Топ-5 прычын, чаму «народ не хоча» беларускай мовы

«Народ не хоча. Каб хацелі, ніякая палітыка б не спыніла. А так, рабіць для 1% усё па-беларуску? Ніхто гэтага не хоча», — заявіў мой беларускамоўны знаёмы ўзросту каля трыццаці. Сваімі думкамі наконт гэтага падзяліўся Севярын Квяткоўскі на Радыё Свабода.

sever_1.jpg

Палічым «1%» як штосці ўмоўнае. Галоўнае, што я зразумеў: усё, што адбывалася ў Беларусі пакуль сталеў мой знаёмы, усе дзеянні і словы прайшлі міма яго. А хутчэй за ўсё, міма цэлай генерацыі, якая адкрывае для сябе ровар пад назвай «народ не хоча». Думае, што адкрывае, а насамрэч паўтарае прапагандысцкае клішэ, створанае яшчэ ў другой палове 1990-х.

Неяк пісьменнік Уладзіслаў Ахроменка распавёў гісторыю. Яны з сябрам пісьменнікам Максімам Клімковічам папрасілі таксіста пачакаць пару хвілін каб скончыць размову. Гаворка вялася пра нейкія бытавыя рэчы кшталту як спарадкаваць лецішча. Пасля Ўладзіслаў сеў ды паехаў. Усю дарогу таксіст маўчаў. А калі Ўладзіслаў расплаціўся і сабраўся выходзіць, таксіст прамовіў: «Я тоже его ненавижу».

Гісторыя была б смешная, калі б не адлюстроўвала месца беларускай мовы ў сучасным грамадстве. Беларуская мова не проста сродак камунікацыі, не проста частка гісторыі і культуры. Беларуская мова застаецца актыўным палітычным маркерам. Але пачнем з практычнага аспекта, які, на першы погляд, з палітычным не звязаны.

1. Якая практычная будучыня? Уявім стандартныя турботы бацькоў. Беларускамоўны дзіцячы садок? А школа з беларускай мовай навучання побач ёсьць? Не. Але, напрыклад, ёсць. А пасьля школы які ВНУ? Пару гуманітарных і ўсё? Напрыклад, з’явіцца шэраг розных беларускамоўных ВНУ. А што далей з працай? Там жа ўсё па-руску. Дзвюхмоўе? Дзе: у войску, на атамнай станцыі, у хуткай дапамозе? Пытанне вісіць у паветры і ўплывае на рускамоўны выбар бацькоў.

2. Палітычнае таўро. Людзі бачаць, што «белмоўныя» — гэта пераследаваная ўладамі група. Група палітычнай рызыкі. Магчыма, апошнія гады накрэсліўся кірунак на дэпалітызацыю беларускай мовы, але пакуль вышэйшае кіраўніцтва на ёй публічна не загаворыць, да любых праяў «мяккай беларусізацыі» людзі будуць ставіцца зь недаверам. Навучаныя прыкладамі, калі «палітыка партыі» можа разварочвацца на 180 градусаў. Часта беларускамоўныя дома і ў сяброўскім коле людзі пераходзяць у публічнай прасторы на рускую, «каб не свяціцца». Разам складаецца ўражанне, што «народ не хоча».

3. Інэрцыя. Побач ёсць прыклад Кіева, дзе, не гледзячы на змены прэзідэнтаў, не змянялася палітыка ў адукацыі. Ад пачатку незалежнасьці ў 1991 школы і ВНУ стала пераводзіліся на ўкраінскую мову. Цяпер у Кіеве амаль усе школы ўкраінамоўныя. Ад'едзьце ад турыстычнага цэнтру Кіева ў спальныя раёны, пагуляйце там па скверах, крамах і кавярнях. Вам вельмі пашанцуе, калі пачуеце ўкраінскую мову. Хутчэй за ўсё, такім чалавекам будзе школьнік ці нядаўні школьнік. Большасьць людзей гавораць па-руску. Чалавеку з узростам цяжка перабудоўваць сябе, змяняць звычкі. «Хай дзеці вучаць, а я ўжо так буду». Гэта я чуў і ў Беларусі. Што не азначае, што ўлада не мусіць ісьці насустрач тым, хто актыўна патрабуе рэалізацыі сваіх правоў на адукацыю на роднай мове.

