Гістарычны «камуфляж». Як маскоўскія ідэолагі маніпулююць гісторыяй Беларусі

Расійскія ўплывы ў сферы гістарычнай навукі Беларусі з’яўляюцца даволі моцнымі і таму ўяўляюць небяспеку як для фарміравання айчыннай канцэпцыі разгляду гісторыі Беларусі, так і працэсу фарміравання гістарычнай свядомасці сучаснага беларускага грамадства.

halounaja_3.jpg

Днямі ў Маскве выйшаў з друку другі нумар расейскага навуковага часопісу «Белорусский исторический обзор». У рэдакцыйную раду гэтага выдання, сярод іншых, уваходзіць і кіраўнік расейскага Фонда «Гістарычная памяць» Адяксандр Дзюкаў. За апошні час узгаданая арганізацыя выдала цэлы шэраг гістарычных прац, прысвечаных розным аспектам гісторыі Беларусі. Аднак падача інфармацыі ў іх робіцца з пункту гледжання, выгаднага Крамлю.


Ідэалагічны наступ з усходу

Гістарычная навука адыгрывае важнейшую ролю ў фарміраванні нацыянальнай свядомасці народа. У гэтым сэнсе Беларусь знаходзіцца ў вельмі небяспечнай сітуацыі. У савецкія часы беларускую мінуўшчыну разглядалі з марксісцка-ленінскіх пазіцый. Пасля атрымання Беларуссю незалежнасці ў 1991 годзе распачаўся кароткі перыяд аб’ектыўнага разгляду айчыннай гісторыі, аднак часу на выпрацоўку нацыянальнай канцэпцыі гістарыяграфіі ў беларускіх даследчыкаў было вельмі мала і давесці гэтую працу да лагічнага канца адмыслоўцы не паспелі.
Пасля 1994 года у беларускай гістарычнай навуцы ізноў пачалі распаўсюджвацца савецкія падыходы да разгляду ключавых аспектаў беларускай гісторыі. Дадзеная сітуацыя працягваецца і сёння, чым актыўна карыстаецца ўсходні сусед Беларусі. Расійскія ідэолагі (большасць з якіх з’яўляюцца дыпламаванымі гісторыкамі), выкарыстоўваюць слабасць беларускай дзяржаўнай ідэалогіі і спрабуюць маніпуліраваць гістарычнымі фактамі і з іх дапамогай уплываць на беларускае грамадства, якое, з большага, слаба ведае айчынную гісторыю.
Адным з цэнтраў расійскага ўплыву ў гістарычнай сферы ў Беларусі з’яўляецца ўзгаданы вышэй Фонд «Гістарычная памяць». Дадзеная арганізацыя існуе з 2008 года і ад пачатку свайго існавання актыўна ўмешваецца ў працэс фарміравання беларускай гістарыяграфіі. Дэкларуючы падтрымку «правядзення даследавання актуальных старонак расійскай і ўсходнееўрапейскай гісторыі» расійскі фонд па сродках выдання кніг і правядзення канферэнцый падтрымлівае выгадны Крамлю накірунак развіцця беларускай гістарычнай навукі.
Асабліва гэта тычыцца выдання зборнікаў архіўных дакументаў «Забойцы Хатыні: 118-ты ўкраінскі батальён ахоўнай паліцыі ў Беларусі» (2018) ці «НКУС у Заходняй Беларусі» (2019). Першая з іх робіць акцэнт на тым, што беларускую вёску спалілі менавіта…украінцы. Зроблена гэта, зразумела, з улікам расійска-украінскага канфлікта на Данбасе, у якім Беларусь (у палітычнай сферы) спрабуе захоўваць нейтральную пазіцыю. А што з беларускім грамадствам? Тут для расійскіх прапагандыстаў адкрываецца поле для манёўра. «У Хатыні «бандэраўцы» спалілі мірных беларускіх сялян» – гэты пастулат актыўна адпрацоўваўся ў расійскіх сродках масавай інфармацыі пачынаючы з 2014 года. Да таго ж агучаную ідэю пачынаюць падкідываць праз гістарычныя працы, якія пазіцыяніруюцца як чыста архіўныя.

