Выстава Міхаіла Шыкава ў Мінску

27 чэрвеня ў Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску адчынілася дэбютная выстава Міхаіла Шыкава “Другая варона.



07ac7cd13fd0eb1654ccdbd222b81437.jpg

27 чэрвеня ў Музеі сучаснага мастацтва ў Мінску адчынілася дэбютная выстава Міхаіла Шыкава “Другая варона.

Назва экспазіцыі, з якой можна пазнаёміцца па 7 ліпеня правакуе — чаму варона другая і якія адносіны яна мае да “белай вароны? Сам мастак на вернісажы расшыфраваў пасланне: на яго думку, кожны творчы чалавек з ягоным сваеасаблівым унутраным светам і ёсць “варона — можа белая, а можа, афарбаваная ва ўласцівыя толькі яму колеры. Так нарадзілася задума серыі рознахарактарных варон, па форме толькі здалёк падобных да саміх птушак, дзе ў кожнай кампазіцыі свае складаныя колеравыя кампаненты, графічны малюнак і экспрэсія настрою.
Да сваёй першай жывапіснай выставы Міхаіл Шыкаў, спецыяліст па праектаванні інтэр’ераў і ў 2002-2010 гг. загадчык кафедры інтэр’ера і абсталявання Беларускай акадэміі мастацтваў прыйшоў у 48 год, хаця яго жывапісныя работы раней з’яўляліся на беларускім артрынку. А сяброўства з Музеем сучаснага мастацтва пачалося з супрацоўніцтва па арганізацыі Беларускага павільёна прэстыжнага 54 Венецыянскага біенале сучаснага мастацтва ў Венецыі ў 2011 г., дзе дырэктарка Музея Наталля Шаранговіч была адной з куратарак, а Міхаіл — аўтарам архітэктурнага вырашэння прасторы, куды і змясціліся ўсе беларускія творы. Праект выдаўся, мяркуючы па прэсе, паспяховы.


 “Яго работы, якія мы змаглі ўбачыць, жывыя, трапяткія, іранічныя,  часам эскізныя, ствараюць аўру лёгкай іроніі. У іх ёсць настрой, якому прыемна і цікава суперажываць, — адзначыла Наталля Шаранговіч. Шыкаў піша алеем, яго працы паўстаюць на сутыкненні пачаткаў станковага і дэкаратыўнага. Архітэктар-дызайнер па сваёй практыцы мае самы разнастайны досвед дачынення з асяроддзем — архітэктурным, інтэр’ерным, ландшафтным, і, нарэшце, асяроддзем быцця чалавека. Адсюль узнікаюць разнастайныя “выхады — у жывапісных творах, а магчыма і ў іншых відах выяўленчага мастацтва — выказала сваё меркаванне на адкрыцці выставы мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн.


Сярод прапанаваных гледачу работ, пераважна выкананых у апошнія месяцы, аўтарам абрана яшчэ адна тэма — музыкі, танца, тэатралізаванай дзеі. Працы дэкаратыўна-экспрэсіўныя, з выразнай лініяй і згарманізаваным колерам, яны ўяўляюць узор утылітарнага мастацтва, якое знаходзіць сваё месца ў дапасаванні да будучага месца свайго знаходжання, здольныя надаць яму адпаведны настрой.