22 сакавіка — шэсце і мітынг памяці Каліноўскага. У Вільне...

Мітынг-рэквіем і шэраг іншых мерапрыемстваў пройдуць 22 сакавіка, у суботу, у Вільні да 150-й гадавіны забойства расійскімі ўладамі Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстання 1863–1864 гадоў на Беларусі.



kalinouski_u_viljnie.jpg

k-atamanchik.livejournal.com

Арганізуе іх Рух «За Свабоду» ў супрацы з Таварыствам беларускай культуры ў Літве, творчай суполкай «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў, Еўрапейскім гуманітарным універсітэтам пры дапамозе амбасады Літвы ў Мінску.

Мемарыяльныя мерапрыемствы ў Вільні стануць завяршальным этапам Году Каліноўскага — маштабнай кампаніі па папулярызацыі герояў паўстання 1863-1864 гадоў. У прыватнасці, яна ўключала ў сябе Мілавідскі фэст, конкурс "Найлепшы знаўца паўстання Кастуся Каліноўскага", вандроўкі па мясцінах, звязаных з паўстаннем, упарадкаванне магіл паўстанцаў і помных знакаў, міжнародныя канферэнцыі, выданне літаратуры, прысвечанай тым падзеям.

Аргкамітэт Году Каліноўскага ачольваюць вядомы гісторык і публіцыст Янка Запруднік, а таксама лідары Руху “За Свабоду” і кампаніі “Гавары праўду!” Аляксандр Мілінкевіч і Уладзімір Някляеў.

Напачатку Году Каліноўскага выканаўчы сакратар аргкамітэта, першы намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрась Губарэвіч адной з мэтаў называў ператварэнне Каліноўскага ў брэнд Беларусі.

Аляксандр Мілінкевіч адзначае, што Год Каліноўскага ў першую чаргу быў разлічаны на моладзь, якая павінна выхоўвацца на славутых і гераічных постацях. Лідар Руху “За Свабоду” лічыць, што гэта вельмі важна, таму што цяпер ў школы вяртаюцца “імперскія” падручнікі: “Растуць канфармісты… Патрэбна выхаванне на постацях”.

“А Каліноўскі — апостал беларускай свабоды і барацьбы за незалежнасць. Герой на ўсе вякі! Гэта прыклад для нас. Такія людзі ствараюць пачуццё годнасці для нацыі. Тое, за што змагаліся паўстанцы 1863-1864 гадоў, актуальна і цяпер. Не стае свабоды, пад пагрозай незалежнасць. Шмат часу прайшло, але для беларусаў працягваецца змаганне за выжыванне нацыі, дзяржавы”, — кажа Аляксандр Мілінкевіч.

“Нашы суседзі змагаюцца за любую постаць, за якую можна зачапіцца — гераізаваць, зрабіць сімвалам нацыі, падымаць, падымаць, падымаць… Гэта цэментуе нацыю”, — заўважае Уладзімір Някляеў.

Паводле яго, “ёсць людзі і ва ўладзе, якія любяць Беларусь і выхаваныя на Каліноўскім”.

Праграма 22 сакавіка

А 13-й гадзіне пачнецца набажэнства ў Дамініканскім касцёле. Пасля адбудзецца ўскладанне кветак да мемарыяльнай дошкі на ім, адкуль шэсце ўдзельнікаў імпрэзы рушыць да Лукішскай плошчы, дзе быў пакараны смерцю нацыянальны герой Беларусі Кастусь Каліноўскі.

На Лукішскай плошчы пройдзе мітынг-рэквіем. Мяркуецца, што ўдзел у ім возьмуць некалькі соцень чалавек. Праз некалькі гадзін перапынку а 17-й гадзіне ў актавай зале ЕГУ пройдзе супольны канцэрт-рэквіем з удзелам прадстаўнікоў Беларусі і Літвы. Вядучыя - Зінаіда Бандарэнка і Мікола Купава. Сярод іншых выступяць Сяргей Панізьнік, “Тутэйшая шляхта”, трыа Ярыны Лецкі, Уладзімір Дрындрожык, Алесь Разанаў, Таццяна і Адась Матафонавы, прагучаць паланез Агінскага, "Пагоня", "Магутны Божа".

Арганізатары заклікаюць ушанаваць памяць Кастуся Каліноўскага ды іншых герояў паўстання 1863-1864 гадоў разам!

pyx.by