Velcom распачаў новы праект MOVABOX, каб змяніць уяўленне пра беларускую літаратуру

27 кастрычніка кампанія velcom абвясціла пра старт новага cацыяльна-культурнага праекта MOVABOX. Гэта маштабная ініцыятыва працягвае намаганні velcom, накіраваныя на падтрымку беларускай культуры, мовы і літаратуры.

movabox1.jpg

MOVABOX з’яўляецца працягам яшчэ адной ініцыятывы кампаніі — «Чытаем па-беларуску з velcom». У той жа час гэта асобны інтэрактыўны праект, які спалучае сучасныя магчымасці анлайн-камунікацыі і класічнае ўспрыманне друкаванай кнігі як каштоўнасці.

Мэта праекта MOVABOX —пазнаёміць шырокую аўдыторыю з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іх творамі, прадэманстраваць, што беларускі літаратурны працэс разнастайны і цікавы ў міжнародным кантэксце. Праект будзе працягвацца каля 6 месяцаў. На гэты перыяд запланавана шмат разнастайных актыўнасцяў. MOVABOX аб’ядноўвае «дзіджытал» і «афлайн» часткі, — то бок актыўнасцi у інтэрнэце і чытанне сапраўдных кніг, абмен імі, сустрэчы з пісьменнікамі. Гэта тлумачыцца тым, што, нягледзячы на развіццё інфармацыйных тэхналогій, друкаваная кніга па-ранейшаму захоўвае статус безумоўнай каштоўнасці. У цэнтры ўвагі будуць знаходзіцца 4 творы нашых сучаснікаў, кожны з якіх ператворыцца ў асобны MOVABOX — унікальны набор, у які ўваходзяць кніга і звязаныя з ёй артэфакты.

«velcom шмат гадоў актыўна ўжывае беларускую мову ў камунікацыі. Гэта і іміджавыя кампаніі, і сацыяльныя праекты ў сферы падтрымкі нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. Адна з такіх ініцыятыў «Чытаем па-беларуску з velcom», мэта якой —пазнаёміць вучняў малодшых класаў з беларускімі пісьменнікамі і іх творамі, зацікавіць дзяцей родным словам. Да канца бягучага навучальнага года праект ахопіць усю Беларусь і ў агульнай колькасці каля 20 000 вучняў малодшых класаў. Але разам з тым мы вырашылі зрабіць наступны крок і звярнуцца да больш дарослай аўдыторыі студэнтаў, маладых людзей. Мы ўпэўненыя, што беларуская літаратура ўжо сёння самадастатковая і здольная зацікавіць кожнага», — распавёў кіраўнік аддзела брэнд-менеджменту velcom Зміцер Курловіч.

movabox6.jpg

Знаёмства з абранымі творамі сучасных беларускіх аўтараў адбудзецца ў незвычайным фармаце: іх сюжэтныя хады, тэмы і героі будуць зашыфраваныя ў тых ці іншых сімвалах-артэфактах, набор якіх у камплекце з самой кнігай таксама будзе называцца MOVABOX. Атрымаць яго змогуць 20 шчасліўчыкаў, якiя пройдуць адпаведны тэст на сайце праекта www.movabox.by. Першы MOVABOX прысвечаны раману Людмілы Рублеўскай «Авантуры студыёзуса Вырвіча» — адной з частак серыі твораў аб падарожжах і прыгодах Пранціша Вырвіча ў жанры гістарычнага фэнтэзі. У 2015 годзе раман атрымаў званне Кнігі года па версіі беларускага ПЭН-центра.

movabox8.jpg

«Мне прыемна выступаць у ролі ўдзельніка гэтага цікавага і патрэбнага праекта — тым больш, у якасці першага аўтара — адзначыла пісьменніца Людміла Рублеўская. Кнігі сучасных беларускіх літаратараў сапраўды вартыя таго, каб мець як мага больш новых чытачоў і прыхільнікаў. Паспрыяць гэтаму можа адноўленае ўспрыманне беларускай літаратуры, блізкае і зразумелае кожнаму. Я шчыра ўражаная тым новым візуальным увасабленнем маёй кнігі «Авантуры студыёзуса Вырвіча», якое атрымалася падчас працы над праектам, яно выдатна адлюстроўвае асаблівасці твора і разам з тым інтрыгуе. А што яшчэ трэба, каб зацікавіцца добрай кнігай?».

movabox3.jpg

Разам з кнігай «Авантуры студыёзуса Вырвіча» у склад першага MOVABOX увойдуць такія артэфакты, як набор для стварэння крышталя, мяшочак з манеткай, мапа падарожжа з налепкамі, нататнік з чорнымі старонкамі разам з ручкай, магніт з мястэчка Дракошчын, рэцэпт верашчакі. Кожны з гэтых прадметаў адсылае да той ці іншай старонкі кнігі, дзе быў выкарыстаны яе героямі.

movabox7.jpg

Важным крокам на шляху да ажыццяўлення галоўнай мэты праекта MOVABOX — змянення ўспрымання сучаснай беларускай літаратуры — стала правядзенне даследавання яе вобраза сярод чытачоў. Каб выявіць тыповыя ўяўленні нашых сучаснікаў, кампанія velcom арганізавала спецыяльнае інтэрнэт-апытанне. Як паказалі вынікі даследавання, значная частка апытаных — 63,4% — ведаюць імены і творы сучасных беларускіх пісьменнікаў. 63% апытаных адказалі, што чыталі больш за 2-3 творы сучасных беларускіх аўтараў. 72,6% ўдзельнікаў апытання чытаюць кнігі беларускіх пісьменнікаў перыядычна, 14,9% і 11,9% рабілі гэта ў межах школьнай і ўніверсітэтскай праграм адпаведна.

movabox4.jpg

Атрыманыя дадзеныя сталі асновай для стварэння графічнага ўвасаблення існуючага вобраза беларускай літаратуры. Праз 6 месяцаў кампанія velcom мае намер правесці яшчэ адно апытанне і высветліць, ці змяніліся за гэты час уяўленні чытачоў і як на гэта паўплываў праект MOVABOX.

bellit.jpg

«У гэтым вобразе беларускай літаратуры мы атрымалі «кропку адліку», у параўнанні з якой можна будзе ацэньваць вынікі MOVABOX, — выказаў меркаванне на прэзентацыі праектатэлевядучы, акцёр, настаўнік ініцыятывы «Чытаем па-беларуску з velcom» Юрый Жыгамонт. — Цікавадаведацца, як змянілася беларуская літаратура за апошнія дзесяцігоддзі, што адыйшло ў мінулае, а што засталося нязменным, што хвалюе сучасных аўтараў у параўнанні з іх папярэднікамі, і што аб гэтым думае чытач. Калі мы праводзім нашы заняткі  беларускай літаратуры ў школах, я бачу, як эмацыйна рэагуюць дзеці, як гараць іх вочкі. І я вельмі хачу, каб праект MOVABOX таксама «запаліў» вочы ў людзей больш сталых».

movabox5.jpg

MOVABOX – новы праект velcom, накіраваны на падтрымку беларускай культуры. Дзейнасць у гэтым напрамку з’яўляецца важнай часткай карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці кампаніі. Сярод адметных праектаў — адукацыйная ініцыятыва «Чытаем па-беларуску з velcom», праект «Музей дзецям з velcom» сумесна з Нацыянальным гістарычным музеем, цыкл «1000 музеяў Беларусі» і іншыя. Партнёры праекта — Budzma.org, Kniharnia.by і «Мова Нанова».

movabox2.jpg