Утульна і змястоўна
Дзяцей, а пагатоў — падлеткаў, у кнігарнях я не бачыла вельмі даўно. За апошнія год 10, бадай, ніколі. А тут — адразу трое, дыскутуюць над палічкай з дапаможнікамі па новых тэхналогіях. Паварочваюцца — і тут іх позірк трапляе на кнігу «М+Ж» Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак. Гутарка пераключаецца на абмеркаванне нядаўняга фільму па гэтай кнізе.
Дзяцей, а пагатоў — падлеткаў, у кнігарнях я не бачыла вельмі даўно. За апошнія год 10, бадай, ніколі. А тут — адразу трое, дыскутуюць над палічкай з дапаможнікамі па
новых тэхналогіях. Паварочваюцца — і тут іх позірк трапляе на кнігу «М+Ж» Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак. Гутарка пераключаецца на абмеркаванне нядаўняга фільму па
гэтай кнізе. Маладыя маці з вазочкамі, пенсіянеры з пакетамі малака, офісныя служачыя — здавалася, увесь квартал прайшоў тут цягам гадзіны, заваблены ўсярэдзіну вітрынай, дзе на розных мовах
было напісана адно слова — «Кнігі». 5 красавіка «Кніжны салон» на вуліцы Калініна, 5 адчыніў свае дзверы для наведнікаў.
Раней па гэтым адрасе была занядбаная крама абутку. Цяпер памяшканне не пазнаць, бо сюды адначасова прыйшлі Кніга і прыватны бізнес. Ала Зміева, дыпламаваны філолаг, уладальніца фірмы
«Брэсол», якая да таго займалася аптовымі пастаўкамі кніжнай прадукцыі ў Беларусь, вырашыла заснаваць уласную кнігарню. Дырэктаркай новага прадпрыемства стала Соф’я
Жыбулеўская, — былая кіраўніца «Акадэмкнігі», дасведчаны менеджэр кніжнага рынку, якая вывела буйную кнігарню пры Акадэміі навук Беларусі ў шэраг найлепшых у краіне.
Жанчыны паразумеліся што да поглядаў на тое, чым ёсць гандаль кнігамі, і пачалі супрацу. Цяпер у спадарыні Соф’і і ўсяго калектыву няпросты, але захапляльны перыяд — пачатак новай,
гэтым разам сваёй справы. «Галоўнае — не атрыманне грошаў, а праца з Кнігай», — выслаўляе дырэктарка «Кніжнага салону» крэда прадпрыемства.
Я пакідаю торбу ў ячэйцы схову, замыкаю на ключ — і цяпер мае рукі свабодныя: можна вольна хадзіць між паліц, гартаючы кнігі… У новай краме пахне свежым рамонтам, але аўра навізны
спалучаецца з падкрэслена класічным інтэр’ерам, прадуманым і густоўным. Тут (трэба думаць, часова) бракуе хіба ўтульных канапаў і фатэляў, каб «Кніжны салон» канчаткова
набыў салонны выгляд. Класіка і надалей будзе адцяняцца новымі тэхналогіямі, дзеліцца планамі кнігарні спадарыня Соф’я. Тут плануюць паставіць кампутар з каталогам кніг для наведнікаў, у
інтэрнэце будзе працаваць сайт для сувязі з чытачамі, неўзабаве з’явіцца тэхнічная магчымасць ладзіць сустрэчы з пісьменнікамі і іншыя камерныя акцыі. Адна з генеральных задачаў на бліжэйшы
час — «апраўдаць назву «Кніжны салон»: каб было ўтульна, змястоўна і можна было спакойна размаўляць пра Кнігу ўсім, хто ў ёй зацікаўлены».
Кнігарня толькі пачала працу, і асартымент пакуль што даволі малы, але ўжо бачныя асноўныя кірункі, у якіх будзе развівацца напаўненне. Імкненне прадставіць сучасную беларускую літаратуру ва ўсёй яе
красе і сіле спалучаецца з практычным падыходам. Уражвае стэлаж «Руская мова для замежнікаў», не бачаны мной дагэтуль ні ў адной кнігарні сталіцы. Гэтак прадпрымальніца Ала Зміева
зрэагавала на павелічэнне ў Беларусі колькасці студэнтаў з іншых краінаў: «Самастойнасць развівае больш творчы і аператыўны падыход», — кажа спадарыня Соф’я.
І ў той жа час, падкрэслівае яна, «беларуская кніга будзе ў нас на першым месцы — інакш нельга: паважаем нашу літаратуру, нашых аўтараў, нашу гісторыю. Вы бачыце, вялікі аддзел, пры
ўваходзе, каб пакупнік адразу звяртаў увагу, адчуваў наша стаўленне да роднага пісьменства. Беларуская кніга будзе прадстаўлена шырока: мастацкая, дзіцячая, навуковая — уся наша
кніга». Гаспадыні маюць надзею на плённае супрацоўніцтва як з дзяржаўнымі ды прыватнымі выдавецтвамі, так і наўпрост з пісьменнікамі: існуе магчымасць заключаць дамовы з аўтарамі кніг як з
фізічнымі асобамі.
«Трэба ведаць Кнігу. Трэба яе любіць. Гэта незвычайная, вельмі складаная прафесія — увесь дзень на нагах… Прадавец не павінен стаяць на месцы, ён павінен размаўляць з
пакупніком. Ставіцца да сваёй справы з душой важна ў любой працы, а асабліва — у працы з Кнігай», — дзеліцца спадарыня Соф’я шматгадовым досведам. На самым пачатку
новай справы яна, зразумела, хвалюецца: калектыў усведамляе, што да іх працы будзе прыцягнутая пільная ўвага інтэлігенцыі, што ад іх чакаюць лідэрства і неардынарных падыходаў, што на іх ускладаюць
надзеі па абуджэнні айчыннага кнігагандлю ад шматгадовай спячкі. Усе гэтыя надзеі вельмі хочацца апраўдаць. Галоўнае — каб былі сілы і спадарожны вецер.
Калектыў «Новага часу» ад усёй душы жадае новай кнігарні «Кніжны салон» плёну ў іх цікавай, патрэбнай, але вельмі складанай справе.