Ці сапраўды Пяскоў сказаў, што зблізіць пазіцыі ЗША і РФ па Беларусі немагчыма?

Аналітык Пётр Кузняцоў абвяргае гучныя загалоўкі інфармацыйных агенцтваў і выказвае меркаванне, чаму Пяскоў сказаў менавіта так, а не інакш.

ea598793f9b8ff1c9838025ccf82552a.jpg


У нейкі момант сёння ў Байнэце паднялася проста паніка: Пяскоў, маўляў, каментуючы ўчарашнюю сустрэчу Пуціна і Байдэна, заявіў, што зблізіць пазіцыі ЗША і РФ па Беларусі немагчыма, піша Кузняцоў у сваім тэлеграм-канале «Такія справы».

Аднак неўзабаве з’явілася поўная цытата каментара:

«Беларусь не адносіцца да ліку прыярытэтаў, якія стаялі на парадку дня. А тэма Беларусі сапраўды была агучаная амерыканскім бокам, агучаная была ва ўсім добра вядомым ключы — мы ўсе ведаем пазіцыю амерыканцаў… Ёсць і праблематыка самалёта [«Ryanair», пасаджанага ў Мінску]. Яны лічаць гэта недапушчальным, і гэтак далей, і да таго падобнае, парушэннем усё і ўся. На гэта ў нас ёсць свая пазіцыя — што ў нас ёсць інфармацыя, атрыманая з першакрыніцы, ад прэзідэнта Беларусі. Прэзідэнту Пуціну не з рукі не давяраць свайму беларускаму калегу. Было канстатавана, што гэта тое самае месца, дзе, напэўна, наўрад ці трэба спрабаваць зблізіць пазіцыі — гэта немагчыма».

Як бачым, гэтая катэгарычная заява адносіцца толькі да аднаго з аспектаў пытання, толькі да адной праблемы: да пасадкі самалёта з Пратасевічам.

Ахвотна веру ў тое, што Пяскоў шчыры ў сваіх словах. Чаму тут немагчыма зблізіць пазіцыі Вашынгтона і Масквы? Ды вельмі проста. Кіраўнікі Расіі ў плане распраў над апанентамі толькі выглядаюць (і тое, не заўсёды і не ва ўсім) больш рэспектабельна за мінскіх таварышаў, а агулам дапускаюць усё. Абсалютна ўсё. Прызнаць цяпер, што саджаць самалёты з апазіцыянерамі недапушчальна — значыць падкласці, магчыма, свінню самім сабе ў будучыні. Бо хто яго ведае, можа, і самім захочацца паступіць у іншай сітуацыі аналагічна. Як бы ніхто нічога не зробіць, але па той самай знешняй рэспектабельнасці будзе чарговы ўдар. А ў Маскве на яе яшчэ далёка не канчаткова махнулі рукой.

Вось і ўсё. Пра ўсё астатняе, што тычыцца беларускага пытання ў міжнародным парадку з пункту гледжання Крамля, Пяскоў проста адмаўчаўся. Сказаў, што пазіцыя ЗША добра вядомая — і ўсё. Максімальная прастора для манеўру.

Ну і, паколькі Крэмль па сутнасці пытання нічога не гаворыць, засталося толькі адштурхоўвацца ад тых некалькіх слоў, якія сказаў Байдэн. Яны, нагадаю, таксама вельмі расплывістыя і пакідаюць максімальную прастору для манеўру як для амерыканцаў, так і для рускіх: «Не не пагадзіўся, але ёсць рознае бачанне таго, што з гэтым рабіць».

Калі абодва бакі пакідаюць сабе магчымасць лавіраваць, гэта кажа толькі пра тое, што пытанне ў стадыі абмеркавання і рашэння, і ўсе хочуць так ці інакш яго вырашыць. З максімальнай выгадай для сябе.