32-я ўгодкі Белавежскіх пагадненняў. Як раскідала аскепкі СССР

8 снежня 1991 года тагачасныя кіраўнікі Беларусі, Расіі і Украіны падпісалі ў Віскулях знакамітыя дакументы, якія канстатавалі відавочнае — распад Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Кажучы паэтычна, вецер свабоды тады дзьмуў на абшарах адной шостай часткі сушы. Куды гэты вецер у выніку вынес аскепкі агромністай дзяржавы — сабралі ў адным матэрыяле.

Крыніца фота: «РИА Новости»

Крыніца фота: «РИА Новости»

СССР быў вельмі стракатай краінай, прычым ва ўсім. Што агульнага, скажам, у літоўцаў і туркменаў, каб яны жылі ў адных межах? Нічога, акрамя тых камуністычных ланцугоў. Ці нармальна, калі дзяржава спачатку запускае людзей у космас, і толькі потым дае гэтым людзям магчымасць набыць у краме туалетную паперу? Вядома, не. Другі ў свеце паказчык ВУП, індустрыялізацыя, бясплатныя кватэры — і вечны дэфіцыт, паўпустыя паліцы і перманетная беднасць насельніцтва. Ідэалогія, цэнзура, сацрэалізм, палітычны пераслед за іншадумства — і пры гэтым яскравая культура, кінематограф месцамі ўзроўню прэміі «Оскар», літаратура маштабу Нобелеўкі.

Шмат, карацей, недарэчнага, несумяшчальнага было ў гэтым утварэнні, то і развалілася яно ўрэшце з цалкам натуральных прычын.

У СССР паводле нацыянальнай прыкметы ўваходзілі 15 рэспублік. На пачатку 90-х гадоў мінулага стагоддзя яны атрымалі незалежнасць. Давайце паглядзім, хто як ёй скарыстаўся.

Краіны Балтыі: дэмакратыя, ЕС і НАТО

Літва, Латвія і Эстонія, канешне, адразу займаюць месцы ў топ-3. Іх нават няма сэнсу падзяляць, бо абраная траекторыя развіцця — фактычна адна на траіх.

Па вялікім рахунку толькі яны і пабудавалі пасля распаду СССР сапраўдную трывалую дэмакратыю. 20 гадоў яны ўжо ў Еўрасаюзе і НАТО. Еўраінтэграцыя прынесла ім новыя магчымасці развіцця, а грамадзянам — шмат выгодаў для самарэалізацыі.

Хай і праблемы маюць, але па ўзроўні жыцця гэтыя краіны наперадзе былых суседзяў па «турме народаў». Хай і супярэчнасці пэўныя ёсць у грамадствах, але на тое і плюралізм, каб разам іх вырашаць. Ну і галоўнае — краіны Балтыі ўжо настолькі аддаліліся ад савецкай спадчыны, што ніякага вяртання «назад у СССР» там не знойдзеш. Гэта сантымент застаецца хіба толькі ў рускамоўных пенсіянераў, якія так і не ўладкаваліся ў новай еўрасаюзаўскай рэальнасці.

Казахстан: Аўтакратыя на новым вітку

Трыццаць гадоў, з 1989-га па 2019-ты, краінай кіраваў Нурсултан Назарбаеў. Гэтага дастаткова, каб стварыць паўнавартасны культ асобы — з прыжыццёвымі помнікамі сабе любімаму, цытатамі на білбордах, афіцыйным тытулам «Лідар нацыі». Але няма нічога вечнага: чатыры гады таму Елбасы саступіў прэзідэнцкую пасаду пераемніку, і цяпер яго культ в Казахстане развянчаны.

Цяпер на чале дзяржавы Касым-Жамарт Такаеў. З кепскіх навін — Казахстан як быў, так і застаецца аўтарытарнай дзяржавай. Адны эліты прыйшлі замест другіх. З добрых навін — усё ж пэўная лібералізацыя ў краіне адбылася. У тым ліку і датычна галоўнай кіраўнічай пасады: згодна з папраўкамі ў Канстытуцыю 2022 года, прэзідэнтам цяпер можна быць толькі цягам аднаго сямігадовага тэрміну.

Таджыкістан: Дыктатура з культам асобы

Дэ-факта Эмамалі Рахмон кіруе Таджыкістанам з 1992 году, на пасадзе прэзідэнта — з 1994-га. Зразумела, што аніякай дэмакратыі там няма, а ёсць культ асобы. Тытул Рахмона гучыць самавіта: «Заснавальнік міру і нацыянальнага адзінства — Лідар нацыі».

Як часта і бывае пры дыктатурах, любоў да лідара замяняе хлеб. Узровень жыцця ў Таджыкістане невысокі, заробкі малыя (сярэдні ў раёне 200 долараў), шмат мужчын вымушаныя працаваць на будоўлях у Расіі і іншых краінах.

Кыргызстан: Краіна пераможных рэвалюцый

Бадай, самая дэмакратычная краіна з цэнтральнаазіяцкіх «нашчадкаў» СССР, але шмат што тут вызначае фон. Бо дастаткова не мець культа асобы, і ў кампаніі суседскіх аўтакратый будзеш выглядаць рэспектабельна.

