Ад геапалітыкі да сянажных траншэй
«Дэмакратыя — гэта інстытут прымусу дзяржавы да адказнасці». У Беларусі ў якасці інстытута прымусу дзяржавы да адказнасці выступае АП, які ўзяў на сябе ролю своеасаблівага палітычнага чалавека-аркестра. Ён і на клавішных, і на духавых, і на ўдарных. І ўсё гэта адначасова. І ўсё гэта на прафесійным узроўні.
13 лютага 2018 года міністр замежных спраў Нідэрландаў Халбе Зейлстра сышоў у адстаўку. Сярэднестатыстычнаму беларусу, чыё паняцце пра дабро і зло сфарміраванае не без дапамогі дзяржаўных СМІ, паверыць у абгрунтаванасць адстаўкі не так проста. Прапаную чытачам НЧ самастойна ацаніць неардынарнасць сітуацыі.
За дзень да адстаўкі міністр прызнаўся, што схлусіў пра сустрэчу з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным у 2006 годзе. Раней ён сцвярджаў, што падчас працы ў кампаніі «Royal Dutch Shell» пабываў на «дачы Пуціна» і чуў, як той назваў Беларусь, Украіну, Прыбалтыку і Казахстан часткамі «Вялікай Расіі».
Сур’ёзнае абвінавачанне, пагадзіцеся. Хлусня ж у дадзеным выпадку заключаецца ў тым, што ўдзельнікам сустрэчы на «дачы Пуціна» быў не дыпламат, а кіраўнік «Shell» Ерун ван дэр Вір, які пазней і перадаў кіраўніку галандскага МЗС словы расійскага прэзідэнта.
Падманваць кепска. Гэтую жыццёвую максіму нам даводзяць з ранняга дзяцінства. Спачатку бацькі, потым выхавацелі ў дзіцячым садку і педагогі ў школе. Напэўна, у патрэбны час «чара гэтая» не абмінула і амерыканскага хлопчыка Біла Клінтана, што стаў 42-м прэзідэнтам ЗША. Аднак неабходнасць заўсёды гаварыць праўду, і толькі праўду, была засвоеная ім павярхоўна, што і стала прычынай для абвінавачвання ў ілжэсведчанні пад прысягай і пачатку працэдуры імпічменту ў 1998 годзе (сексуальны скандал Клінтан — Левінскі).
Імпічменту Клінтан здолеў пазбегнуць, але за лжывыя паказанні прэзідэнт быў пазбаўлены ліцэнзіі на юрыдычную практыку і аштрафаваны на 90 тысяч долараў.
Даходы змяншаюцца, падтрымка расце
Вось такая яна, заходняя дэмакратыя. У ЗША лжэсведчанне караецца тэрмінам да 5-ці гадоў, у Вялікабрытаніі — да 7-мі. Таму прэзідэнту-дэмакрату Клінтану, можна лічыць, пашанцавала. Не пашанцавала дэмакратычнай партыі, якая прайграла сваім палітычным апанентам-рэспубліканцам прэзідэнцкія выбары ў 2001 годзе. За хлусню аднаго заплацілі многія.
У Беларусі дэмакратыі не менш, чым на Захадзе, хоць шуфлем заграбай. А тое, што яна не пазбаўленая нацыянальнага каларыту, — дык гэта варта толькі вітаць, чым беларускія топ-чыноўнікі рэгулярна і займаюцца. Абмяжуюся прыкладам, запазычаным з інтэрв’ю міністра замежных спраў Уладзіміра Макея тэлеканалу «Euronews» (24 сакавіка 2018 года): «Немагчыма дасягнуць усяго і адразу. Немагчыма легчы спаць у Савецкім Саюзе, а прачнуцца ў цалкам еўрапейскай дэмакратычнай дзяржаве. Гэта не значыць, што мы не хочам вучыцца. Мы гатовыя вучыцца, у тым ліку вывучаць еўрапейскія “падручнікі”».
