БНФ хоча вярнуцца ў грамадства
Новае кіраўніцтва партыі БНФ плануе замяніць дрэйф у рэчышчы грамадска-палітычных падзей на акрэслены курс.
Пасля змены кіраўніцтва ў партыі БНФ, якую адны назвалі «рэйдэрскім захопам», а другія — лагічнай ратацыяй кадраў, новаабраны старшыня партыі і яго намеснікі паабяцалі
журналістам вярнуць БНФ на пазіцыі папулярнасці ў грамадстве.
Новае кіраўніцтва партыі БНФ плануе замяніць дрэйф у рэчышчы грамадска-палітычных падзей на акрэслены курс.
Пасля змены кіраўніцтва ў партыі БНФ, якую адны назвалі «рэйдэрскім захопам», а другія — лагічнай ратацыяй кадраў, новаабраны старшыня партыі і яго намеснікі паабяцалі
журналістам вярнуць БНФ на пазіцыі папулярнасці ў грамадстве.
«Абнаўленне ў тым, што мы выходзім з апазіцыйнай рэзервацыі і ідзем у грамадства, — патлумачыў кіраўнік партыі Аляксей Янукевіч. — Калі ў мяне пытаюцца, ці зменіцца курс
партыі пасля майго абрання на старшынства, я адказваю, што апошнія гады БНФ не меў курсу ўвогуле, гэта быў дрэйф у рэчышчы агульных грамадска-палітычных працэсаў. Я разлічваю на тое, што прадстаўнікі
старой каманды далучацца да новага курсу. Нельга казаць, што адышло старое пакаленне. Гэта некалькі асобаў, што праўда, вельмі вядомых і знакавых, абвясцілі, што не хочуць падзяляць з цяперашнім
кіраўніцтвам адказнасць за тое, што партыя будзе рабіць. Яны нам падаюцца вельмі важнымі фігурамі, і з некаторымі мы ўжо знайшлі паразуменне».
Новае кіраўніцтва партыі абяцае знайсці паразуменне з іншымі палітычнымі суб’ектамі, ідэі
якіх блізкія да ідэй БНФ. Выключэнне хіба што зроблена для Партыі камуністаў беларускай на чале з Сяргеем Калякіным — калі меркаваць па папярэдніх заявах, то сяброўства паміж правымі і
левымі не атрымаецца. Відаць, у якасці кампенсацыі за такую нядобразычлівасць да камуністаў Янукевіч і кампанія абяцаюць партнёрства з Рухам «За свабоду» — структурай, якая
была сапраўдным яблыкам спрэчак і ўнутрыпартыйных чыстак апошнія паўтары гады. «У новага кіраўніцтва няма напругі з кіраўніцтвам Руху «За Свабоду». Адносіны будуць
нармальныя. Праблема падвойнага сяброўства надуманая. Мы гатовыя прапанаваць нашым сябрам праграму дзеянняў, за выкананне якой яны возьмуцца з энтузіязмам», — запэўніў Аляксей
Янукевіч.
Разам з тым БНФ адмаўляецца ад супрацоўніцтва з цяперашнімі ўладамі. «Мы катэгарычна заяўляем, што адмаўляем магчымасць удзелу партыі БНФ у любой форме дыялогу з цяперашнімі ўладамі да
пачатку працэсаў рэальных дэмакратычных зменаў у заканадаўстве і правапрымяненні ў Беларусі, — падкрэсліў намеснік старшыні партыі БНФ Ігар Лялькоў. — Таксама не збіраемся
супрацоўнічаць з тымі сіламі, што шукаюць падтрымкі ў Расіі і гатовыя паставіць дзеля гэтага пад пагрозу палітычную і эканамічную незалежнасць Беларусі. А таксама з тымі сіламі, праграмныя мэты якіх
істотна супярэчаць праграмным мэтам партыі БНФ». У апошнім выпадку зноў праглядаецца недвухсэнсоўны намёк на ПКБ.
Ці не ў першую чаргу новае кіраўніцтва БНФ зоймецца стварэннем нацыянальна-дэмакратычнага блоку, у які прапануецца ўвайсці «Беларускай хрысціянскай дэмакратыі», Руху «За
свабоду», КХП БНФ, “Маладому фронту, Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамадзе. «Гэта не будзе стварэнне прэзідыумаў-палітрадаў, а адзінства, супольны план і
каардынацыя дзеянняў, што мусіць паказаць беларускаму грамадству — дэмакратычныя сілы аб’яднаныя, моцныя, маюць агульны, пабудаваны на каштоўнасцях незалежнасці план выхаду з
крызісу і далейшага развіцця. Я думаю, што гэта праца можа прывесці да стварэння паспяховага палітычнага блоку, які зможа прыйсці да ўлады», — падзяліўся амбітнымі планамі Ігар
Лялькоў.
Што тычыцца ўдзелу БНФ у наступных прэзідэнцкіх выбарах, то старшыня партыі падкрэсліў: галоўным
з’яўляюцца ўмовы, на якіх будуць адбывацца выбары. «Калі выбары будуць арганізоўвацца пад поўным кантролем прэзідэнцкай вертыкалі, то мы не бачым сэнсу ўдзельнічаць у працэдуры
легітымізацыі Лукашэнкі. Таму бліжэйшыя месяцы будзем дамагацца змяненняў выбарчага заканадаўства і практыкі яго прымянення, у прыватнасці, каб была магчымасць для нашых прадстаўнікоў увайсці ў
выбарчыя камісіі і ўдзельнічаць у падліку галасоў. Калі гэтага не адбудзецца, пазачарговы з’езд вясной прыме рашэнне не ўдзельнічаць у выбарах», — расказаў Аляксей
Янукевіч. Кіраўніцтва партыі не лічыць мэтазгодным вылучаць некалькі кандыдатур з блізкімі платформамі ад розных палітычных сілаў, і мяркуе, што бліжэй да вясны трэба будзе паміж сабой
«дамаўляцца» на тэму адзінага кандыдата.
Удзел прадстаўнікоў партыі ў мясцовых выбарах больш верагодны. Разглядаецца варыянт, калі кандыдат праходзіць усю працэдуру ад вылучэння да галасавання, а таксама вылучэнне і сыход з выбарчай
дыстанцыі перад галасаваннем. «Я перакананы, што мясцовыя выбары адрозніваюцца ад прэзідэнцкіх. Таму я дапускаю, што Адміністрацыя Лукашэнкі можа быць зацікаўленая ў дэманстрацыі
лібералізацыі. Гэтым шанцам мы б змаглі скарыстацца, каб увайсці ў мясцовыя саветы», — лічыць старшыня партыі.