Navіband, Secret Service, аўтазак (фота)
Як ужо паведамляў «Новы Час», у суботу сталічны Верхні Горад ператварыўся ў частку «Трэ Крунур» — каралеўства Швецыя.
![Амбасадар Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг Амбасадар Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг](/img/v1/images/dshv1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Амбасадар Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг
3-га траўня ў Мінску гэтая скандынаўская краіна адзначала свой Дзень. Бліжэй да вечара падавалася, што на Плошчы Свабоды каля Ратушы сабралося ледзьве не палова сталіцы.
![dshv2_logo.jpg dshv2_logo.jpg](/img/v1/images/dshv2_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Крыху раней з мінчукамі ды гасцямі нашае краіны, якія апынуліся на месцы падзеі, ахвотна фатаграфаваўся амбасадар Швецыі ў Беларусі Марцін Оберг. Варта адзначыць, што ўвесь дзень на мерапрыемстве гучала беларуская мова, а большасць вывесак і плакатаў былі менавіта па-беларуску. Тое, што са сцэны гучала менавіта наша мова, можна падзякаваць вядоўцу імпрэзы — сябру Саюза беларускіх пісьменнікаў Усеваладу Сцебураку.
![dshv3_logo.jpg dshv3_logo.jpg](/img/v1/images/dshv3_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Да пачатку вечаровага канцэрту наведнікі маглі наведаць шматлікія харчовыя кропкі і пачаставаць сапраўдня шведскія стравы — ад адмыслова марынаванага селядца з бульбай па скандынаўскіх рэцэптах, вэнджаную салаку па-шведску да смачных тамтэйшых каўбасак ды фрыкадэлек пад бруснічным сочывам.
![dshv8_logo.jpg dshv8_logo.jpg](/img/v1/images/dshv8_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![dshv9_logo.jpg dshv9_logo.jpg](/img/v1/images/dshv9_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
А 20-й гадзіне пачаўся сам доўгачаканы канцэрт. З саракахвілінным выступам на сцэну ўзняліся ўлюбёнцы беларускае публікі — удзельнікі “Еўрабачання – 2017” Navіband. Грамада прымала Арцёма і Ксюшу вельмі ўдзячна, і было за што.
Аказалася, што ў гэтага маладога гурта вельмі файны рэпертуар. Некаторыя мае калегі нават выказалі меркаванне, што кампазыцыя “Гісторыя майго жыцця”, з якой гурт выступаў у Кіеве, не самая лепшая з таго, што спяваюць нашы маладыя таленавітыя выканаўцы. А голас у Арцёма аказаўся нашмат мацнейшым і прыцягальным, чам гэта было чуваць у памянёнай кампазіцыі, якая, па вялікім рахунку, не дазваляе напоўніцу раскрыцца галасавым магчымасцям музыкі.
![Аляксей Янукевіч Аляксей Янукевіч](/img/v1/images/dshv6_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аляксей Янукевіч
Тым не менш, бурныя авацыі, апладысменты, воклічы, спевы разам з выканаўцамі — гэтага Naviband заслужыў па поўнай праграме і справядліва. Дарэчы, на канцэрце можна было заўважыць і дзеячоў культуры, і палітыкаў. Да прыкладу, старшыню Партыі БНФ Аляксея Янукевіча з шведскім сцяжком у руках. Дарэчы, жоўта-сінія стужкі і сцяжкі (гэта афіцыйныя колеры Трэ Крунур), трымаў ледзьве не кожны другі прысутны.
А потым на подыюм выйшаў легендарны шведскі гурт Secret Service, што выклікала шквал эмоцыяў у гледачоў сярэдняга і больш сталага пакалення. Цягам больш як гадзіны гучалі толькі хіты, якія ў 80-я і 90-я гады мінулага стагоддзя можна бло чуць, як кажуць, ледзь не з кожнага праса. Карацей, свята атрымалася, і людзі былі вельмі ўдзячныя шведам, якія зладзілі гэты цудоўны Дзень, дзе кожны мог знайсці для сябе нешта цікавае.
![dshv7_logo.jpg dshv7_logo.jpg](/img/v1/images/dshv7_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Адзіны момант, не самы лепшы, які стаўся звыклым для беларускае рэчаіснасці. Зноў навідавоку, наўпрост каля будынку Кансерваторыі, быў прыпаркаваны аўтазак — «сімвал сучаснай беларускай дэмакратыі». На ўласныя вушы даваялося чуць, як замежнікі пыталіся, што гэта за страхоцце стаіць побач з месцам правядзення канцэрта. Апроч таго, сярод натоўпу, дзе і паварушыцца часам было праблематычна, пастаянна снавалі дзецюкі ў форме АМАПу з зусім несвяточным выразам твару.
![dshv5_logo.jpg dshv5_logo.jpg](/img/v1/images/dshv5_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
![dshv4_logo.jpg dshv4_logo.jpg](/img/v1/images/dshv4_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Ну не можа тутэйшая ўлада прызвычаіцца да таго, што шмат людзей ў адным месцы дазваляюць сабе сабрацца без нейкіх злых наўмысаў. І шматлікія амапаўцы і аўтазакі аніякім чынам не спрыяюць святочнаму настрою людзей. Ну, мы да гэтага ўжо прызвычаіліся.
А вось свята насамрэч удалося. Цяперака, як было напісана на адным з плакатаў, «Да сустрэчы ў Стакгольме!». Вельмі хочацца спадзявацца.