У Вільні прайшла прэзентацыя рамана Уладзіміра Някляева (фота)

Дзясятая па ліку і заключная прэзентацыя праходзіла з аншлагам. Заля Віленскага беларускага музея імя Івана Луцкевіча 4 снежня была запоўнена пад завязку прыхільнікамі творчасці выбітнага літаратара сучаснасці.

img_20211204_184208_copy_2312x1734_1_logo.jpg


Цяжкая для вымаўлення назва рамана паходзіць ад габрэйскага наймення апраметнай. Аўтар філасофствуе на тэму таго, што нашае жыццё з ягонымі выклікамі, выпрабаваннямі і выбарам часам не нашмат адрознае ад той апраметнай. Хаця і напісаная ў жанры гістарычнага фэнтэзі кніга шмат у чым аўтабіяграфічная. У ёй пераплецены эпізоды з жыцця класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы і сцэны з брэжнеўскіх часоў. Героі кнігі ставяцца перад цяжкім маральным выбарам і глыбока рэфлексуюць на гэты конт.

img_20211204_175241_copy_2312x1734_1_logo.jpg


Уладзімір Някляеў падчас прэзентацыі ўзгадваў гісторыі свайго жыцця, якія паўплывалі на ягоны прыход у літаратуру, распавядаў пра сваю новую кнігу, чытаў вершы і нават выканаў песню «Васільковае поле». Хаця збольшага песні спяваў выдатны музыка і сябра Уладзіміра Някляева Зміцер Вайцюшкевіч. Ён выканаў нізку сваіх найпапулярнейшых кранальных песень на словы Уладзіміра Пракопавіча. Гучалі песні «Як ты адзін», «Скончылася лета», «Дарога», «Красуня Вясна», чым заслужыў гарачыя апладысменты і ўдзячнасць прысутных.

img_20211204_173620_copy_2312x1734_1_logo.jpg


Паводле Яраслава Іванюка, сёння адбывалася 10-я, заключная прэзентацыя кнігі, практычна ўсе асобнікі якой падчас прэзентацыйнага туру былі раскупленыя.

img_20211204_191832_copy_2312x1734_1_logo.jpg

«Мы наведалі найбольшыя асяродкі беларускай эміграцыі ў Польшчы, а таксама месцы пражывання беларускай нацыянальнай меншасці. Былі ў Кракаве, Уроцлаве, Познані, Гданьску, Варшаве, Лодзі, Беластоку, Белым Падляску. Апошнія дзве прэзентацыі мы зладзілі ў Вільні ў Доме літаратара, а таксама ў доме Івана Луцкевіча. На ўсіх прэзентацыях была вялікая зацікаўленасць як самой кнігай, так і яе аўтарам, ці не найбольш вядомым беларускім літаратарам», – адзначае прадстаўнік фонду Kamunikat.org Яраслаў Іванюк.

img_20211204_191849_2_copy_1109x1409_1_logo.jpg


«Я як выдавец вельмі задаволены гэтым турам, вельмі ўсцешаны, што ў нас усё атрымалася. Мы будзем працягваць. Зацікаўленасць кнігай вялікая. Хутчэй за ўсё будзем дадрукоўваць», – дадаў Яраслаў Іванюк.


Раман «Гэй Бэн Гіном» надрукаваны пры падтрымцы Kamunikat.org у Польшчы і распаўсюджваўся падчас прэзентацыйнага туру сярод беларускай дыяспары Польшчы і Літвы. Беларускім чытачам з палітычных прычынаў пакуль даступная толькі электронная версія.