У Палацы мастацтваў адбыўся вернісаж Міколы Купавы «Айчына сьветлая мая» (фота)
Выстава прысвечаная 50-годдзю творчасці мастака. Менавіта таму ў экспазіцыі прадстаўленыя працы з самых розных перыядаў творчасці, выкананыя ў рознай тэхніцы і ў розных жанрах, у якіх сябе спрабаваў Мікола Купава пачынаючы са студэнцтва і да сённяшніх дзён.
Тут ёсць і маляўнічыя эцюды поўнай хараства беларускай прыроды, і сучасныя партрэты, у якіх мастацкімі сродкамі па-майстэрску перададзены характар герояў, і велічэзная калекцыя ілюстрацый да беларускіх народных казак. Працы Мікола Купава выконваў збольшага акварэллю, а таксама ў тэхніцы лінарыту, літаграфіі, афорту.
Як бачна з юбілейнай экспазіцыі, усё ж галоўная ўвага мастака засяроджана на праслаўленні выбітных гістарычных постацяў Беларусі і знамянальных старонак беларускай гісторыі і культуры. Тут ёсць і знакамітая серыя лінарытаў на тэму паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, творы, прысвечаныя Янку Купалу і Якубу Коласу, а таксама беларускім ваярам, якія ад феадальных і сярэднявечных часоў будавалі падмурак беларускай дзяржаўнасці.
Павіншаваць мастака прыйшлі шматлікія ягоныя вучні, сябры, прыхільнікі яго творчасці ды проста аматары жывапісу. У той жа дзень у двух іншых залах адкрыліся выставы мастакоў Алеся Квяткоўскага і Аляксандра Дзяшко. Наведнікі Палацу мастацтваў сапраўды змаглі ў поўнай меры спатоліць прагу да самага разнастайнага мастацтва.
Прысутныя адзначалі, што працы Міколы Купавы — прыклад класічнай школы станкавага жывапісу — амаль заўсёды выпраменьваюць святло і цеплыню, што асабліва важна ў цяперашні складаны час.
«Чым уражваюць творы Міколы Купавы? Калі на іх глядзіш, адразу адчуваецца ўзровень, глыбіня. У яго вельмі глыбокі, сур’ёзны, уважлівы падыход да кожнай дэталі. Ён дасканала перадае кожную дэталь. У яго працах бачна вока майстра. Выстава — цудоўная магчымасць паглядзець на свет вачыма мастака. Тут можна пабачыць, як развіваўся майстар, як змянялася яго жыццё, ягоныя творчыя інтарэсы, цікавасць да розных тэмаў», — адзначыла маладая мастачка Вольга Манюк.
Паглядзець юбілейную выставу Міколы Купавы можна штодзень з 11:00 да 19:00, апрача панядзелка да 18 чэрвеня.