Топ-10 фільмаў пра адносіны бацькоў і дзяцей
Абсалютна кожнае новае пакаленне мяркуе, што сутыкаецца з унікальнымі сітуацыямі, якія маглі здарыцца толькі з імі. Але варта азірнуцца – і пра нешта падобнае ўжо даўно ці ўчора быў зняты фільм. Мы падрыхтавалі падборку з дзесяці найлепшых стужак пра сямейныя адносіны. Прыемнага прагляду!
Нумар 10. Лэдзі Бёрд (Lady Bird). 2017
Грэта Гервіг пакінула моцны сьлед у шэрагу фільмаў пра сталеньне падлеткаў. Яна зьняла гісторыю, якая далікатна шчымлівая і шчырая ў сваёй складанасьці. Вечная праблема бацькоў і ўжо не-дзяцей падлеткавага ўзросту, з марамі, расчараваньнямі і жаданьнем вызваліцца.
Сірша Ронан, адна з самых таленавітых маладых акторак нашага часу, увасабляе дух падлетка на парозе дарослага жыцьця, якая адчайна імкнецца стварыць асобу, адрозную ад свайго кола. Лоры Меткалф у ролі маці Лэдзі Бёрд таксама вельмі пераканаўчая. Адносіны маці і дачкі ў стужцы нагадваюць гледачам пра тонкую мяжу, якая існуе паміж любоўю і раздражненьнем.
Дэбют рэжысэркі атрымаўся выдатным.
Нумар 9. Чатырыста ўдараў (Les quatre cents coups). 1959
Стужка Франсуа Труфо запрашае нас зазірнуць у францускую сям’ю 50-х гадоў. У той час як гульня маленькіх актораў, што здымаюцца ў галоўных ролях, такая пераканаўчая, выкарыстаньне ў фільме іншых дзяцей, якіх нібы здымаюць ледзьве не схаванай камэрай — так усё натуральна выглядае — робіць усю стужку сапраўднай, а таксама часам сьмешнай і трагічнай.
Не ўсе дзеці як тады, так і сёньня маюць такі экстрэмальны досьвед сталеньня, які мы бачым сярод галоўных герояў, якім прыйшлося зьбегчы з дому. Але любы дарослы можа ўзгадаць сябе ў тым пераходным узросьце, калі зь ім абыходзіліся як з дарослым і чакалі, што ён будзе выконваць законы дарослага жыцьця. Хаця па сутнасьці яны яшчэ заставаліся дзецьмі.
Нумар 8. Пра час (About Time). 2013
Стужка дазваляе гледачам паспрабаваць падарожнічаць у часе, але з глыбокім дасьледаваньнем сямейных адносінаў, асабліва паміж бацькамі і дзецьмі. На першы погляд, фільм уяўляе сабой звычайную рамантычную камедыю, якая зьбіраецца паказаць нам як галоўны герой, калі ён выяўляе сваю здольнасьць падарожнічаць у часе, спрабуе знайсьці і скарыць сваё каханьне. Тым не менш пад камедыйным выглядам стужка зьвяртаецца да тэмаў сям’і, страты і няўмольнай плыні часу.
У цэнтры фільма – сяброўскія адносіны паміж бацькам і сынам. Бацька адкрывае дзіцю ўнікальную сямейную здольнасьць па мужчынскай лініі – магчымасьць падарожнічаць у часе. Гэта магчыма зрабіць толькі ў тыя абставіны, якія ўжо здараліся з падарожнікам, але ёсьць абмежаваньне — нельга вярнуцца ў той час, які папярэднічаў нараджэньню свайго дзіця.
Вельмі кранальная стужка.
Нумар 7. Рэйчэл выходзіць замуж (Rachel Getting Married). 2008
Рэжысэр Джонатан Дэмэ выносіць на экраны грубыя эмоцыі і непахісную сапраўднасьць галоўнай гераіні ў выкананьні Эн Хэтуэй. Яе гераіня вяртаецца з рэабілітацыйнага цэнтра ў родны дом на галоўную падзею — вясельле яе сястры Рэйчэл. Разгортваецца не толькі падрыхтоўка да вясельля і сьвяткаваньня, але і апэрацыя вы выкрываньні даўніх крыўдаў і траўмаў, якія ляжаць у аснове гэтай, здавалася б, амаль ідэальнай сям'і.
Неспакойнае мінулае гераіні Эн Хэтуэй, у тым ліку трагічны выпадак, кідае цень на ўсе ўрачыстасьці. Сям’і прыйдзецца прайсьці праз ачышчэньне напярэдадні пабудовы новага.
Нумар 6. Крамэр супраць Крамэра (Kramer vs. Kramer). 1979
Драма пра апеку над дзіцём дваіх бацькоў, што вырашаюць разысьціся. Дасьцін Хофман адлюстроўвае жыцьцё бацькі, які з асобы, арыентаванай на кар'еру, пераўтвараецца на вачах гледачоў у адданага самотнага бацьку. Хофман робіць свайго героя адначасова тонкім і глыбока кранальным.
Не менш захапляльная і Мэрыл Стрып у ролі жонкі. Яе вобраз маці, якая змагаецца з чаканьнямі грамадзтва, асабістымі памкненьнямі і пачуцьцём віны, зьяўляецца ідэальным кінематаграфічным выступам.
Дэталі адносінаў пары раскрываюць знаёмыя эпізоды жыцьця шматлікіх іншых людзей. Крамэр супраць Крамэра, але пасярэдзіне – маленькі Крамэр.
