Вікінгі, селядцы і вершы: Дзень Швецыі ў Мінску (фота, відэа)

У суботу, 3 чэрвеня, ля мінскай ратушы прайшоў Дзень Швецыі.

2017_06_03_dzen_szvecy__a.ljaszkev_cz_img_0754_logo.jpg


Невялікі кавалак Скандынавіі дыслакаваўся ў беларускай сталіцы з абеду і да позняга вечара. Наведвальнікам раздавалі шведскія сцяжкі і буклеты з інфармацыяй пра краіну. Дзейнічала некалькі пляцовак: спартовая, адукацыйная, культурніцкая, дзіцячая, турыстычная, аўтамабільная, а таксама фудкорт, зона прыгажосці, некалькі фотазон. З Віцебска завіталі рэканструктары культуры вікінгаў, клуб "Нагльфар", які на сваёй пляцоўцы прапаноўваў ахвочым памераць баявы рыштунак, сфатаграфавацца ці нават адчуць сябе ў ролі раба на рынку нявольнікаў. На галоўнай сцэне вікінгі ладзілі конкурсы.


На адукацыйнай пляцоўцы можна было даведацца пра навучанне ў Швецыі, узяць удзел ва ўроку шведскай мовы і майстар-класе па святкаванні Midsommar (“Сярэдзіна лета”, шведская назва Купалля). Яго ў Швецыі адзначаюць далёка не толькі аматары традыцыйнай культуры, свята носіць агульнанацыянальны характар, з’яўляецца выходным днём, па ўсёй краіне людзі сем’ямі і сяброўскімі кампаніямі выязджаюць на прыроду, ладзяць пікнік, водзяць гульнёвыя карагоды вакол шаста, упрыгожанага кветкамі.


На галоўнай сцэне і культурніцкай пляцоўцы прэзентавалі пераклад на беларускую мову кнігі вершаў шведскага нобелеўскага лаўрэата Тумаса Транстромера “Пад вольным небам”. Гэта першая кніга яго вершаў па-беларуску. У выданне ўвайшлі творы з розных цыклаў у перакладзе Лявона Баршчэўскага, Уладзіміра Арлова, Андрэя Хадановіча і Алесі Башарымавай. Выданне было падрыхтавана Амбасадай Швецыі супольна з беларускім і шведскім Саюзамі пісьменнікаў.
Як распавёў Лявон Баршчэўскі, перакладаць Транстромера ён пачаў даўно, “яшчэ калі не ў кожнага быў інтэрнэт і нават тэксты знайсці было складана”. У 2011-м, калі Тумас атрымаў Нобелеўскую прэмію па літаратуры, усе раптам узгадалі аб сваіх перакладах, што ляжалі ў шуфлядах, і сталі іх актыўна публікаваць у інтэрнэце. Тады і нарадзілася ідэя выдаць якасны беларускамоўны пераклад.
На прэзентацыю ў Мінск прыехала ўдава Тумаса Транстромера Моніка. Калі яе запыталі, як змянілася іх жыццё пасля атрымання Нобелеўскай прэміі, Моніка Транстромер адказала, што асаблівых змен яна не заўважыла, але прапаноў аб перакладах стала значна больш.


На спартовай пляцоўцы наведвальнікі маглі паспрабаваць свае сілы ў скандынаўскай хадзьбе, флорболе, настольным хакеі і тэнісе. На дзіцячых пляцоўках гулялі ў гіганцкі канструктар “Лега”, глядзелі спектаклі па матывах шведскіх кніжак і рабілі аква-грым.
Швецыя — адна з краін-флагманаў прасоўвання гендэрнай роўнасці ў свеце. Падчас свята можна было паглядзець фотавыставу "Мазаіка жыцця", што ілюструе падзел абавязкаў у шведскай сям'і і вялікую ролю бацькі ў выхаванні дзяцей. Дзейнічалі таксама фотавыставы пра людзей з абмежаванымі магчымасцямі і пра тое, як бачаць Швецыю беларусы. Апошняя складалася з фотаздымкаў, высланых на конкурс. Прымаліся як здымкі, зробленыя ў Швецыі, так і выявы, што нагадвалі б пра Швецыю на тэрыторыі Беларусі.
Дата для Дня Швецыі была абрана невыпадкова: неўзабаве, 6 чэрвеня, шведы адсвяткуюць свой Нацыянальны дзень. Ён з’яўляецца ў Швецыі выходным і фактычна выступае аналагам Дня незалежнасці ў іншых краінах. Да 1983-га года свята мела назву “Дзень шведскага сцяга”. 6 чэрвеня 1523 года быў абраны шведскім каролём Густаў І Ваза, што значыла распад Кальмарскай уніі Швецыі, Нарвегіі і Даніі, дзе япошняя вяла рэй. Дарэчы, Кальмарская унія, заключаная ў 1397-м годзе, мае шмат агульнага з Крэўскай уніяй 1385-га года між Вялікім Княствам Літоўскім і Польскім каралеўствам. Такая форма аб’яднання дзяржаў даволі тыповая для таго часу.
6 чэрвеня 1809-га года шведскім Рыксдагам быў прыняты закон, які выконваў ролю Канстытуцыі каріны да 1974-га года. Акрамя таго, у розныя гады 6 чэрвеня ў шведскай гісторыі адбываліся іншыя падзеі, якім надаецца менш увагі: у 1654-м кароль Карл X ўспадкаваў трон Швецыі пасля адрачэння каралевы Крысціны; у 1857-м Сафія Насаўская выйшла замуж за караля Швецыі і Нарвегіі Оскара II; у 1974-м урад абвясціў Швецыю канстытуцыйнай манархіяй, якая рэгулюецца парламентам.
Дзень Швецыі стаў кульмінацыяй і завяршэннем Тыдня Швецыі ў Мінску, што праходзіць ужо не першы год у канцы траўня – на пачатку чэрвеня. У межах Тыдня Швецыі адбыліся таксама Фестываль шведскага кіно і прэзентацыя кнігі “100 сацыяльных інавацый з Фінляндыі”, якую асвятляў “Новы час”.
Фота і відэа Алены Ляшкевіч