Віктар Марціновіч: Хутка Армагедон?
Буйная проза адыходзіць, бо ніхто болей не здольны чытаць вялікія тэксты. Людзі перагружаныя смскамі, інтэрнэтам, ім не да раманаў.
- Паэзія адыходзіць. Ён на змену ідзе сцэнічны перфоманс, слэм, песня. Калі ты паэт — вучыся прамаўляць, чытаць рэп са сцэны. Ці забіся ап сценку.
- Драматургія адыходзіць. Уласна, яна ніколі асабліва і не прадавалася.
- Журналістыка адыходзіць. На змену ёй ідзе блогінг ды калумністыка.
- Калумністыка адыходзіць, бо нікому не цікава, што там які-небудзь Віця думае пра праблемы грамадства.
- Уласна, тэксты як форма перадачы мэсіджаў адыходзяць, ім на змену ідуць відосы.
- Відосы на юцьюбе адыходзяць, наведвальнасць сэрвісу падае. Бо ў выпадку з відэа, каб зразумець мэсідж, трэба даглядзець мувік да канца, а часу на гэта ўжо ні ў кога няма. Будучыня — за геамапінгам і інфаграфікай.
- Інфаграфіка і геамапінг адыходзяць — таму што іх ніхто не праглядае, статыстыка — ніякая, парталы вырашаюць не марнаваць грошы на вытворчасць. Выглядае так, быццам частка гледачоў яшчэ не зразумела, што за гэтым будучыня, частка тупа прызвычаілася чытаць тэксты. Пячорныя людзі!
- Асоба аўтара адыходзіць, ёй на змену ідзе функцыя наратара — суб’екта, які рэтранслюе ўжо існыя дыскурсы.
- Асоба наратара адыходзіць, бо ніхто не чытаў Ралана Барта.
- Друкаваныя газеты адыходзяць, бо ўсе чытаюць іх інтэрнэт-старонкі.
- Інтэрнэт-старонкі папяровых газет адыходзяць, бо ўсе спажываюць аўтаномныя грамадска-палітычныя сайты — яны барзейшыя, бо не баяцца, што ім «прыкрыюць паперу».
- Аўтаномныя грамадска-палітычныя сайты адыходзяць — таму што нікому болей не цікавая палітыка.
- Лайвджорнал канчаткова памёр — таму што ён складаецца з тэкстаў, якія складана чытаць. Зашмат літар! Усім хочацца посціць коцікаў і бамбіць сэлфі.
- Фэйсбук адыходзіць — таму што ўсіх задзяўбло посціць коцікаў і бамбіць сэлфі. Не, сур’ёзна! Фэйсбук ляціць уніз, наведвальнасць і актыўнасць падае (гл., напрыклад, тут)
- Фатаграфія дажывае апошнія дні, на фатографа вучыцца бессэнсоўна, бо ўсе сусветныя агенцтвы ўжо не накіроўваюць сваіх адмыслоўцаў у гарачыя кропкі. Яны разумеюць, што ўсё роўна на месцы знойдуцца людзі з камерамі на тэлефонах, якія наробяць кантэнту, за які не трэба будзе плаціць.
- Вучыцца наогул бессэнсоўна, бо на той момант, калі студэнт заканчвае ВУЗ, прафесіі, на якую ён вучыўся, ужо не існуе. Ці яна змянілася да непазнавальнасці, і цяпер трэба наноў перавучвацца.
- Таму прафесары наогул нікому не патрэбныя і хутка зробяцца зусім безнадзейна беспрацоўнымі!
- Авоечкі! Як жа так сталася, што ўсё, чым я займаюся ў жыцці, ці ўжо зрабілася цалкам незапатрабаваным, ці хутка стане такім?
- Папяровая літаратура адыходзіць, бо яе змяняе літаратура сеціўная. Замест беганіны па кнігарнях усе пампуюць з інтэрнэту.
- Электронная літаратура адыходзіць, бо яе выціскае кіно.
- Кіно як такое адыходзіць — вунь Спілберг не так даўно ў інтэрв’ю пажаліўся, што хутка колькасць прадукцыі, якую выдае Галівуд, скароціцца ў дзясяткі разоў.
- Fashion сыходзіць, бо ўсе, хто раней прыхарошваўся, загразлі ў нармкоры.