Аднак факт ёсць факт: улада ў Кыргызстане мяняецца, прычым часта — праз рэвалюцыі. У 2005 годзе там скінулі прэзідэнта Аскара Акаева. У 2010-м — Курманбека Бакіева (той збег да Лукашэнкі ў Беларусь). У 2020-м — Сааранбая Жээнбекава.

Тое, што масавым пратэстам можна адправіць у адстаўку кіраўніка, канешне, характарызуе Кыргызстан як краіну з суб’ектным народам. І сапраўды — на выбарах там лічаць галасы, а за меркаванне ў турмы не кідаюць. І ўсё ж лепш, калі ўлада мяняецца праз выбары, а не рэвалюцыі. А для гэтага трэба мець трывалыя дэмакратычныя інстытуты, якіх у гэтай былой савецкай рэспубліцы не пабудавалі. Што стварае рызыкі вяртання дыктатуры.

Узбекістан: Адзін уладар сышоў, другі прыйшоў

Узбекістан — нешта сярэдняе паміж Казахстанам і Таджыкістанам. З аднаго боку, там, як у Душанбе, не кіруе больш за 30 гадоў былы савецкі партакрат. З іншага — не кіруе, бо памёр. Іслам Карымаў памёр у 2016-м пасля 25-гадовага прэзідэнцтва. Зараз на яго месцы — Шаўкат Мірзіёеў. Пэўныя рэформы ён правёў, жыццё стала больш ліберальным, але агулам другі прэзідэнт ідзе шляхам першага — з імпэтам акопваецца ва ўладзе, каб кіраваць доўга-доўга. У красавіку ва Узбекістане прайшоў рэферэндум, які абнуліў мінулы тэрміны Мірзіёева, павялічыў з 5 на 7 гадоў прэзідэнцкую кадэнцыю, і, уласна, дазволіў цяперашняму лідару кіраваць да 2037 года.

Туркменістан: Аналаг Паўночнай Карэі

Гэтую краіну называюць другой КНДР, і ў гэтым ёсць рацыя. Сапраўды Туркменістан — самая закрытя дзяржава былога «саўка». Туркменскае «чучхе» апісаў у сваёй кнізе «Рухнама» першы кормчы Сапармурат Ніязаў. Пасля яго смерці прыйшла эпоха Бердымухамедавых — спачатку бацькі Гурбангулы, потым сына Сердара.

У Туркменістане няма аніякіх свабодаў — ні слова, ні дзеянняў, ні правоў чалавека, абмежаваны інтэрнэт. Дазнацца ў падрабязнасцях, што там адбываецца, досыць складана. Згодна са статыстыкай, сярэдні заробак у 2022 годзе там складаў 228 долараў. Хаця краіна здабывае шмат прыроднага газу.

Пры гэтым на так званых выбарах у 2022 годзе Бердымухамедаву-малодшаму намалявалі «ўсяго» 72,97% галасоў. Амаль на дзесяць працэнтных пунктаў меней, чым сфальсіфікаваў сабе Лукашэнка ў 2020-м.

Грузія: Кандыдат у ЕС, але ёсць нюансы

Нядаўна Грузія атрымала афіцыйны статус кандыдата на ўступленне ў Еўрасаюз. Наконт членства ў ЕС і НАТО ў грамадстве існуе цвёрды кансенсус — паводле апытанняў, за такі курс выступае 70-80% грамадзян.

Але не ўсё так проста ў гэтай парламенцкай рэспубліцы. З 2012 года ў краіне кіруе партыя «Грузінская мара», якую за флірт з Расіяй усё часцей называюць «Рускай марай». Былы прэзідэнт Міхаіл Саакашвілі знаходзіцца за кратамі. Ценявым кіраўніком дзяржавы, паводле папулярнага меркавання, з’яўляецца алігарх Бідзіна Іванішвілі. Праваабаронцы звяртаюць увагу на паступовае згортванне асноўных грамадзянскіх свабодаў. Тым не менш Грузія падтрымлівае цесныя сувязі з Захадам, і нездарма пасля 2020 года там уладкавалася шматлікая беларуская дыяспара.

Перспектывы дэмакратыі тут няясныя. Лічыцца, што вызначальнымі ў гэтым пытанні могуць стаць парламенцкія выбары 2024 года. За імі будуць вельмі пільна сачыць краіны Захаду, каб зрабіць свае высновы.

Азербайджан: Дынастыя Аліевых

Пасля турбулентнасці пачатку 90-х уладу ў Азербайджане ўзяла дынастыя Аліевых. З 1993-га па 2003-ці кіраваў Гейдар Аліеў, пасля яго смерці прэзідэнцкую пасаду заняў яго сын Ільхам. Уласна, гэта ўсё, што трэба ведаць пра палітычнае ўладкаванне ў краіне. Дадамо хіба тое, што ў 61-гадовага сённяшняга кіраўніка трое дзяцей, а адзіны сын, 26-гадовы Гейдар Ільхам аглы, з’яўляецца членам вядучай партыі «Новы Азербайджан» і разглядаецца экспертамі як будучы прэзідэнт краіны.

