«Зліваюцца ў адзін два галасы…»

Для аматараў беларускай аўтарскай песні нельга было прадумаць лепшага падарунка да Міжнароднага дня роднай мовы, чым прэзентацыя альбома з песнямі Таццяны Дайнекі (Беланогай) на вершы Яўгеніі Янішчыц ў бібліятэцы імя Пушкіна.

janishchyts1_logo.jpg

Перад пачаткам канцэрта Таццяна зрабіла невялікую інтрадукцыю ў гісторыю стварэння альбома і чароўны свет паэзіі Яўгеніі Янішчыц:

«Я вельмі люблю вобраз паэзіі Яўгеніі Янішчыц, якія я, можа быць, сама стварала для сябе.Як мне падаецца, у кожнага чытача свая Янішчыц! У 16 гадоў я прачытала ў адным з моладзевых выданняў яе верш «Жораў ты, а я сініца» і з таго моманту я палюбіла паэзію Яўгеніі Янішчыц. Чаму? Мне падалося, што гэтыя вершы ствараліся чалавекам неверагоднага таленту з тонкай душэўнай будовай, з самым простым успрыманнем свету, і, у той жа момант, з глыбокім асэнсаваннем жыцця, з прыроднай блізкасцю да зямлі, да традыцыі. Тады радкі Я.Янішчыц мяне проста ўскалыхнулі і я ўбачыла ў іх чыстую, прыгожую беларускую душу».

Таццяна падкрэсліла, што сёння яна прэзентуе альбом, які стварала, абдумвала, шукала матэрыялы да яго амаль палову свайго жыцця. Таму, што менавіта ў 16 гадоў у яе пачалі нараджацца песні на вершы Янішчыц, якія спакваля, паціху перарасталі ў альбомную канцэпцыю. І толькі апошнія пяць год яна свядома працавала над альбомам, запісвала кампазіцыі.

«І вось дзякуючы грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі», з афармленнем Міхала Анемпадыстава, гэтая кружэлка трапіла да слухачоў. Таму альбом «Матылёк» можна назваць выніковым, своеасаблівым падрахункам цэлага этапу маёй творчасці» — адзначыла спявачка.

Перад тым як распачаць жывую прэзентацыю альбома «Матылёк», Таццяна прадставіла музыканта, які ёй дапамагае на запісу і на прэзентацыі — гітарыста Юрыя Хілаўца. Менавіта ў дуэце з гэтым вядомым сталічным музыкантам былі выкананы такія песні на вершы Янішчыц, як «І тчэ жыццё гады», «Бэз апаў, а цвіце маладосць».

Слухачы адразу адчулі, што кампазіцыі прасякнуты любоўю за творчасці «Палескай ластаўкі», а мелодыі і аранжыроўкі песень ствараюць непаўторнае сугучча роднага слова, мелодый і гукаў акустычных інструментаў…

Вядомы беларускі пісьменнік і паэт Леанід Дайнека, які быў запрошаны на сцэну, выступіў не толькі ў якасці аўтара гістарычных раманаў і вострых вершаў, але і як галава сямейства Дайнекаў і свёкар Таццяны (сын Леаніда Мартынавіча Зміцер не так даўно пабраўся шлюбам з Таццянай).

Пісьменнік узгадаў гады сумеснай працы з Яўгеніяй Янішчыц і адзначыў, што гэта было цудоўная жанчына, якую ўжо тады звалі «Матылёк» за яе лёгкасць у паэтычных вобрах і ў адносінах з людзьмі. Леанід Дайнека прачытаў некалькі вершаў, якія ён прысвяціў Міжнароднаму дню роднай мовы, а таксама памяці сваёй незабыўнай каляжанкі.

Сваімі ўспамінамі пра паэтэсу падзялілася пісьменніца і перакладчыца Хрысціна Лялько:

«Вялікі дзякуй арганізатарам гэтай прэзентацыі за магчымасць у гэты дзень успомніць пра светлага, сонечнага чалавека — Жэню Янічшыц. Мяне прыемна ўразіла праца Таццяны над стварэннем гэтай кружэлкі. Яна не проста ўзяла вершы і агучыла іх пад гітару, а паспрабавала глянуць у глыб асобы паэткі. Для памяці нашай вельмі таленавітай паэтэсы гэта вельмі важна.

Сімвалічна, што прэзентацыя дыска «Матылёк» адбываецца ў Міжнародны дзень роднай мовы, бо Жэня вельмі любіла роднае слова, жыла ў яго стыхіі». Спадарыня Хрысціна завяршылі свае ўспаміны паэтычным экспромтам, які пачынаецца такімі словамі: «Ах, гэты дыск, бліскучая кружэлка, зліваюцца ў адзін два галасы/ і час назад вяртае стрэлкі ў свет адвечнай, роднае красы…»

Намеснік старшыні рады Беларускага фонда культуры, пісьменнік і перакладчык Анатоль Бутэвіч прапанаваў у думках вярнуцца ў 1966 год (хто памятае тыя часы!), калі ў стольны Мінск з’ехаліся хлопцы і дзяўчаты з вёсак і малых гарадоў, каб паступіць на філфак БДУ.

«Тады на беларускае аддзяленне паступіла каля 130 студэнтаў! Вы не ўяўляеце, які гэта быў паэтычны «кацёл»: Алесь Разанаў, Генадзь Пашкоў, Яўген Хвалей і шмат іншых маладых і больш сталых аўтараў. І гэтыя гады запомніліся нам, студэнтам вялікай цікаўнасцю да паэзіі, я б сказаў, ‘паэтычным напалам. Яўгенія Янішчыц вылучалася сур’ёзным падыходам да беларускага слова, які яна пранесла праз усё жыцця», — успамінаў Анатоль Іванавіч.

Эстафету ўспамінаў пра слынную паэтэсу падхапіў паэт і пісьменнік Васіль Жуковіч: «Вельмі радасна, што пабачыў свет гэты музычны альбом. Усе песні з яго гучаць, як паэма трагічнага жыцця Жэні Янішчыц. Гэта значыць, што добрую долю таго, чым было запоўнена сэрца гэтай мудрай, мужнай, пяшчотнай жанчыны, узяла ў сваё сэрца Таццяна».

Перш чым працягнуць прэзентацыю, Таццяна Дайнека (Беланогая) выказала шчырую падзяку мовазнаўцу Змітру Саўку, якога, нажаль, ужо няма сярод нас. Яго руплівая рэдактарская дапамога паспрыяла хутчэйшаму з’яўленню альбома. Гэтую падзяку з удзячнасцю прыняла ўдава мовазнаўцы Ілона Саўка, якая прысутнічала на прэзентацыі.

Альбом «Матылёк» складаецца з 28 аўтарскіх кампазіцый і запісу 66 вершаў у выкананні самой Яўгеніі Янішчыц. Большасць з іх прагучала пад час «жывой» прэзентацыі. Слухачы не заўважылі, як праляцеў час, бо мяккі і жаноцкі голас спявачкі, гарманічныя мелодыі пераносілі іх у чароўны свет любові і людской спагады, у свет паэзіі Яўгеніі Янішчыц.