У Нацыянальнай бібліятэцы прэзентавалі кнігі пра беларусаў Падляшша (фота, відэа)

У Нацыянальнай бібліятэцы 5 красавіка адбылася сустрэча з Дарафеем Фіонікам, падляшскім беларусам, аўтарам шэрагу кніг па гісторыі і этнаграфіі, заснавальнікам Музея малой Айчыны ў Студзіводах (ля Бельска Падляшскага).

2017_04_05_fijonik_nbb_a._ljaszkevicz_img_2543_logo.jpg


Асобнік сваёй самай новай кнігі пра праваслаўнага святара Канстанціна Байко Дарафей Фіонік падараваў Нацыянальнай бібліятэцы. Раней, таксама ў серыі «Гісторыя і культура падляшскіх беларусаў», выйшлі яго даследаванні пра бежанства, бельскі сойм 1564 г. — іх можна было пабачыць на міні-выставе кніг пра падляшскіх беларусаў з фондаў Нацыянальнай бібліятэкі, што дзейнічала падчас імпрэзы.

2017_04_05_fijonik_nbb_a._ljaszkevicz_img_2562_logo.jpg


Музей малой Айчыны ў Студзіводах выдае таксама краязнаўчы альманах «Бельскі гасцінец». Студзіводы — гэта прадмесце Бельска Падляшскага, якое, па словах Дарафея Фіоніка, магло б сёння быць спальным раёнам. Але 30 год таму на базе хаты сваіх продкаў Дарафей з паплечнікамі стварылі музей вясковага побыту, потым дадаліся яшчэ будынкі… У 2000-м годзе, аднак, было вырашана рэгістраваць асяродак не як музей, а як грамадскае аб’яднанне, што пасля ўступлення Польшчы ў Еўрасаюз дапамагае атрымліваць фінансаванне.


Музей малой Айчыны ладзіць імпрэзы па падтрымцы народнай культуры на працягу ўсяго года. Самае вялікае мерапрыемства ў Студзіводах — фестываль «Там по маёвуй росі». Сёлета ён пачынаецца ў красавіку і доўжыцца да ліпеня. Звычайна на фестываль запрашаюць падляшскія і палескія гурты з Польшчы і Беларусі. Падляшскія беларусы карыстаюцца асаблівым дыялектам беларускай мовы, нават ёсць падляшска-беларускі слоўнік. Падляшша лічыцца выраем для дыялектолагаў, так шмат там захавалася разнастайных гаворак. Беларусы замежжа цікавыя метраполіі праз тое, што іх мова не нясе адбітку савецкага часу. Пры гэтым Дарафей Фіонік падкрэслівае: «Мы не перыферыя, у нас, у Супраслі, быў адзін з цэнтраў развіцця беларускай мовы і культуры».


Для наведвальнікаў імпрэзы выступілі народны хор імя А. Рашчынскага і фольк-гурт «Рада». Госцем на прэзентацыі быў дырэктар Інстытута польскага ў Мінску Матэуш Адамскі. Ён на добрай беларускай мове паведаміў: «Запрашэнне было для мяне нечаканым, Інстытут польскі займаецца перадусім прамоцыяй польскай культуры ў Беларусі. Але культура беларусаў Падляшша — істотная частка польскай нацыянальнай культуры. Дзейнасць Дарафея Фіоніка ісотная не толькі ў рэгіянальным маштабе, але і ў нацыянальным, і міжнародным».


У канцы імпрэзы слова ўзяў работнік культуры з Любані (Мінская вобласць) Сяргей Выскварка. Ён падараваў падляшскім беларусам бохан хатняга любанскага хлеба і кнігу Анатоля Статкевіч-Чабаганава, а падчас прамовы акрэсліў праблему: «Мы падтрымліваем стасункі з беларусамі на эміграцыі, клапоцімся пра беларускія дыяспары, і ў той жа час часта забываемся на беларусаў, што жывуць там, дзе і жылі, якіх ад нас аддзяляюць не аграмадныя адлегласці, а толькі мяжа». Сяргей Выскварка даўно падтрымлівае сяброўскія адносіны з беларусамі Падляшша і сёлета збіраецца на фестываль «Там по маёвуй росі» з танцавальным майстар-класам.


Гурт «Жэмерва», у якім спяваюць Дарафей Фіонік і вядоўца імпрэзы ў Нацыянальнай бібліятэцы Томаш Суліма, бывае ў Беларусі адносна часта. Ведаюць яго і далей на усход, напрыклад, у 2016-м «Жэмерва» выступала ў Сакт-Пецярбургу. Падчас імпрэзы ў Нацыянальнай бібліятэцы дырэктарка Цэнтра нацыянальных культур Вольга Антоненка паведаміла, што ў верасні «Жэмерва» прыедзе ў Мінск на фестываль мастацтва беларусаў свету.