Наяўнасць жадання — палова поспеху. Другою палову, калі ўзнікне ў гэтым патрэба, можна забяспечыць з дапамогай «Віягры» ці яе беларускіх аналагаў. Эфект той жа, а выдаткаў у разы менш.
Выдаткаў будзе яшчэ менш, калі праводзіць выбары не з мэтай карэкціроўкі сацыяльна-палітычнага і эканамічнага курсу «беларускай мадэлі», а ў якасці своеасаблівых экзаменаў для органаў улады. Хто пры гэтым выступае ў ролі экзаменатара, а хто студэнта — назіральніку збоку зразумець няпроста. Фармальна экзамены здае ўлада, але здае яна іх не выбаршчыкам, а выбарчым камісіям, якія сама ж і фармуе.
Ці варта пасля гэтага здзіўляцца, што на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года ва ўмовах падзення рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва на 5,6%, узровень электаральнай падтрымкі адзінага палітыка (АП), паводле звестак ЦВК, аказаўся рэкордна высокім: 1994 г. — 44, 82% у першым і 80,6% у другім туры, у 2001 г. — 75,65%, у 2006 г. — 82,6%, у 2010 г. — 79,65% і ў 2015 г. — 83,49%.
Вось такі ўзор нацыянальнай адэкватнасці! Даходы падаюць, а падтрымка на выбарах расце. Як пасля гэтага верыць заявам АП наконт прыярытэту эканомікі ў падтрыманні стабільнасці?!
Між іншым, паводле дадзеных НІСЭПД, вынікі прэзідэнцкіх выбараў у 2015 годзе для АП апынуліся рэкорднымі, але з адваротным знакам. Яго падтрымала 38% ад колькасці апытаных і 52% — ад колькасці тых, хто прыняў удзел у галасаванні (супраць 51% і 58% у 2010 годзе). Але НІСЭПД, як гэта неаднаразова і пераканаўча паказаў дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН РБ прафесар Ігар Катляроў, усе свае вынікі атрымліваў «на каленках». Пра гэта неабходна памятаць і арыентавацца на правільныя лічбы беларускага ЦВК.
Чалавек-аркестр
Яшчэ адна цытата, якую запазычылі ў чарговага топ-чыноўніка. На гэты раз у віцэ-спікера ПП НС Валерыя Іванова (2009): «Дэмакратыя — гэта няпросты працэс. У Беларусі ўзяты курс на эвалюцыйную дэмакратызацыю грамадскага жыцця, і краіна істотна прасунулася ў напрамку агульнаеўрапейскіх стандартаў. Мы выразна ўсведамляем, што ў сферы рэалізацыі палітычных правоў нам яшчэ шмат трэба будзе зрабіць. Ідэальных дзяржаў не бывае. Але мы цвёрда маем намер ісці па гэтым шляху, і экспертная падтрымка Савета Еўропы вельмі спатрэбілася б».
З такой заявай «немагчыма спрачацца». Гэта не маё меркаванне. Гэта меркаванне аглядальніка «Савецкай Беларусі» Ігара Кольчанкі. Я і не спрачаюся. У Сярэднявеччы жыхары беларускіх гарадоў выбіралі сабе кіраўнікоў у поўнай адпаведнасці з Магдэбургскім правам. Сёння за іх гэта робіць АП у поўнай адпаведнасці з Канстытуцыяй (Артыкул 119). Вось такое прасоўванне ў напрамку агульнаеўрапейскіх стандартаў. З ім даводзіцца змірыцца. А што паробіш? Ідэальных дзяржаў не бывае.
Аднак не ўсё так безнадзейна. Калі хто забыўся, «мы гатовыя вучыцца». На кніжных паліцах у кабінетах нашых начальнікаў стройнымі шэрагамі стаяць еўрапейскія «падручнікі». Дастаткова руку працягнуць, каб азнаёміцца з адным са шматлікіх азначэнняў дэмакратыі. Напрыклад, вось з такім: «Дэмакратыя — гэта інстытут прымусу дзяржавы да адказнасці».