- Алкаголь хутка будзе ў мінулым, сістэма традыцыйных бараў паўсюль у свеце марнее, бо новая плацежаздольная большасць, так званыя «бобо», не бухаюць зусім. Яны займаюцца ёгай і практыкуюць вегетарыянства.
- Вегетарыянства як канцэпцыя робіцца сарамлівым лолам, цяпер у трэдзе сыраядзенне і organic food consumption.
- Тое самае адбываецца з ёгай, якая ператвараецца ў карыкатуру на сябе. Не верыце — пагуляйце ў GTA-5 на XBOX 360.
- XBOX 360 сыходзіць, яго замяняе XBOX One.
- XBOX One не прадаецца, бо для яго няма гульняў. Адсюль перманентнае для ўсіх аматараў віртуальных забаваў адчуванне, што індустрыя не выходзіць з крызісу.
- Хрысціянства адыходзіць, цяпер усе нармальныя людзі тырчаць на будызме.
- Будызм адыходзіць, бо ён занадта хрысціянскі і добранькі па сваёй сутнасці, яго выціскае радыкальны іслам. Калі паслухаць размовы ў модных клабешніках па ўсёй Еўропе, цяпер кожны офісны гік — прыхаваны вакхабіт. Які пры гэтым, акрамя слоў «Алла акбар», «шукран» і «халяль», нічога з ісламскай культуры не ведае.
- Фемінізм адыходзіць, яго змяняе квір.
- Квір адыходзіць, яго змяняе male rights defenders movement.
- Ровары адыходзяць, усе пракоцаныя чэлы пераселі на самакаты.
- Самакаты адыходзяць, бо нармальныя дарослыя людзі на самакатах не ездзяць.
- Скейты састарэлі, купляйце хутка дэшборды!
- І г. д.
Я вось што падумаў: не можа такая колькасць чалавечых актыўнасцяў у адзін момант узяць і аб’ектыўна выйсці з абароту! Не можа адначасова літаратура зрабіцца бесперспектыўнай праз кіно і кіно зрабіцца бесперспектыўным праз камп’ютарныя гульні. Не можа тэатр страчваць гледачоў праз тое, што ўсе глядзяць «Трансформераў». Наогул, тэатр не можа страчваць гледачоў, ён ужо дзве тысячы гадоў у трэндзе. Добры тэатр заўсёды будзе глядзецца, добрая літаратура — чытацца; таленавіты фатограф не застанецца без кавалка хлеба, абазнаны прафесар не зробіцца беспрацоўным.
Дык адкуль гэтая істэрыка?
Адкуль гэты сістэмны крызіс, які паўсюль, якую галіну чалавечай дзейнасці, уключна з нафтатрэйдынгам (нафта састарэла, усе ездзяць на Tesla) ні вазьмі?
Мажліва, мы маем новую моду — казаць пра сэнс свайго жыцця, галоўны занятак у жыцці, як пра нешта, што «страчвае актуальнасць»? Увесь час адчуваць прыхаваны страх, што тое, чым ты адметны — добрыя тэксты, фатаграфія, кіно, продаж ровараў, — хутка зробіцца нікому не патрэбным? Можа, гэта адна з калектыўных фобіяў свету, у якім мы жывем?
У пачатку XX стагоддзя маднявым было пісаць цьмяныя вершы пра смерць, курыць опій, пакутаваць ад нераздзеленага кахання і расказваць усім пра свой дэталёва распрацаваны план суіцыду. Гэта называлася «дэкаданс». Скончылася ўсё гэта тым, што чорная энергія людской прагі да пакут каналізавалася ў кашмар Першай сусветнай вайны.
І вось мне цікава, што тут першаснае — разлітая ў паветры жудасць блізкага Армагедону ці гэты іманентны страх, які сам па сабе прыцягвае Армагедон? Што гэта робіцца з нашымі нервамі? На іх уздзейнічае аб’ектыўнае прадбачанне таго, што хутка ўвесь свет зрушыцца і стане на дыбкі? І ўсе нашыя веды, валоданне фотаапаратам і ўменне звонка пісаць зробяцца сапраўды незапатрабаванымі? Ці, можа, гэта чарговая гульня ў небаракаў, уласцівая людзям у пачатку стагоддзя?
Хай бы было менавіта так! Уся ўвага на Украіну!