Нумар 5. Аліса тут больш не жыве (Alice Doesn't Live Here Anymore). 1974
Фільм Марціна Скарсэзэ апавядае пра складаны жаночы шлях да самадастатковасьці на фоне абыякавага навакольля Амэрыкі. Стужка зьяўляецца бэнэфісам Элен Бёрстэн, яе ашаламляльная ігра паглыбляецца ў праблемы выхаваньня дзяцей самотнымі маці. А з іншага боку на іх адначасова ціснуць чаканьні грамадзтва.
Бёрстэн грае ўдаву, якая скіроўваецца на пошукі стабільнасьці і, магчыма, новай спробы каханьня, і ўвесь час выбудоўвае новыя адносіны з сынам. Іх адносіны, напоўненыя звычайнай напружанасьцю падлеткавага ўзросту і дадатковым ціскам іх складанага новага ладу жыцьця, складаюць галоўную праблематыку стужкі.
Нумар 4. Забіць перасьмешніка (To Kill a Mockingbird). 1962
Ідэальная экранізацыя вялікага рамана Харпер Лі. Увасабленьне праведнага галоўнага героя Грэгары Пэкам — гэта больш, чым простае акторскае выкананьне. Праца Пэка назаўжды ўвайшла ў гісторыю кіно. Яго знакавы маналёг у зале суда, калі выступае за расавую роўнасьць і справядлівасьць, застаецца шэдэўральным прыкладам акторскага майстэрства.
Грэгары Пэк уклаў усяго сябе ў ролю адваката, які абараняе чарнаскурага, абвінавачанага ў згвалтаваньні белай жанчыны на амэрыканскім поўдні ў 1930-я гады.
Разам з гэтым галоўны герой вядзе сур’ёзны дыялёг з дзецьмі пра ўсё тое, што адбываецца.
Нумар 3. Зьнянацку, летась (Suddenly, Last Summer). 1959
У кінематографе, які ўвесь час зьмяняецца, лёгка забыць манумэнтальныя фільмы, якія вытрымалі выпрабаваньне часам. Адной з такіх пярлінаў зьяўляецца гэтая захапляльная драма Джозэфа Л. Заснаваны на п'есе знакамітага Тэнэсі Уільямса, фільм можа пахваліцца суперзорным акторскім складам, з Кэтрын Хёпбэрн на чале.
Дзеяньне стужкі разгортваецца на фоне сьпякотнага лета ў Новым Арлеане, вакол закручанай і заблытанай сямейнай сагі, якая разгортваецца як наўпрост, так і ў рэтраспектыўных урыўках. У цэнтры — магутная гераіня Кэтрын Хёпбэрн і яе пляменьніца ў шыкоўным выкананьні Элізабэт Тэйлар.
У стужцы разглядаецца пытаньне сэпарацыі, у дадзеным выпадку маці з сынам.
Іх вельмі складаныя адносіны яшчэ больш ускладняюцца прысутнасьцю псыхіятра, якога грае Мантгомеры Кліфт, які павінны ацаніць стан пляменьніцы пасьля таямнічай сьмерці сына гераіні Хёпбэрн.
Акторы на вышыні сваіх здольнасьцяў кожную хвіліну прымушаюць гледачоў захапляцца гэтым шэдэўрам.
Нумар 2. Восеньская саната (Höstsonaten). 1978
Калі ў прахладную восень вы марыце пра тое, каб сядзець у халодным доме і перабіраць уласныя думкі — гэтая праца Інгмара Бэргмана прыйдзецца даспадобы. Складаныя адносіны дарослай дачкі і яе маці ў цэнтры стужкі. Маці, якую грае Інгрыд Бэргман, знакамітая піяністка, якая і ў свае прыблізна 60 знаходзіць попыт на свой талент.
Нядаўна памірае яе муж, і яна прыяжджае пагасьціць да сваёй дачкі ў выкананьні легенды швэдзкага кіно Ліў Ульман. Фільм апавядае пра крыўды, якія праносяцца праз шматлікія дзесяцігодзьдзі, пра памылкі ў выхаваньні дзяцей. Ліў Ульман грае самадастатковую, але не такую зорную кабету, як яе маці. Доўгія восеньскія дыялёгі запаўняюць стужку Інгмара Бэргмана.
Ня будзе лішнім нагадаць, што паміж Інгмарам і акторкай Інгрыд Бэргман няма ніякіх сямейных сувязяў.
Нумар 1. Бацька (The Father). 2020
Рэжысэрскі дэбют Фларыяна Цэлера атрымаўся звышудалым. Стужка запрашае гледачоў у сьвет, дзе жыве Энтані, якога грае сапраўдны Энтані – Хопкінс. Гэта чалавек, які імкліва старэе, і разам з гэтым змагаецца з пагаршэньнем стану свайго розуму. У той час як гісторыя нібыта круціцца вакол зьніжэньня здольнасьцей героя, насамрэч гэта аўтарскае разважаньне аб сямейных адносінах. Асабліва складанай іх частцы - паміж састарэлымі бацькамі і іх дарослымі дзецьмі.
Іх узаемадзеяньне з дачкой, якое чаргуецца момантамі пяшчоты, расчараваньня і гора, яскрава ілюструе эмацыянальны ўдар, які дэменцыя наносіць не толькі хворым, але і іх блізкім.
Не забывайцеся цаніць хвіліны радасьці з сям’ёй.
Прыемнага прагляду!
Іншыя аўтарскія падборкі фільмаў шукайце тут.