Тым, хто сумняваецца і нязгодны, прапаную вярнуцца да пачатку «азбукі паліталогіі» і перачытаць гісторыю з адстаўкай міністра замежных спраў Нідэрландаў. Цытуючы Пуціна, ён няправільна ўказаў крыніцу інфармацыі — і гэта каштавала яму кар’еры.
У Беларусі ў якасці інстытута прымусу дзяржавы да адказнасці выступае АП, які са згоды большасці выбаршчыкаў узяў на сябе ролю своеасаблівага палітычнага чалавека-аркестра. Ён і на клавішных, і на духавых, і на ўдарных. І ўсё гэта адначасова. І ўсё гэта на прафесійным узроўні.
Геапалітыка, праблемы еўрапейскай бяспекі — няма праблем. Будаўніцтва сянажных траншэй для забеспячэння захаванасці кармоў — даручыць, пракансультуе і пракантралюе. Цытую: «Гэта — якасць кармоў, здароўе жывёл. Таму траншэі, якія непрыдатныя, трэба іх дастаць з зямлі і перарабіць, паставіць у патрэбным месцы. Там, дзе трэба (замест курганоў вашых і капцоў), пабудаваць новыя траншэі. У вас, Андрэй Уладзіміравіч (прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў. — рэд.), гэты і наступны год. У адваротным выпадку не трэба нарыхтоўваць травяністыя кармы там, дзе вы складаеце іх у капцы. Гэта — гніллё, яд для жывёлагадоўлі».
Час хаваць запалкі
Згодна з прынцыпам Піцера, «у іерархічнай сістэме кожны індывід мае тэндэнцыю падняцца да ўзроўню сваёй некампетэнтнасці». Напрыклад, ваш добры знаёмы выдатна выконвае абавязкі брыгадзіра змены на фабрыцы па вытворчасці зубачыстак. У перспектыве яго чакае падвышэнне: майстар, старшы майстар, намеснік начальніка цэха, начальнік цэха і г.д. Але на нейкім узроўні, што цалкам натуральна, ён дасягне мяжы сваёй кампетэнцыі. Хутчэй за ўсё, гэта не стане падставай для паніжэння ў пасадзе, але на далейшым кар’ерным росце, з вялікай доляй верагоднасці, паставіць крыж.
Выснова: у сістэмах, што ўстаяліся, усе кіраўнічыя ўзроўні занятыя некампетэнтнымі людзьмі. Гэта адзін з базавых прынцыпаў арганізацыі сацыяльных сістэм. Цалкам ад яго пазбавіцца яшчэ ні ў каго не атрымлівалася, але існуе механізм, які дазваляе мінімізаваць разбуральныя наступствы прынцыпу Піцера. Імя яму — дэмакратыя.
Як ужо адзначалася вышэй, дэмакратыя прымушае дзяржавы да адказнасці. Але гэтым яе станоўчыя функцыі не абмяжоўваюцца. Дэмакратыя — гэта своеасаблівы механізм натуральнага адбору, які дазваляе рэкрутаваць у палітычную эліту лепшых прадстаўнікоў грамадства.
Дэмакратыя не дазваляе эліце замкнуцца і ператварыцца ў аналаг савецкага палітбюро, склад якога вызначалі самі яго чальцы. Прытрымліванне такога курсу прывяло «Вялікую дзяржаву» да герантакратыі, да дзядоў ва ўладзе, што шамкалі і прыцмокваў, і наогул выжылі з розуму. Ад такіх у вёсках запалкі хаваюць, не тое, што чамадан з ядзернай кнопкай.
Не здзіўлюся, што наша «эвалюцыйная дэмакратызацыя» рухаецца па звыклай каляіне, што істотна павышае шанец ужо ў сярэднетэрміновай перспектыве назіраць масавае шамканне і прыцмокванне па ўсіх беларускіх тэлеканалах. Нездарма жадаючых вярнуцца ў СССР у нас заўсёды хапала.