4. Шчырае нежаданне. У выніку русіфікацыі, апагей якой прыпаў на 1970-я — пачатак 1980-х, у Беларусі вырасла ўжо не адно пакаленне, гадаванае па-за кантэкстам беларускай мовы. Усё менш гарадскіх дзяцей маюць магчымасць спрычыніцца да жывой беларускай мовы ў вёсках, адкуль паходзіць іх род. Багата хто тых вёсак і не меў ніколі, бо дзяды-бубулі прыехалі ў Беларусь па размеркаванні. Хтосці хоць і сам ад нараджэння гаварыў па-беларуску, дзякуючы ідэалёгіі «савецкага інтэрнацыяналізму», канчаткова выкінуў з сябе мову продкаў і ў такім рэчышчы выхоўваў сваіх дзяцей. Такіх грамадзян, якія катэгарычна супраць разьвіцьця беларускай мовы ў грамадзкім ужытку, па розных ацэнках можа быць да 30% насельніцтва.

5. Маніпуляцыі ўлады. не гледзячы на развіцьцё інтэрнэту, для старэйшай генэрацыі галоўным аўтарытэтам у інфармацыйнай прасторы застаецца тэлевізар. А Беларусь — краіна далёка немаладога насельніцтва. А яшчэ Беларусь — краіна вэртыкальнай і пірамідальнай структуры ўлады. А яшчэ ў Беларусі чыноўнікам заканадаўча дазволена не агучваць журналістам хоць якія статыстычныя звесткі, нават самыя бяскрыўдныя. Усё разам стварае ўмовы для маніпулявання грамадзкім меркаваннем. Дадайце сюды чысты падман і будзе сучасная карціна. «Беларускамоўныя класы? Не, у нас людзі не хочуць». Памятаю багата гісторый пра тое, як энтузіясты збіралі, напрыклад, дваццаць подпісаў за адкрыццё беларускамоўнай групы ў садку. А пасьля з выканкаму абзвоньвалі бацькоў, казалі што астатнія ўжо не хочуць і прасілі адклікаць свае подпісы. Плюс да ўсяго сёння людзі яшчэ больш запужаныя, чым раней.

Выйсце. Самае простае вырашэнне праблемы, прынамсі, на першасным этапе, гэта поўная легалізацыя прыватнай адукацыі. Усіх узроўняў: ад садка да ВНУ. Нас адзін працэнт? Ок, мы ў сваім адным працэнце самі тут сабе дамо рады, да дзяржавы просьба — не замінаць.

І вось тут самая галоўная «палітыка». Палітыка не ў тым ці «ты за красных ці за белых». Палітыка ў кантролі за хоць якой грамадскай дзейнасцю па-за кантролем дзяржавы. «Рабіць для 1% усё па-беларуску? Ніхто гэтага не хоча». А не трэба рабіць, трэба не перашкаджаць. «Каб хацелі, ніякая палітыка б не спыніла». Дык ужо спыняе. Хай сабе адзін працэнт.

Вось гэты «адзін працэнт», які жыве ў «культурным гета», чым ён пагражае, чаму б не дазволіць нацыянальны ўніверсітэт, напрыклад? Хай там варацца ўнутры сябе. Справа ў тым, што адзін прыватны працэнт можа паказаць такі ўзровень, што аўтаматычна прадэманструе нікчэмнасць афіцыйнай якасці.

А яшчэ ўмоўны адзін працэнт — гэта вяршыня айсберга. Гэта тыя актыўныя людзі, якія ідуць супраць ветру. І за якімі пацягнуцца тыя, хто баіцца ці сумняецца. Такая палітыка.