«Нізкая яўка — прыкмета недаверу да палітычнай сістэмы»

Асноўнай палітычная падзеяй мінулых 7 дзён у Беларусі сталі выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Прайшлі яны па традыцыйным сцэнары — з велізарнымі лічбамі датэрміновага галасавання і пры непразрыстым падліку галасоў. Аднак новым феноменам стала значнае завышэнне яўкі.

4d0e45f9_8113_4c9e_8f5d_f89772eca868.file


Навошта ўлады вырашылі завысіць колькасць удзельнікаў на малаважных мясцовых выбарах? Ці паўторыцца гэты сцэнар на выбарах прэзідэнта? Гэтыя ды іншыя пытанні ў «Палітычным люстэрку» на "Полскім радыё" абмяркоўваюць Аляксандр Папко і аналітык EAST-Center Андрэй Елісееў.

Навошта на выбарах спатрэбіліся «каруселі»?

18 лютага ў Беларусі прайшлі выбары ў мясцовыя саветы дэпутатаў. Зацікаўленасць як кандыдатаў, так і насельніцтва, была рэкордна нізкай. На 18,5 тысячаў месцаў у сельскіх, раённых і абласных саветах прэтэндавалі толькі 22 тысячы чалавек. Пасля закрыцця ўчасткаў Цэнтрвыбаркам заявіў, што яўка склала ажно 77%, а доля тых, хто прагаласаваў датэрмінова, пабіла ўсе рэкорды і склала 34%.

Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра масавае завышэнне яўкі і падтасоўкі на карысць праўладных кандыдатаў. Навошта ўладам накручваць яўку на мясцовых выбарах, якія нічога не вырашаюць? Ці будзе яна завышацца на выбарах прэзыдэнта? Як на фальсіфікацыі адрэагуюць краіны Захаду?

Андрэй Елісееў: Сапраўды, паводле справаздачаў назіральнікаў і шэрагу медыя-матэрыялаў, на гэтых мясцовых выбарах ажно так званыя каруселі задзейнічалі, каб накруціць яўку. Гэта калі спецыяльныя групы людзей ездзяць па ўчастках, каб прагаласаваць па некалькі разоў. А тым часам парога яўкі на гэтых мясцовых выбарах не было — і адсюль слушнае пытанне: навошта гэта ўсё?

А гэта трэба для легітымізацыі выбараў — каб паказаць, што яны карыстаюцца даверам беларусаў, што ўскосна гаворыць і пра давер да ўсёй палітычнай сістэмы. Пагадзіцеся, ёсць псіхалагічная розніца — прыйшлі на ўчасткі 77% (як быццам), ці, скажам, 30%.

Захад чарговы раз нагадае пра парушэнне міжнародных стандартаў і пашкадуе, што Беларусь не палепшыла выбарчае заканадаўства, каб зрабіць выбарчы працэс больш адкрытым. Але сёння Захад не ставіць свабодныя выбары перадумовай нармалізацыі адносін з Беларуссю.


Павысіць заробкі настаўнікам удвая — нерэальна

16 лютага Аляксандр Лукашэнка загадаў павысіць заробкі настаўнікам удвая. Як падкрэсліў кіраўнік Беларусі, такая мера неабходная, каб спыніць катастрафічны адток кадраў. Пра тое, што прэстыж настаўніцкай прафесіі проста неабходна павышаць, каб павысіць якасць школьнай адукацыі, не спрачаецца ніхто. Аднак ці ўдасца выканаць такую амбітную задачу?

Андрэй Елісееў: Пытанне рытарычнае, бо, напэўна, ніхто (і перадусім самі настаўнікі) ў такія абяцанкі не вераць. Тады штогод на болей як 100 тысяч педагогаў давядзецца дадаткова выдаткоўваць не меней за сотню мільёнаў даляраў з бюджэту. Падняць заробак педагогам нават на адсоткаў 20–30% пры ўсё болей дзіравым бюджэце — выглядае маларэалістычна. Напэўна, гэтая заява часткова звязаная з нядаўнім даволі значным павышэннем заробку ўкраінскіх настаўнікаў.


Беларуская мова для ўладаў па-ранейшаму — не каштоўнасць

19 лютага напярэдадні Дня роднай мовы міністр адукацыі Ірына Булаўкіна адказала на зварот бацькоў, якія патрабуюць стварыць больш беларускамоўных групаў у дзіцячых садках, ці хаця б паведамляць перад пачаткам навучальнага году, у якіх садках такія групы з’яўляюцца. Адказ міністаркі быў стандартны: маўляў, рашэнні аб адкрыцці беларускамоўных групаў і класаў прымаюць «мясцовыя ўлады ў залежнасці ад эканамічнай сітуацыі і адпаведна заявам бацькоў». Чаму міністэрства адукацыі не жадае даць магчымасць выхоўваць дзяцей па-беларуску нават тым бацькам, хто гэта моцна жадае? Ці ва ўстановах адукацыі за апошнія гады беларускай мовы стала больш?

Андрэй Елісееў: На жаль, для цяперашніх уладаў беларуская мова — гэта не нацыянальная каштоўнасць і прадмет нацыянальнага гонару, а проста палітычны інструмент, які на словах крыху болей падкруцілі, калі адчулі пагрозу так званага «рускага міру». А на практыцы канкрэтныя дзеянні, каб павялічыць выкарыстанне беларускай мовы ў сістэме адукацыі альбо медыясферы і каб падвысіць яе сацыяльны статус, зусім кволыя. Летась у беларускіх школах па-руску вучыліся болей за 86% школьнікаў, што на 5 працэнтных пунктаў болей, чым у 2010-м. Як бачым, беларускай мовы ў установах адукацыі становіцца ўсё меней.


У Беларусь трэба вяртаць не толькі целы славутых землякоў, але і культурныя каштоўнасці

17 лютага ў касцёле Святога Роха ў Менску быў перапахаваны прах знакамітай беларускай мецэнаткі Магдалены Радзівіл. Апошняе жаданне князёўны — быць пахаванай у Менску — было выканана дзякуючы актывісту беларускай дыяспары ў Швейцарыі Аляксандру Сапегу. А целы якіх славутых беларусаў, на вашу думку, належыць вярнуць на Радзіму? Ці зоймецца дзяржава такой працай?

Андрэй Елісееў: Вяртанне целаў залежыць ад жадання сваякоў памерлага, і для Беларусі з’яўляецца хіба меней актуальным за вяртанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў. З 2009 году ў Беларусі працуе спецыяльная ўрадавая камісія, якая гэтым займаецца. Але, на жаль, у сусветнай практыцы арыгіналы каштоўнасцяў надзвычай рэдка вяртаюцца ў краіну паходжання.

Размаўляў Аляксандр Папко, www.radyjo.net