Апазіцыйныя палітыкі з ідэалагічных прычынаў не могуць дамовіцца па некаторых пытаннях прыватызацыі
Круглы стол на тэму выпрацоўкі адзіных эфектыўных падыходаў да прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў прайшоў у офісе Руху "За Свабоду".
У мерапрыемстве ўдзельнічалі эксперты шэрагу палітычных партый і арганізацый. Сярод іх былі намеснік старшыні АГП Леў Марголін, старшыня партыі "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, намеснік старшыні партыі "Зялёныя" Дзмітрый Кучук, намеснік старшыні аргкамітэта "Партыі свабоды і прагрэсу" Сяргей Казлоўскі, старшыня партыі "Надзея" Алена Яськова, прадстаўніца БСДП(Г) Жана Семянтовіч ды іншыя.
Галоўным экспертам, які рабіў даклад пра бачанне прыватызацыі і шляхі па падвышэнні яе эфектыўнасці, выступіў эканаміст Сяргей Чалы.
Сяргей Чалы адзначыў, што сёння мы хутчэй назіраем працэс рэпрыватызацыі, калі дзяржава вяртае сабе прыватызаваныя раней прадпрыемствы. На думку Чалага, цяперашні крызіс падштурхоўвае да прыватызацыі буйных прадпрыемстваў, з дапамогай якой якіх можа быць забяспечаны эканамічны рост. Пераважная большасць беларускіх заводаў працуе неэфектыўна. Заробкі на стратных прадпрыемствах больш нагадваюць дапамогу па беспрацоўі, якое такім чынам мае прыхаваны характар.
"У праграме "Паглыблены дыялог", у межах якой ладзіцца мерапрыемства, удзельнічаюць 11 арганізацый, у асноўным палітычных парый", — адзначыла каардынатарка дыскусійнай пляцоўкі па прыватызацыі, створанай для выпрацоўкі агульных падыходаў ў асяродку апазіцыйных палітычных партый і арганізацый, намеснік старшыні Руху "За Свабоду" Галіна Скараход.
"Круглы стол праводзіўся, каб выпрацаваць агульнае бачанне на працэсы прыватызацыі ў Беларусі. Тая прыватызацыя, што адбылася (чэкавая), не прынесла ніякіх здабыткаў ні прадпрыемствам, ні краіне. Беларускія партыі не бачаць сэнсу ў працягу чэкавай прыватызацыі па ранейшай схеме", — падкрэсліла Галіна Скараход.
Па словах Галіны Скараход, на сустрэчы палітыкі ўзгаднілі агульныя прынцыпы прыватызацыі. Сярод іх рэгуляванне працэсу прыватызацыі Законам; празрыстасць; аб'ектыўнасць ацэнкі актываў, якая забяспечваецца мінімум трыма незалежнымі ацэньшчыкамі; адкрытасць і конкурсны падыход...
У той жа час, паводле каардынатаркі сустрэчы, ёсць шэраг пазіцый, па якіх не ўдасца дамовіцца з ідэалагічных прычынаў.
Агульныя падыходы да прыватызацыі пасля іх канчатковай выпрацоўкі могуць быць скарыстаныя дэмакратычнымі сіламі пасля змены ўлады, альбо нават дзейснай уладай, калі яна будзе гатова ўспрымаць канструктыўныя прапановы з боку апазіцыі. Выкарыстанне распрацаваных падыходаў, паводле задумцы арганізатараў пляцоўкі, паспрыяе паляпшэнню сітуацыі ў эканоміцы, яе рэфармаванню, прыцягненню інвестыцый, узмацненню сацыяльных гарантый для насельніцтва.