пасля ўцякаць ад іх (ці ад сябе). І я вырашыла вярнуцца. Нядбай – фармальна таксама псеўданім, а насамрэч гэта сапраўднае прозвішча дзядулі. Ён з Браншчыны, там і цяпер у дзядулевай вёсцы жывуць Нядбаі.
– Калі з’явілася ідэя выдаць зборнік?
– Ідэя зборніка з’явілася год таму, перадусім дзякуючы Андрэю Дзмітрыеву, які спытаў, чаму я не выдаю кнігу. Адказала, што не гатовая да гэтага ды і не адчуваю патрэбы – навошта? Але ў хуткім часе яшчэ некалькі людзей з розных асяродкаў і тусовак незалежна адно ад аднаго задалі тое самае пытанне. Я здзівілася гульням Космасу, разняволілася і дазволіла кнізе быць. Але мне патрэбны быў час, каб прывыкнуць да гэтай думкі, каб адважыцца на кнігу. Дапамаглі ў выданні кампанія “Гавары праўду” і ПЭН-цэнтр, за што ім вялікі дзякуй.
– Каго ты бачыш сваім чытачом? Можаш зрабіць ягоны ўмоўны партрэт?
– Не, я не надта разумею, хто ён, нават трохі пабойваюся і ўнутрана сцінаюся ад думак пра чытача, хаця ён яшчэ ніколі мяне не крыўдзіў (смяецца).
Увесь час мяне пераследуе ўражанне, што я шарлатан, які нейкімі фокусамі пралез у супольнасць таленавітых людзей, і мне ўсё здаецца, што мяне вось-вось выкрыюць, а таму шчыра здзіўляюся (хаця і радуюся таксама, вядома ж), калі нехта кажа, што мае вершы яму падабаюцца.
– Да таго ты займалася перакладам. Раскажы што перакладала, чаму абрала пэўны твор.
– Перакладала кнігу Эвы Томпсан “Трубадуры імперыі: Расійская літаратура і каланіялізм” і выбраныя эсэ з кнігі Лешка Калакоўскага “Наш вясёлы апакаліпсіс”. І ў адным, і ў другім выпадку за пераклад бралася праз цэлы шэраг выпадковых і невыпадковых чыннікаў. Дарэчы, тут важна сказаць, што рэдактарам абедзвюх кніг быў Валянцін Акудовіч, які – праз мой недагляд у першым выпадку і праз недагляд некага іншага ў другім – не быў згаданы ў кнізе як рэдактар. Таму цяпер кожнага разу, калі размова заходзіць пра гэтыя кнігі, лічу святым і прыемным абавязкам, аднаўляючы справядлівасць, згадваць пра рэдактарства вельмішаноўнага спадара Валянціна, які з маімі перакладамі ўжо дакладна напрацаваўся.
– Ёсць меркаванне, што беларуская літаратура замкнулася ва ўласнай тусоўцы і за яе не выходзіць.
– Мяне цікавяць аўтары і тэксты, якія мне падабаюцца. Мяне цікавяць уласныя перажыванні. Я мала думаю пра беларускую літаратуру, бо спрабую разабрацца ў сабе, і пакуль гэта не заўжды атрымліваецца. Ды і беларуская літаратура, як падаецца, таксама ў сабе пакуль не разабралася.
– Што для цябе важна як для паэта – злавіць адчуванне моманту, калі “сэнсы жыцця зводзяцца да кавы”, альбо да асэнсавання нейкіх агульных каштоўнасцяў?
– Я ўвогуле вельмі востра ўсё адчуваю, я вельмі эмацыйны чалавек. Гэтымі пачуццямі і жыву. Часам дакладна ведаючы, у чым сэнс жыцця, а часам адчуваючы поўную бессэнсоўнасць, як і ўсе, напэўна. Толькі ў мільён разоў мацней.
Адно я ведаю дакладна: калі побач са мной дарагія мне людзі, то і пытанняў з сэнсамі не паўстае. Людзі, сябры – гэта ўвогуле самае значнае, цікавае і сутнаснае, што ёсць у маім жыцці.
Гутарыў Юрась Ускоў, budzma.by