Характэрная адметнасць: у знешняй палітыцы Азербайджан амаль не азіраецца на пазіцыю Крамля. І Масква мусіць з гэтым мірыцца. Прычына ў шчыльных сувязях Баку з Турцыяй, супраць якой імперская Расія голасу не павышае. У значнай ступені менавіта праз хаўрусніцтва з Анкарой Аліеў дамогся пераможнага вырашэння пытання з Нагорным Карабахам.

Арменія: Уваход у ЕС, выхад з СНД

Парламенцкая рэспубліка з больш-менш устойлівымі інстытутамі дэмакратыі, Арменія праходзіць складаны шлях. Праз даўні канфлікт з Азербайджанам Ерэван доўгі час мусіў хіліцца да Расіі, спадзеючыся на яе заступніцтва ад знешняй агрэсіі за кошт АДКБ. Але час паказаў: «калектыўная бяспека» пад мадэрацыяй Крамля не працуе. Гісторыя з Нагорным Карабахм, падчас якой АДКБ нават не пікнуў, гэта паказала вычарпальна.

Але як цяжка ў Арменіі ні перажывалі б тую паразу, менавіта яна можа дапамагчы вызначыць далейшы шлях развіцця каўказскай рэспублікі. Цяпер Ерэван заўважна астудзеў да Расіі і яе штучных міждзяржаўных утварэнняў. Нават перастаў ездзіць на саміты той жа АДКБ і ўвогуле не выключае выхаду з арганізацыі. У той жа час назіраецца пацяпленне з Захадам. З Масквы чуецца імперскае скрыгатанне зубамі, але пакуль яно ні на што не ўплывае.

Малдова 

У Малдове не было і няма дыктатуры, але доўгі час існавалі моцныя прарасійскія настроі. Дапамагала трымаць краіну ў сферы маскоўскага ўплыву і нявырашанае тэрытарыяльнае пытанне Прыднястроўя.

Лічыцца, што знакавая ў гэтым сэнсе падзея адбылася ў 2020-м, калі прэзідэнткай была абраная Мая Санду — цалкам празаходні палітык. Вайна ва Украіне дадала малдоўскаму грамадству разумення, што ад Расіі варта трымацца падалей. У выніку Кішынёў ідзе шляхам еўраінтэграцыі, і ў чэрвені мінулага года атрымаў статус кандыдата ў Еўрасаюз.

Сёлета Малдова заявіла пра намер выйсці з СНД.

Украіна: Дэмакратыя за кошт вайны

Мы вельмі шмат ведаем пра Украіну і яе цяжкі шлях у еўрапейскім кірунку. Таму коратка: гэтая краіна жыве пры дэмакратыі, хоча быць у Еўрасаюзе і НАТО — і гэта настолькі раздражняе пуцінскую Расію, што тая пачала супраць суседа імперыялістычную вайну.

Вайна трывае ўжо амаль два гады, і канца яе пакуль не відаць. Але не падобна, што Крэмль зможа цалкам захапіць і скарыць Украіну. Гэта азначае, што свой шлях да сапраўднай незалежнасці ўкраінцы пройдуць, хай і вельмі цяжка, заплаціўшы за гэта вялікую і крывавую цану.

Расія: Агрэсар, дамінант восі зла

І пра Расію няма чаго шмат казаць. Чым далей старэе Пуцін, тым болей імперскіх тараканаў у яго галаве. На трэцім дзясятку гадоў кіравання ён канчаткова пераўтварыў Расію ў краіну-агрэсара, якая не грэбуе тэрарыстычнымі практыкамі для дасягнення сваіх мэтаў. Усё часцей пра РФ кажуць як пра правадыра новай восі зла. Такім адыёзным і ненавісным не быў нават СССР з яго афганскай вайной і танкавымі рэйдамі ў Венгрыю і Чэхаславакію. І далей, здаецца, будзе толькі горш.

Беларусь: Дыктатура, якая гандлюе суверэнітэтам

Сфальсіфікаваўшы ў 2020 годзе выбары, Лукашэнка пайшоў па слізкай дарозе. Дзеля захавання сваёй улады ён вывеў на палітычную панэль суверэнітэт Беларусі. Пакрысе за крамлёўскую падтрымку ён аддае кавалкі незалежнасці ў рамках так званай Саюзнай дзяржавы. Нелегітымны і самаабвешчаны, фактычна вядзе краіну назад у Савецкі Саюз.

Можна што заўгодна думаць пра дыктатараў у краінах былога СССР, але ніводны з іх не гандлюе суверэнітэтам. Ніводны свядома не знішчае нацыянальную культуру і мову, бачачы ў іх пагрозу свайму кіраванню. Ніводны, акрамя Лукашэнкі.

Унутрана саспеўшы да дэмакратыі, Беларусь сёння перажывае вельмі драматычны перыяд. Ён можа скончыцца як стратай незалежнасці на карысць Расіі, так і вызваленнем ад лукашызму з добрымі перспектывамі цывілізаванага развіцця.