Вайцюшкевіч у горадзе Альгерда
Кампанія вандроўнікаў з Мінску — сяброў ТБМ імя Францыска Скарыны, музыкантаў, журналістаў, прадзюсараў і проста ахвочых да новых уражанняў — не так даўно зладзіла паездку ў Віцебск.
Мэта гэтай вандроўкі, арганізаванай актывістамі ТБМ, культурніцкай кампаніяй «Будзьма беларусамі!» пры падтрымцы віцебскага арт-паба «Torvald» і яго ўладальніка Віталя Броўкі, стала знаёмства з лепшымі кампазіцыямі з апошніх альбомаў вядомага аўтара і выканаўцы Змітра Вайцюшкевіча, а таксама прэзентацыя кнігі пра творчасць З. Вайцюшкевіча «Беларускае слова ад спеву».
У Віцебску Змітру і яго сябрам-віцяблянамі зладзілі змястоўную экскурсію па гораду, які гісторык, краязнаўца і экскурсавод М. Півавар назваў «лепшым горадам у свеце».
Пад патранажам спадара Міколы мінчукі агледзелі экспазіцыі Віцебскага краязнаўчага музею, Віцебскую ратушу, прайшліся па вуліцах гораду, пабачылі віцебскія святыні — Святаўваскрасенскую царкву, царкву Прачыстай Багародзіцы і базыльянскі кляштар, царкву Звеставання Багародзіцы. А таксама наведалі помнікі часоў руска-французскай вайны 1812 года, месцы, якія памятаюць Марка Шагала, і іншыя славутасці горада.
Шмат пытанняў узнікла ў гасцей з Мінска адносна выдатнага па задуме і выкананні коннага помніка віцебскаму князю, а ў далейшым і Вялікаму князю ВКЛ Альгерду, які паўстаў на пастаменце ў адным з самых прыгожых месцаў Віцебску.
На жаль, усе гістарычныя мясціны Віцебску за адзін дзень абыйсці немагчыма, таму, пасля падзякі спадару М. Півавару за яго веды і сапраўдны патрыятызм, грамада рушыла да ўжо вядомай гарадской культурніцай пляцоўкі — арт-паба «Torvald», дзе чакалі Змітра Вайцюшкевіча з яго новымі песнямі.
Гасцей з Мінску сустракаў гаспадар арт-паба Віталь Броўка, які шчыра вітаў усіх падарожнікаў і заклікаў у госці да «Torvald’у». Думаю, што ўжо многія ў Беларусі ведаюць пра Торвальда-вандраўніка з Ісландыі, які паводле некаторых гістарычных звестак, у як хрысціянскі місіянер высадзіўся на землях Полацкага княства і першым пазнаёміў нашых продкаў з верай Хрыста і ахрысціў іх.
Сёння арт-паб «Torvald» нясе не толькі адукацыйную функцыю, але і дапамагае маладым віцяблянам умацаваць цікавасць да беларускай мовы, культуры, гісторыі, знаёміць з лепшымі прадстаўнікамі віцебскай інтэлігенцыі, з беларускімі выканаўцамі і мастакамі. Артыстычную накіраванасць «Torvald’а» падкрэслівае і вінтажнае афармленне залы і галерэі арт-паба, а яго нацыянальную накіраванасць — беларускамоўнае меню і абслугоўванне наведвальнікаў. Усім гэтым акалічнасцям мінчане шчыра парадаваліся, бо і ў сталіцы не часта такое сустрэнеш.
Пакуль госці аглядаліся, рабілі замовы, на імправізаваную сцэнічную пляцоўку выйшла арганізатар гэтай канцэртная паездкі, журналістка і адзін з аўтараў кнігі «Беларускае слова ад спеву» Эла Дзвінская. Спадарыня Эла выказала падзяку віцяблянам за гасціннасць, нагадала пра мэты кампаніі «Будзьма беларусамі!», а таксама коратка распавяла пра творчы шлях сённяшняга госця Віцебску — спевака і кампазітара Змітра Вайцюшкевіча.
Аўтар гэтых радкоў і па сумяшчальніцтву суаўтар кнігі «Беларускае слова ад спеву», распавёў пра стылістычную і жанравую разнастайнасць кампазіцый, якія запісаныя на альбомах і складанках Змітром Вайцюшкевічам. А таксама звярнуў увагу на негалосную забарону канцэртаў выканаўцы, на бюракратычны ціск, які суправаджае яго апошнім часам. Тым не менш, справядлівасць абавязкова пераможа, бо песні Змітра Вайцюшкевіча заўсёды былі вышэй забаронаў і перашкод.
Пасля кароткай журналісцкай інтрадукцыі да віцебскіх і мінскіх слухачоў выйшаў Зміцер Вайцюшкевіч.
Першую частку свайго канцэрта ў арт-пабе «Torvald» выканаўца прысвяціў песням Яраміра Нагавіцы ў перакладах А. Хадановіча і В. Воранава з альбому «Камета». Філасафічныя творы Нагавіцы ў выкананні Вайцюшкевіча яшчэ больш уражваюць, калі выконваюцца ў камерных умовах, калі слухачы знаходзяцца побач з выканаўцам.
Таму кантакт паміж усімі, хто знаходзіўся ў «Torvald’зе», быў усталяваны адразу, як толькі прагучалі першыя акорды песні з альбома «Камета» «Святло Сараева». Затым былі іншыя творы — «Як бралі мяне ў салдаты», «Коўдра-магіла», «Стары муж», «Амерыка», прысвячэнне канадскаму спеваку Леанарду Коэну «Танец смерці», якія дадалі слухачам светлага роздуму над сэнсам і каштоўнасцю жыцця. А вось гумарыстычныя прыпеўкі «Вядома і дэбілу» наладзілі слухачоў на гуллівы лад.
Такі настрой ужо дамінаваў у другой частцы песеннай праграмы Вайцюшкевіча на вершы паэта Уладзіміра Някляева для праекта «Жаночае імя Беларусі», які выканаўца запісвае ў Польшчы са струнным квартэтам. Тым больш, што Зміцер з уласцівым яму артыстызмам заахвочваў слухачоў паспрабаваць сябе ў якасці бэк-вакалістаў у такіх яго песнях, як «Дамініка», «Будзьце самымі жаданымі і каханымі»…
Завяршаючым акордам канцэрта сталі беларускія эвергрыны «Жыве Беларусь, Беларусь жыве!» на верш У. Някляева, «Я нарадзіўся тут» аўтарства Л. Вольскага, «Бывайце здаровы!» Ісака Любана і Адама Русака, якія зала ўжо выконвала не ў якасці падпеўкі, а саліравала нароўні са Змітром Вайцюшкевічам. Вечарына скончылася масавым сэлфі і пажаданнямі новых сустрэч з выканаўцам у слаўным горадзе на скрыжаванні Дзвіны з Лучосай і Віцьбай.