Вядомыя дзеячы культуры падтрымалі ліст Паўла Латушкі ў ЮНЕСКА
Алексіевіч, Ахеджакава, Занусі, Макарэвіч, Райкін, Сакураў, Цэслер, Шэндэровіч і іншыя прадстаўнікі сферы культуры падтрымалі адкрыты ліст Паўла Латушкі і НАК у ЮНЕСКА.

Павел Латушка і каманда НАК звярнуліся да вядомых ва ўсім свеце дзеячаў культуры з ініцыятывай адкрытага ліста на адрас ЮНЕСКА — пра рэпрэсіі супраць беларускай культуры і глыбокі гуманітарны крызіс у краіне, які арганізаваў дыктатарскі рэжым Лукашэнкі.
Пад адкрытым лістом з заклікамі да дзеянняў у падтрымку беларускага народу падпісаліся Святлана Алексіевіч, Лія Ахеджакава, Зоя Белахвосцік, Васіль Воўк, Кшыштаф Занусі, Павел Латушка, Аксана Лынів, Андрэй Макарэвіч, Дзмітрый Муратаў, Канстанцін Райкін, Аляксандр Сакураў, Людміла Уліцкая, Уладзімір Цэслер і Віктар Шэндэровіч.
Народнае антыкрызіснае кіраванне заклікае і іншых дзеячаў культуры падпісаць зварот да Генеральнага дырэктара ЮНЕСКА Одрэ Азуле. Адным з падстаў для адкрытага ліста стала новая хваля рэпрэсій супраць беларусаў: справы аб ліквідацыі Саюза беларускіх пісьменнікаў і Таварыства беларускай мовы ім. Францыска Скарыны, ліквідацыя беларускага ПЭН-цэнтра і іншыя факты рэпрэсій у сферы культуры.
У лісце гаворыцца аб 5 дзеяннях, якімі ЮНЕСКА можа дапамагчы беларусам:
1) Прызваць нелегітымныя ўлады Беларусі спыніць рэпрэсіўныя дзеянні супраць беларускай нацыянальнай культуры, парушэнні культурных правоў і свабод беларусаў, адміністрацыйныя і крымінальныя пераследы дзеячаў культуры за іншадумства.
2) Патрабаваць ад Вярхоўнага суда і іншых дзяржорганаў Беларусі выканання нормаў міжнароднага права, якія датычацца свабоды аб'яднанняў, свабоды слова і культурных правоў.
3) Накіраваць у Беларусь місію ЮНЕСКА і міжнародных экспертаў для фіксацыі парушэнняў рэжымам Лукашэнкі Статута ЮНЕСКА, асноўных дэкларацый і канвенцый ААН.
4) Часова прыпыніць ўзаемадзеянне структур ЮНЕСКА з Нацыянальнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па справах ЮНЕСКА, якая цалкам кантралюецца дыктатарскім рэжымам.
5) Разгледзець пытанне пра рэпрэсіі ў сферы культуры Беларусі на маючых адбыцца пасяджэннях Выканаўчага савета і Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА з прыняццем адпаведнай Рэзалюцыі ЮНЕСКА па Беларусі.
Паводле прэс-рэліза