Тату з нацыянальнай эстэтыкай як сімвал беларускага рокера

Прадстаўнікі беларускага року павінны рабіць беларускія татуіроўкі. У Мінску прайшоў другі музычны TATTOO-FEST.



Спачатку TATTOO-FEST быў задуманы як супольны праект прадстаўнікоў некалькіх творчых напрамкаў: майстры тату мусілі дэманстраваць сваё ўмельства і мастацкі густ, а музыканты — музычныя кампазіцыі і прыхільнасць да ўпрыгожвання свайго цела. Але ў гэтым годзе ІІ TATTOO-FEST быў пабудаваны па іншай схеме. Татуіроўшчыкі правялі сваю канвенцыю ў сталічным Палацы чыгуначнікаў, а музыканты свой музычны TATTOO-FEST — у мінскім клубе RE:PUBLIC.

Арганізатар і натхняльнік гэтага фэсту, майстар татуіроўкі, па большасці нацыянальнага каларыту, лідар гурта "ZNICH" Алесь Таболіч патлумачыў, што фестываль павінен прадэманстраваць тое, што прадстаўнікі беларускага року павінны рабіць сапраўды беларускія па тэматыцы татуіроўкі. У якасці доказу сваёй пазіцыі ён прадэманстраваў асабістыя дызайнерскія напрацоўкі ў гэтай галіне мастацтва — тату-абярэг на аснове старажытнага беларускага арнаменту, які ў Алеся «набіты» на руцэ, і выяву казачнага Цмока на плячы.

gurt_znich.jpg

"ZNICH"

Тым часам распачалася фестывальная праграма. Першымі на сцэну быў запрошаны гурт "SAMADO BRATA", які выконваў жвавы цяжкі рок з  дамешкамі поп-музыкі, фолку, панку, з сола на акардэоне і вакалам, які граў гэтым разам інструментальную функцыю. «Песня пра маму», «Песня пра страшнае», і іншыя творы гурта патроху разварушвалі публіку, якая завітала на TATTOO-FEST. Адзначу вакаліста гурта, які ў сваіх спевах выкарыстоўваў эфект кантрасту: то спяваў гроўлам, то фальцэтам, а тое і чытаў запраўскі рэп пад metal-суправаджэнне сваіх калегаў-музыканатаў.

Магілёўская легенда — ска-панк-гурт "ZATOCZKA" выйшаў на сцэну клуба ў добрым гуморы, хоць публіка працягвала збірацца. Баявога настрою музыкантам надаў факт узнагароды лідара гурта Макса спецыяльным дыпломам і прызам за лепшую па выніках інтэрнэт-галасавання татуіроўку рок-музыканта. "ZATOCZKA" ў сваёй рэзкай і гучнай рок-н-рольнай манеры выканала шэраг хітоў са свайго рэпертуару — кампазіцыі сацыяльнай скіраванасці «Я нарадзіўся тут», «Аборт», «Свабода», «Заточка». Трэба адзначыць, што мінская публіка добра ведае гэтую каманду і заўсёды сустракае яе бурнымі эмоцыямі і апладысментамі. Тое ж здарылася і гэтым разам.

З берасцейскім гуртом "TERRAKOD" слухачам і аўтару гэтых радкоў давялося шчыльна пазнаёміцца на фэсце «Амбасовішча-2014». Там гурт неяк згубіўся сярод больш вядомых і спрактыкаваных у фестывальнай стыхіі каманд. Але цяпер, на TATTOO-FEST музыканты быццам расправілі плечы: гурт загучаў зладжана, прафесійна, і іх folk-metal пад беларускую дуду адрадзіў у зале клуба атмасферу разняволенасці і ўнутранай свабоды. Гэтаму спрыялі і даволі прафесіянальныя спевы вакалістаў гурта — Касі Леванюк і Байсана, якія спявалі паасобку ў розных вакальных манерах — экстрэмальным і фальклорным. Гэтая ўзаемазамяняльнасць і кантрастнасць надавала такім кампазіцыям гурта, як «Пакой 101», «Мята», «Брудныя танцы» арыгінальнасці і драйву.

znich.jpg

Наста Шпакоўская 

Гурт "NAKA" і яе лідар Наста Шпакоўская прадставілі публіцы шэраг сваіх беларускамоўных кампазіцый: «Бяжы», «Муза», «Пагоня». Здавалася б, толькі засталося пачуць знакамітую купалаўска-мулявінскую «Малітву», каб забыцца на тое, што таленавітыя беларускія музыканты працуюць у рэчышчы «рускага рока». Але не, пакуль "NAKA" жыве на «дзве душы», і гэты парадокс разрывае іх творчасць на нераўназначныя часткі. Да прыемнасцяў трэба аднесці той факт, што ў дзень правядзення TATTOO-FEST Наста Шпакоўская адзначала свой дзень народзінаў і прымала з гэтай нагоды шматлікія віншаванні як ад музыкаў, так і ад слухачоў.

