«Улады выкарыстоўваюць кінамастацтва як інструмент для вырашэння палітычных задач»
«Беларусьфільм» абвясціў, што здыме чарговы «гістарычны блокбастар» — новую экранізацыю рамана Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Аднак кінакрытык Тарас Тарналіцкі ўпэўнены ў тым, што фільм будзе скандальным і няўдалым. Як, дарэчы, і ўсе апошнія праекты «Беларусфільма».
Пад гэтую экранізацыю Караткевіча ўжо вылучылі субсідыю, прадзюсар Глеб Шпрыгаў напісаў сцэнар «паводле першакрыніцы». Здымкі мусяць пачацца ўжо ў красавіку, а ўвесну 2024-га, як заяўлена, убачыць свет сама кінастужка з рабочай назвай «Чорны замак». Здымаць фільм будзе хоць і ў Беларусі, але расійскі рэжысёр — Кірыл Кузін, з удзелам не названых пакуль «зорак расійскага кіно».
Нават калі не ўзгадваць не надта ўдалы пракатны лёс папярэдніх беларусьфільмаўскіх «блокбастараў», узнікае шэраг пытанняў наконт будучага фільма.
Чаму праз амаль 40 год пасля першай экранізацыі (аднайменны з кнігай фільм Міхаіла Пташука выйшаў у 1984-м) студыя зноў узялася за Караткевіча і ці атрымаецца ў сучаснай Беларусі зняць гістарычнае кіно так, каб яго не паклалі на паліцу? Гэтыя пытанні «Філін» абмеркаваў з кінакрытыкам Тарасам Тарналіцкім.
— На ваш погляд, чаму менавіта цяпер «Беларусьфільм» рызыкнуў узяцца за Караткевіча, якога ў свой час кляймілі «галоўным нацыяналістам», а фільмы паводле яго твораў ці шмат гадоў не траплялі да гледача, ці жорстка цэнзураваліся? Здаецца, сёння — самы няўдалы момант закранаць нацыянальныя тэмы.
— Я з гэтым не згодны — мне падаецца, момант якраз абралі самы зручны. На маю думку, «Беларусьфільм» спрабуе ў шырокім рэчышчы афіцыйнай культурнай палітыкі паказаць, што ў іх усё нармальна, ніякіх праблем няма, працягваюць працаваць, як і раней.
Датычна постаці Караткевіча як нацыяналіста зараз, відаць, ужо не так і ўзгадваецца, як у ранейшыя часы. Хутчэй за ўсё, «Беларусьфільм» выконвае тое, што сказалі ўлады. Так, Галоўчанка запатрабаваў летась зрабіць кіно не проста камерцыйна паспяховым, а каб яно «выхоўвала патрыятызм і грамадзянскасць», а да таго Лукашэнка падпісаў указ аб субсідзіраванні вытворчасці нацыянальных і патрыятычных фільмаў.
І вось «Беларусьфільм» спрабуе чарговы раз стаць на тыя ж лыжы, што і, напрыклад, з фільмам «Авантуры Пранціша Вырвіча» — гістарычнага і адначасова прыгодніцкага па сваім фармаце кіно.
Экранізацыя рамана Караткевіча таксама добра кладзецца ў гэтую каляіну: гэткі прыгодніцкі дэтэктыў, вельмі падобны на тое, што было ўдала зроблена прыватнай «Першай КінаВідэакампаніяй» на пачатку 2010-х (маю на ўвазе серыял «Сляды апосталаў»). Толькі там не трэба было ўзгадваць Караткевіча, а тут патрэбна.
Паколькі мы не ведаем сцэнара, то не вельмі зразумела, у якім гістарычным прамежку будуць развівацца падзеі — у рамане ж яны развіваюцца ў Савецкім Саюзе, і гэта адна гісторыя, а калі гэта будзе ў сучаснай Беларусі, то як?
На думку кінакрытыка, «Беларусьфільм» хутчэй абярэ савецкі перыяд, бо гэта запатрабавана афіцыйнай ідэалогіяй, скіраванай у «светлае мінулае». А галоўных мэт у праекце некалькі: паказаць, што ў беларускім кіно ўсё добра і старонка перагорнута, працягнуць ідэалізацыю савецкага перыяду і, нарэшце, проста нешта рабіць, выконваючы загад урада.
— Але тое, што няма людзей для выканання гэтай задачы, наадварот, сведчыць пра крызіс у культуры, пра тое, што ніхто не хоча з дзяржавай супрацоўнічаць, — лічыць Тарас Тарналіцкі, — да таго ж большасць здатных творчых людзей з’ехалі.
— У красавіку ўжо мусяць пачацца здымкі, а імёны акцёраў, якія выканаюць галоўныя ролі, дагэтуль не названы. Паведамляецца толькі, што пацвердзілі ўдзел нейкія расійскія «зоркі кіно». Такі выбар тлумачыцца камерцыйным разлікам, маўляў, на сваіх не пойдуць, альбо ідэалагічным — бракуе лаяльных і адначасова таленавітых?
— Гэта комплексная праблема. З аднаго боку, яны хочуць камерцыялізаваць само мастацтва — аднак пакуль што «Беларусьфільм» на тым, што стварае, асабліва грошай не зарабляў. То-бок могуць запрашаць расійскіх рэжысёраў здымаць і потым прадаваць кантэнт (збольшага серыялы), але гэта не тыя грошы, якімі можна пахваліцца.
