Думаць пра будучыню
На тыдні ўсе згадвалі даўно замшэлую «Саюзную дзяржаву», спрэчкі Лукашэнкі з Пуціным. Але нам трэба жыць далей. І пакрысе вымалёўваецца, паводле якіх правілаў мы будзем жыць у 2019 годзе.
Адно скажу адразу, каб супакоіць тых, хто пачаў панікаваць з нагоды «інтэграцыі» ледзь не ў наступным годзе. Бо Палата прадстаўнікоў прыняла «выпраўлены і дапоўнены» закон аб бюджэце Беларусі на 2019 год.
Дакумент практычна не адрозніваецца ад першапачатковага варыянту, які з’явіўся ў адкрытым доступе 55 дзён таму, хаця менавіта за гэтыя амаль два месяцы адбылася тая самая спрэчка наконт кошту нафты і газу.
Нягледзячы на непрыемныя навіны з Расіі, бюджэт застаецца прафіцытным. Больш за тое: прафіцыт захоўваецца ў тым жа аб’ёме: каля 1,7 мільярда рублёў. Даходы і выдаткі бюджэту цудоўным чынам выраслі (а не скараціліся, як можна было чакаць) на аднолькавую суму.
Больш за ўсё павялічыліся выдаткі дарожнага фонду: адразу на 18 мільёнаў рублёў. Грошы павінны пайсці на «будаўніцтва і рэканструкцыю аўтамабільных дарог».
Гэта крута і класна: мы развіваем транзітны патэнцыял дзяржавы. Але ў мяне узнікаюць два пытанні. Па-першае, хацелася б ведаць, у якім напрамку мы развіваем дарогі. МКАД-2 фактычна дабудавалі. У фінале — траса на Гродна, адзіная, якая заставалася ў гэтым годзе «недамадэрнізаванай». Хаця я два разы ездзіў па ёй і бачыў, што працы там вядуцца даволі інтэнсіўна. Па-другое, «выдаткі дарожнага фонду», па ідэі, пакрываюцца так званым «дарожным зборам». Гэты збор аўтааматары плацяць як дазвол транспартнага сродку ўдзельнічаць у руху. Апроч таго, калі ў 2000 годзе ліквідавалі «дарожны збор», яго замянілі акцызамі на бензін, якія павінны былі ісці на развіццё дарог. А зараз «дарожны збор» яшчэ і ў бюджэт уключаны?
Атрымліваецца, за беларускія дарогі даводзіцца плаціць тройчы? Акцыз на бензін, «дарожны збор» і яшчэ падаткі ў бюджэт? Выбачайце, але на такіх умовах я не згодны набываць беларускі «Джылі», дый любое аўто. Гэта ж абдзіралаўка, не?
Войску перападзе на 14,5 мільёна рублёў больш. У кантэксце заяваў расійскіх чыноўнікаў — падтрымліваю дзвюма рукамі. Галоўнае, каб гэтыя грошы сышлі на абароназдольнасць краіны, а не на «замазванне» фактаў дзедаўшчыны, як па «справе Коржыча».
На 2,4 мільёна рублёў больш атрымаюць дзеячы культуры і мастацтва. Таксама — абедзвюма рукамі «за». Толькі размяркуйце іх энтузіястам, мэтава — Курэйчыку, Дар’і Жук… У нас багата таленавітых людзей. Гэта лепш, чым у чарговы раз «закапаць» сродкі ў «Беларусьфільм», ад якога (я не спецыяліст, але не чуў) апошнім часам не было нармальнага выніку.
Цікава, што выдаткі на правядзенне выбараў і рэферэндумаў не змяніліся. У «невыбарны» 2019 год Цэнтрвыбаркам будзе каштаваць беларусам 538 тысяч рублёў. Гэта няшмат — на правядзенне выбараў (або рэферэндуму) трэба нашмат больш. Але гэта не паказчык таго, што «вакханаліі» не будзе: бюджэт можа быць скарэктаваны.
Яшчэ адна цікавая навіна: як заявіў у аўторак намеснік кіраўніка Мінфіна Дзмітры Кійко, указ №488 «Аб некаторых мерах па папярэджанні незаконнай мінімізацыі сум падатковых абавязацельстваў» адменяць з 1 студзеня 2019 года.