Наступныя ўдзельнікі TATTOO-FEST’А — англамоўныя metal-гурты "VERSUS7", "CLAN", "EVTANAZIA A.D.", "EXEGUTOR" адрозніваліся толькі стылявымі нюансамі экстрэмальнай музыкі (меладэт, трэш, метал-кор) і тым, што рознымі шляхамі імкнуліся зрабіць якаснае рок-шоў. Адны з дапамогай хэдбэнінга  (рытмічнага матляння доўгімі валасамі), другія каверамі на класікаў "JUDAS PRIEST" «Breaking the Law», выхадам да слухачоў на танцпол з гітарамі і мікрафонамі… Іншыя ж — сумеснымі трэкамі. Напрыклад, гурт "EXEGUTOR" з Аляксандрам Памідоравым стварылі хіт «Латруга», у якім сатырычнымі сродкамі высмейваецца прыхільнасць некаторых беларусаў да п’янства.

Shamanic-folk metal гурт "FOLCORE" здзівіў не першы раз. Такое ўжо здаралася на «Купальскім фэсце», калі каманда і яе лідар і гітарыст Павел скаралі слухачоў вулканічнай энергетыкай, і ў той жа час меладычнасцю і шчырасцю выканання кампазіцый, кшталту «Да зорак шлях». Гурт толькі выігрывае, запрашаючы такіх вакалістаў, як Э. Стэльмашонак, вядомай сталічным слухачам па гурту "OMUT". Дадатковую экспрэсію гучанню каманды надае нямецкая (шкада, не беларуская) дуда — дудэльзак. Трэба адзначыць, што сэт гурта "FOLCORE" стаў адным з самых яскравых і замацаваў каманду ў ліку адных з перспектыўных калектываў экстрэмальнага накірунку.

zorni_duet_apanov_ch_tabol_ch(1).jpg

Зорны дуэт Апановіч-Таболіч

Ну а далей слухачоў чакаў сюрпрыз: падчас сэту гурта "ZNICH", калі музыканты і іх лідар Алесь Табліч выканалі шэраг хітоў з рэпертуару гэтай легенды айчыннага pagan-metal, на сцэну ўзняўся лідар гурта "LITVINTROLL" Андрэй Апановіч. Алесь Таболіч прапанаваў калегу па «металічнаму цэху» разам праспяваць колькі песень з рэпертуару "ZNICH". Гэта былі хітовыя кампазіцыі «Язычнік Я», «Крыжы-абярэгі». Дуэт Табліч — Апановіч надаў кампазіцыям новыя вакальныя фарбы і выклікаў у слухачоў шмат станоўчых эмоцый.

Трэба адзначыць, што на TATTOO-FEST была прадстаўлена рэдкае адгалінаваанне бодзі-арта — body suspension — мастацтва падвешвання (!) жаночага цела. Гэтае шоў таксама прыцягнула шмат увагі наведвальнілкаў клуба RE:PUBLIC.

mastackae_padveshvanne_zhanochaga_cela.jpg

Мастацкае падвешванне жаночага цела

Як абяцалі арганізатары фэсту, па выніках інтэрнэт-галасавання былі адзначаны самыя выдатныя татуіроўкі беларускіх рок-музыкантаў. Дыпломы і кнігі «222 альбомы беларускага року і ня толькі…» былі ўручаны альбо накіраваны Максу з гурта "ZATOCZKA", З. Афанасенку з гурта "AMAROKA", Русі з гурта "SHUMA", С. Міхалку з гурта "BRUTTO", А. Таболічу з гурта "ZNICH" і іншым выканаўцам. Прыемна, што сумесная кніга аўтара гэтых радкоў і вядомага беларускага журналіста і рок-паэта В. Мартыненкі «222 альбомы беларускага року і ня толькі…» будзе радаваць тых выканаўцаў, якім яна прызначалася ад пачатку.