З другога боку, канешне, гэта цалкам каланіяльная палітыка, арыентацыя на «старэйшага брата» і на тое, што ў кінаіндустрыі РФ ёсць нейкія зоркі. Але зараз, асабліва пасля года вайны, такая рыторыка вельмі дзіўная. Бо да нас едуць не вялікія расійскія рэжысёры і акцёры, а ў асноўным серыяльныя ці тыя, хто здымае кіно невысокай якасці.
Той жа Кірыл Кузін, які будзе працаваць над «Чорным замкам», раней працаваў на ТНТ, здымаў «Камедзі Клаб», а ягоныя кінаработы — не аўтарскае і нават не якаснае жанравае кіно, а «Самы лепшы фільм» і да таго падобныя не тое каб высокага гатунку камерцыйныя стужкі, сэнс якіх — зарабіць грошай.
Гэта сведчыць аб тым, зазначае эксперт, што кінастудыя не можа прыцягнуць да стварэння кантэнту творчых дзеячаў — сцэнарыстаў, рэжысёраў, прадзюсараў, хіба акцёраў і дапаможных спецыялістаў па гуку, святле, аранжыроўках і г.д.
— З аднаго боку, яны баяцца ўдзелу нелаяльных кінематаграфістаў і што потым фільм не выйдзе, а з другога, з імі і так ніхто не хоча супрацоўнічаць, — канстатуе крытык. — Гэта бачна па фестывалі «Лістапад», на якім за апошнія два гады не было ніводнага прыватнага праекта. Быў намініраваны толькі адзін фільм, часткова створаны на сродкі дзяржавы — «Дзесяць жыццяў Мядзведзя» Андрэя Кудзіненкі, але яго цэнзуравалі — знялі і з фестывалю, і з пракату.
Таксама прыгадаем, што два гады не было конкурсу нацыянальнага кіно: у 2021-м яго сумясцілі з секцыяй «маладога кіно», але туды, нягледзячы на захады арганізатараў і кінастудыі, падаўся адзін толькі выпускнік Акадэміі мастацтваў Кірыл Халецкі. А ў мінулым годзе нават сам «Беларусьфільм» не змог пахваліцца нічым, акрамя анімацыі.
— У «Чорным замку Альшанскім» ёсць лінія, якая даспадобы цяперашнім уладам — гісторыя Лапатухі, праз якую можна паказаць «генацыд беларускага народа»; аднак калі з гэтым перабаршчыць, ніхто ж не будзе глядзець. Ці магчыма наогул зняць гістарычнае кіно паводле Караткевіча так, каб яго не паклалі на паліцу, па прыкладзе «Купалы» і «Авантураў Пранціша Вырвіча»?
— Дзве гэтыя апошнія спробы стварыць больш нацыянальна арыентаванае кіно ўсё ж здзяйсняліся ў іншых умовах: там людзі працавалі не толькі дзеля грошай — яны былі апантаныя ідэяй спрычыніцца да вялікага кіно, цікавага гледачам. Зараз такіх людзей амаль не засталося, у тым ліку праз рэпрэсіі, звальненні на «Беларусьфільме». І хто гэта будзе рабіць, незразумела.
Падаецца, падобных спецыялістаў там ужо няма, а калі адзінай матывацыяй у працы будуць грошы, у гэтым нічога добрага. Чалавек павінен быць апантаны матэрыялам, каб стварыць нешта сапраўды цікавае і добрае.
Таму я не выключаю прарасійскага, прасавецкага наратыву, які ўзнікне ў гэтым фільме — перапісаць Караткевіча на замову дзяржавы не вельмі цяжка.
Тут не важна нават, ці пойдуць гледачы на гэты фільм: дзяржаве трэба проста, каб ён быў зняты, а што там з ім атрымаецца потым, ужо нікога не цікавіць.
«Беларусьфільм» так працуе ўжо трэці дзясятак гадоў, ствараючы прадукт дзеля працэсу і для вельмі маленькай аўдыторыі — такой партыйнай эліты, істэблішменту Лукашэнкі.
— Калі згадаць пра першы «нацыянальны блокбастар» — фільм «Анастасія Слуцкая», ён не прынёс асаблівай славы і грошай ані рэжысёру, ані акцёрам (выканаўцы галоўных роляў, за выключэннем Генадзя Давыдзькі, сёння наогул не ў Беларусі). Ці напаткае такі ж лёс «Чорны замак»?
— Акрамя «Анастасіі Слуцкай», можна згадаць і больш сучасныя «нацыянальныя блокбастары» — «Сляды на вадзе», напрыклад, ці зроблены па дзяржаўнай замове «Мы, браты», альбо фільм «Мы адзіныя», які пачалі здымаць летась пра «агульнасць і непадзельнасць» Беларусі.
Гаварыць пра яго будуць ці таксама ў сувязі са скандаламі (па маіх адчуваннях, іх будзе адзін ці два), ці прыводзячы як няўдалы прыклад сучаснай экранізацыі беларускай класікі. Бо ўлады выкарыстоўваюць кінамастацтва як інструмент для вырашэння сваіх палітычных задач, а не як нармальную культурную з’яву. Таму і стаўленне да такіх праектаў адпаведнае — без адміністрацыйных метадаў іх ніхто не глядзіць, а калі пабачаць, то доўга плююцца.
Можа, яшчэ расіяне купяць, бо ў іх таксама ёсць праблемы з кантэнтам праз вайну і санкцыі. Але ўсім іншым гэта не трэба — стварэнне годнага кантэнту праз ідэалагічнае сіта ніколі не адбываецца, гэта мёртванароджаная ідэя.