Ад Рэмбранта да класічнага польскага плакату. Эксклюзівы і скандалы — выставы на выходных

Бліжэйшыя выходныя вызначаюцца прывабнай разнастайнасцю выстаў, якія варта наведаць у сталічных музеях і мастацкіх галерэях.

ekspazicyja_mikoly_kupavy_logo.jpg


На сенсацыйнай выставе «Вялікі Рэмбрант» — упершыню ў Беларусі (па 3 ліпеня) у Нацыянальным мастацкім музеі (Леніна, 20) дэманструецца 69 афортаў славутага галандца з калекцыі Элізы Марэці — пройдзе майстар-клас па гравюры. Вядучы майстар-графік з маладога пакалення мастакоў Соф’я Піскун10 чэрвеня з 11.00 па 13.00 распавядзе ў самой экспазіцыі пра тэхнікі, якія выкарыстоўваў Рэмбрант у сваёй працы. Уваход — па квітку на выставу, вітаецца прысутнасць дзяцей з дарослымі.
Тамсама, у Нацыянальным мастацкім, з 2 па 25 чэрвеня працуе экспазіцыя старадаўніх беларускіх абразоў, прысвечаная 70-гадоваму юбілею патрыярха беларускай рэстаўрацыйнай школы Аркадзя Шпунта.

vystavka_k_70_letiyu_so_dnya_rozhdeniya_khudozhnika_restavratora_a_s_shpunta_988014_logo.jpg


За апошнія тры дзесяцігоддзі — гэта толькі трэці спецыялізаваны паказ, прысвечаны працы спецыялістаў у галіне адраджэння жывапісных шэдэўраў. Улічваючы, што Аркадзь Шпунт — бясспрэчны першы нумар у гэтай далікатнай прафесіі, якасць выстаўленых твораў (як і магчымасць спазнаць таямніцы рэстаўрацыі ) — унікальныя.

Адразу пра яшчэ адну значную падзею — экспазіцыю польскага плаката «Акадэмія 100 плакатаў» з Катавіцэ, у Музеі сучаснага мастацтва (пр.Незалежнасці, 47, працуе па 30 чэрвеня).

polski_plakat_z_katavice_u_msm_logo.jpg


Польскія майстры плакату — вядомыя сусветныя лідары ў гэтай галіне мастацкай творчасці, яны здабылі сабе славу свабодай і непаўторнасцю вобразаў яшчэ ў часы сацыялістычнай Польшчы. Нешта падобнае па якасці — толькі майстроў плакату з Кракава — мінчукі маглі бачыць ужо даўно: 10 год таму ў залах Нацыянальнага гістарычнага музея. Варта не прапусціць магчымасць атрымаць задавальненне, тым больш што ў тым жа музеі па 1 жніўня працуе персанальная выстава графікі Сяргея Баленка. «Востра, разумна, трошкі меланхалічна», — гэта ўсё пра ягоныя вытанчаныя працы, якія захопліваюць як высокай эстэтычнасцю, так і лёгкай іроніяй звычайных, але ўбачаных у незвычайным ракурсе вобразаў.


sjarhej_balenok_budet_vremya_zakhodi_740366_logo.jpg


Нарэшце, Палац мастацтваў на Казлова, 3, дзе 7 чэрвеня стартавалі адразу 4 падзеі (адбываюцца па астатнюю дэкаду чэрвеня. Самая маштабная — «Псіхалогія вобраза» — калектыўны паказ партрэтных твораў — у жывапісе, скульптуры, графіцы — сябраў Саюза мастакоў, арганізаваны самім Саюзам.

psiihalohija_vobraza_ekspazicyja_logo.jpg


Той самы, на які са скандалам не прынялі партрэт Аляксандра Лукашэнкі з сынам Мікалаем (трыптых Аляксея Панцюка-Жукоўскага «Мая Беларусь. На скрыжаванні стагоддзяў»). Зрэшты, з прычыны неадпаведнай якасці.

tryptyh_aljakseja_pancjuka_zukouskaha_triptikh_masherov_lukashenko_mindovg_logo.jpg


Цяжка казаць пра экспазіцыю, якая займае цэлы верхні паверх Палаца. Заўважым толькі, што тут можна пабачыць шмат вобразаў выдатных беларусаў — Алеся Адамовіча, Васіля Быкава, Зянона Пазняка, Міхаіла Савіцкага, а таксама багата твораў добрай якасці.

vystava_u_palacy_m_psikhalogiya_vobaza_8356013_logo.jpg


На наш густ пералічым Зою Луцэвіч, Алеся Ксяндзова, Алеся Марачкіна, маладога жывапісца Дзяніса Барсукова. І таксама трошкі незвычайныя для іх стылістыкі работы прызнаных лідараў старэйшага пакалення: яскравай  каларысткі Зоі Літвінавай  (партрэт нечакана вытрыманы ў тонка згарманізаваных шэрых танах) і Міколы Бушчыка (свежыя спалучэнні чыстых колераў на нетыповым для майстра белым фоне).

zoja_litvinava_partret_svjatlany_katkovaj_logo.jpg


На ніжніх паверхах размесціліся: жывапіс і графіка Аляксандра Дзяшко — першая вялікая персанальная выстава да 50-годдзя аўтара.

yubileynaya_vystava_alyaksandra_dzyashko_0799013_logo.jpg


Пераважна краявіды, але не прыземлена-рэалістычныя, а багатыя незвычайнай паэтычнай рытмічнасцю колера і лініі. Побач — вялікі збор твораў аднаго з лідараў суполкі «Пагоня» Міколы Купавы «Айчына светлая мая», да 50-годдзя творчасці. Выдатны выкладчык (на архітэктурным аддзяленні Палітэхнічнай акадэміі) і знаны «рэканструктар» старадаўняй беларускай гісторыі ў аркушах з партрэтамі старалітоўскіх князёў і магнатаў, відарысамі замкаў і палацаў, знакавымі краявідамі, сцэнамі даўніх бітваў.  І тамсама — убачым вобразы, навеяныя міфамі і паданнямі, ілюстрацыі да беларускай літаратурнай класікі.

aychyna_svetlaya_maya_2575162_logo.jpg
mikola_kupava_na_adkrycci_vystavy_logo.jpg


Больш цэласна ў сэнсе абраных вобразаў сфармавана выстава Алеся Квяткоўскага «Песні дрыгвы». Гэта не толькі выявы палескіх краявідаў, але і адлюстраванне міфапаэтычнага кантэнту, які насяляе прасторы найвялікшага еўрапейскага заказніка — і прыроднага, і фальклорнага.

pesni_drygvy_809593_logo.jpg


tvory_alesja_kvjatkouskaha_logo.jpg


Скончым прэзентацыяй новай галерэі «Артэль Gallery» (пр.Незалежнасці, 58/1-6, недалёк ад ЦУМа). 9 чэрвеня а 18-й гадзіне Марыя Барысенка адчыняе тут экспазіцыю «Нітка святла і музыкі». Мастачка даўно практыкуе ў стварэнні габеленаў на музычныя тэмы. Здавалася, усе жанры і сюжэты ў мастацтве прыдумалі яшчэ антычныя грэкі.  Але Марыя прапануе нешта новае ў спалучэнні тэхнікі ўвасаблення, вобраза і стылістыкі.

maryja_barysenka_logo.jpg


Маючы гэтакую разнастайнасць экспазіцый раім мінчукам і гасцям сталіцы з асалодай правесці ў музеях бліжэйшыя дні.
Фота аўтара