Фактычна, гэта азначае адмену адказнасці за «ілжэпрадпрымальніцтва». Рэестр «ілжэпрадпрымальнікаў перастануць папаўняць з 1 студзеня. Кантралюючыя органы больш не будуць ганяцца за прывідным мінулым, успамінаючы, з кім кампаніі працавалі шмат гадоў таму, і караць за здзелкі з «несумленнымі» партнёрамі. Бізнесу будзе лягчэй дыхаць, а значыць, прасцей укладваць свае сілы ў эканоміку.
Тым не менш… «У кожным канкрэтным выпадку, калі з’явяцца падазрэнні па дзеяннях з рызыкоўным суб’ектам гаспадарання, будуць вывучацца ўсе акалічнасці. І карэктаваць падатковую базу будуць толькі на канкрэтную здзелку», — дадаў намеснік кіраўніка Мінфіна.
Таму, як лічыць эканаміст Леанід Фрыдкін, прадпрымальнікам усё яшчэ рана радавацца. У пункт 4 артыкуле 33 прынятай у першым чытанні Палатай прадстаўнікоў новай рэдакцыі Падатковага кодэксу ўключаныя нормы, якія даюць кантралюючым органам шырокія магчымасці барацьбы з парушэннямі ў сферы падаткаабкладання.
«У нечым гэта падобна на нормы 488-га ўказу, толькі гэта будзе рабіцца не шляхам рассылкі «лістоў шчасця» пра тое, што прадпрымальнік калісьці меў справу з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі, а па выніках праверкі. З аднаго боку, гэта вялікі плюс, таму што будзе менш магчымасцяў для адвольных тлумачэнняў. Але пытанне з нормай пра мэту здзяйснення гаспадарчай аперацыі — трактаваць мэту аперацыі можна досыць шырока. І пры наяўнасці творчага падыходу можна кожную другую аперацыю разглядаць як накіраваную на сыход ад выплаты падаткаў. Даказваць жа, што мэтай здзяйснення гаспадарчых аперацый не з’яўлялася ўхіленне ад выплаты падаткаў, будзе праблемна», — адзначае Леанід Фрыдкін.
І яшчэ цікавостка. З новага года насельніцтва будзе пакрываць выдаткі на ЖКП у поўным аб’ёме, акрамя цеплазабеспячэння, заявіў на тыдні першы намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў.
«Для субсідавання жыллёва-камунальных паслуг прадугледжваецца 541 мільён рублёў з улікам павышэння тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі для насельніцтва на пяць долараў у эквіваленце. Меркаванае павышэнне тарыфаў дасць магчымасць забяспечыць з 1 студзеня 2019 года стопрацэнтнае пакрыццё затрат насельніцтвам па ўсіх паслугах, акрамя цеплазабеспячэння», — цытуе чыноўніка sb.by.
Мы наблізіліся да стопрацэнтнай аплаты паслуг. Такім чынам, «дармаедскі» дэкрэт, згодна з якім непрацуючых афіцыйна грамадзян абавяжуць з 2019 года поўнасцю аплачваць падагрэў вады, а з восені — ацяпленне, ператворыцца ў чарговы «пшык».
Але справа ў тым, колькі на гэты «дармаедскі дэкрэт» ужо было выдаткавана грошай? Стварэнне першага дэкрэту, другога, іх варыянтаў, электроннай базы так званых «дармаедаў» — і ўсё дзеля чаго?
Ведаю, дзеля чаго. Дзеля мемаў у інтэрнэце. Кшталту, «твой твар, калі афіцыйная колькасць беспрацоўных — працэнт, а ў базу дадзеных «дармаедаў» унесеныя 500 тысяч чалавек».
Па-мойму, можна гэтыя выдаткі скампенсаваць проста зараз, наўпрост выправіўшы ў адстаўку цэлае міністэрства працы і сацыяльнай абароны, якое гэты дэкрэт курыравала. Бо яны не займаюцца ані працай, ані сацыяльнай абаронай.