Займальная гісторыя. Беларускі гістарычны анекдот
Канец 1990-х. Бард Зміцер Бартосік перасякае беларуска-літоўскую мяжу. Запоўніўшы дэкларацыю па-руску, падае яе мытніку, і чуе на чысцюткай беларускай мове: "Вы Зміцер Бартосік?"... Да Міжнароднага дня смеху прапануем вам некалькі амаль анекдатычных гісторый пра вядомых у Беларусі асоб.
Дажартаваўся
1994 год, кебічаўскія часы. Анатоль Вечар разам з жонкай Аксанай рыхтаваў на радыёстанцыі «Беларуская маладзёжная» праграму «Сёмая пятнiца», якая выходзіла ў трох частках, адна з якіх транслявалася на 1-м канале Беларускага радыё.
Як вядома, 1 красавіка — дзень розыгрышаў, і таму Анатоль, рэзка абарваўшы трансляваную песню, левітанаўскім голасам прамовіў: «Праз некалькі хвілін перададзім важнае ўрадавае паведамленне». А трэба сказаць, што напярэдадні прэм’ер-міністр Кебіч сапраўды абяцаў заявіць нешта важнае. Той жа розыгрыш Анатоль Вечар паўтарыў і ў другой часткі праграмы, якая транслявалася ўжо па 2-м канале Беларускага радыё. І толькі ў 3-й частцы нагадаў, што сёння — 1 красавіка. Аднак ці варта тлумачыць, што ў тыя часы значыла магічная фраза «важнае ўрадавае паведамленне»? Як потым стала вядома, на радыё тэлефанавалі з фабрык і заводаў — у чаканні «важнага паведамлення» там спынялі канвееры (пра тое, што сёння — 1 красавіка, ніхто нават не ўспамінаў). Жарт на поўным сур’ёзе падхапіла Беларускае тэлебачанне…
Наступствы былі такія: Жанну Літвіну часова адхілілі ад пасады галоўнага рэдактара «Беларускай маладзёжнай», а яшчэ адну супрацоўніцу — ад эфіраў. Над самім жа Анатолем Вечарам хмары не згусціліся толькі таму, што за эфір ён не адказваў.
Страх
Канец 1970-х. У гатэлі «Юбілейны» сабраліся Пятрусь Броўка, Рыгор Барадулін і рускі паэт і перакладчык Якаў Хелемскі. Апошні кажа:
— Пеця, ты стаў добра пісаць пра каханне, а раней што? — толькі «ура» — партыі, «ура» — ураду, «ура» — савецкай уладзе! Ура, ура, ура!
— Мне гэта ўсё надакучыла! — адказвае ў запале Броўка.
Але тут як нячысцік пацягнуў Барадуліна за язык:
— Пятрусь Усцінавіч! Круціцца!
— Што круціцца? — раптам астыўшы, пытаецца Броўка.
— Запіс круціцца, — тлумачыць Барадулін, маючы на ўвазе, што іх размова можа запісвацца КДБ.
— Няхай круціцца! Не баюся я! — адказвае Броўка і праз секундную паўзу: — Пайшлі на вуліцу! Тут душна.
Гэткім чынам Барадулін адным словам вярнуў у мінулае народнага паэта, чальца ЦК КПБ, дэпутата Вярхоўнага Савета, акадэміка, Героя Сацыялістычнай Працы і пяціразовага лаўрэата, у тым ліку Ленінскай і Сталінскіх прэмій.
Быкаў і маршал Маліноўскі
Падчас службы ў першай палове 1950-х гадоў на Далёкім Усходзе Васіль Быкаў не раз пісаў на імя маршала Маліноўскага рапарты на дэмабілізацыю. Доўга не было ніякага адказу, пакуль аднойчы не загадалі з’явіцца ў штаб дывізіі. Быў студзень, мароз пад 30. Адзіная дарога была перамецена снегам, і Быкаў пашыбаваў чыгункай. Азяблы і абмерзлы прыйшоў у штаб.
— Вы звярталіся да міністра абароны, маршала Савецкага Саюза, дэпутата Вярхоўнага Савету СССР таварыша Маліноўскага?
— Так, звяртаўся.
— Атрыманы адказ. Зачытваю: паводле артыкулу такога Канстытуцыі СССР служба ва Узброеных Сілах СССР ёсць свяшчэнны абавязак кожнага грамадзяніна СССР. Растлумачыць тав. Быкаву В. У., што ён, як грамадзянін СССР, цалкам і поўнасцю павінен выконваць патрабаванне Канстытуцыі Саюза ССР. Подпіс: міністр абароны Саюза ССР, маршал Савецкага Саюза, дэпутат Вярхоўнага Савету Саюза ССР Р. Маліноўскі. Вам зразумела?
— Зразумела.
— Распішыцеся, што азнаёмлены.
Як дзесяцікласнік Бураўкін стаў «бацькам»
Калі Генадзь Бураўкін яшчэ вучыўся ў школе, ён напісаў верш «Брат»:
У мяне сёння свята:
раннем брат нарадзіўся,
і на ўсю нашу хату
звонкім крыкам заліўся…
Загадчык часопіса «Полымя» Аляксей Зарыцкі, які рыхтаваў верш да друку, выправіў «брата» на «сына»: «У мяне сёння свята: раннем сын нарадзіўся…» І хоць гэта была вялікая радасць для Бураўкіна — надрукавацца ў самым аўтарытэтным акадэмічным літаратурным часопісе, але той нумар «Полымя» ён хаваў ад усіх, найперш ад аднакласнікаў і настаўнікаў, бо калі б пра публікацыю даведаўся нехта з іх, учыніўся б скандал — у дзесяцікласніка сын нарадзіўся!
«Выключны» кампазітар
У 1960 годзе Яўгена Глебава выключылі з Саюза кампазітараў з прычыны таго, што ён непаважліва паставіўся да рэплікі аднаго з мэтраў беларускай музыкі, які заўважыў яму:
— З маладых ды ранніх!
Малады ды ранні кампазітар парыраваў:
— Маладосць праходзіць — бяздарнасць застаецца.
Даведаўшыся пра выключэнне Глебава, вядомы расійскі кампазітар Васіль Салаўёў-Сядой саркастычна заўважыў, што ў Беларусі нарэшце з’явіўся «выключны» кампазітар.
Зрэшты, праз год Глебава ўсё ж узнавілі ў Саюзе кампазітараў.
Бард Бартосік і мытнік Юркойць
Канец 1990-х. Бард Зміцер Бартосік перасякае беларуска-літоўскую мяжу. Запоўніўшы дэкларацыю па-руску, падае яе мытніку, і чуе пытанне на чысцюткай беларускай мове:
— Вы Зміцер Бартосік?
— Так.
— Гэта вы на «Радыё Свабода» ў «Вострай браме» так апантана змагаецеся за беларушчыну?
— Так.
— А гэта ваша дэкларацыя?
— Так… — кажа, чырванеючы, Бартосік.
Мытніка звалі Алесь Юркойць. Ён быў не толькі мытнікам, але найперш вядомым на Астравеччыне краязнаўцам.