1939 год пад «правільным» ракурсам

У год 80-й гадавіны з моманту пачатку Другой сусветнай вайны Расія пачала актыўную «распрацоўку» тэмы «вызвольнага пахода Чырвонай Арміі ў Заходнія Беларусь і Украіну». У чэрвені 2019 года на сайце Фонда «Гістарычная памяць» быў апублікаваны арыгінал савецкага экземпляра Пакта Рыбентропа-Молатава, падпісаны ў жніўні 1939 года. Факт публікацыі павінен прадэманстраваць «адкрытасць» расійскай гістарычнай навукі, якая, быццам, заяўляе «вось, мы не хаваем праўду». Аднак, тут не ўсё так проста. Крэмль актыўна ўзяўся за адпрацоўку тэмы «17 верасня 1939 года», калі Савецкі Саюз, пасля дваццаці міжваенных гадоў пачаў выходзіць на «гістарычныя межы».
У гэтым кантэксце, важную ролю адыгрывае стары савецкі пастулат пра «ратаванне братоў беларусаў і украінцаў», які, па меркаванні Расіі і сёння не страціў актуальнасці. Таму і аўтары зборніка «НКУС у Заходняй Беларусі» заяўляюць, што «імкнуцца паказаць адзіную карціну дзейнасці органаў НКУС на ўсіх узроўнях у кантэксце тых грамадска-палітычных задач, якія ставіліся перад спецслужбай вышэйшым палітычным кіраўніцтвам СССР і партыйна-савецкім кіраўніцтвам БССР». Галоўнай высновай кнігі з’яўляецца пастулат пра тое, што «Супрацоўнікі НКУС забяспечылі бяспеку функцыянавання мясцовых органаў кіравання, узялі пад ахову найважнейшыя гаспадарчыя аб’екты, прамысловыя прадпрыемств і ўстановы, не дапусцілі праявы зладзейства, разбою і рабункаў, стварылі ўмовы дзеля правядзення выбараў і працы Народнага сходу Заходняй Беларусі ў Беластоку».
Як бачым, акцэнты пераносяцца з рэпрэсіўнай палітыкі бальшавіцкай сістэмы на тэрыторыі Заходняй Беларусі на «чыста адміністратыўную працу і выкананне загаду». Сітуацыю ў лепшы бок змяніла б публікацыя ў такога кшталту зборніках асабістых спраў арыштаваных у 1939-1940 гг. на тэрыторыі былых паўночна-усходніх ваяводстваў Другой Рэчы Паспалітай прадстаўнікоў так званага «польскага кантынгента» (асабліва матэрыялаў, звязаных з лёсам 3870 польскіх грамадзян, сляды якіх у 1940 годзе губляюцца на тэрыторыі БССР). Але гэтыя факты дэманструюць сапраўдную сутнасць і працу НКУС і таму іх адкрыццё для грамадства не ў інтарэсах сучаснай расійскай прапаганды.
У узгаданым вышэй другім нумары расейскага часопіса «Белорусский исторический обзор» сярод іншых публікуецца артыкул магістра юрыдычных навук з Берасця Кірыла Азімка, прысвечаны «дыскрэдытацыі гістарычнай спадчыны Вялікай Айчыннай вайны і Дня Перамогі ў замежных інтэрнэт-СМІ ў Беларусі». Аўтар «выкрывае» дзейнасць «замежных інтэрнэт выданняў, якія фінансуюцца за кошт бюджэтных сродкаў заходніх дзяржаў ці заходніх фондаў». Асабліва дастаецца тэлеканалу «Белсат», які «ставіць пад пытанне Перамогу і гераізуе калабарантаў».
Між тым журналісты ўзнагаданага канала, як і іншых незалежных СМІ імкнуцца распавесці беларусам пра невядомыя, малавывучаныя і, часта «забароненыя» у савецкія часы тэмы. Іншымі словамі, незалежныя выданні імкнуцца вярнуць беларусам гістарычную праўду пра іх мінуўшчыну і разглядаюць падзеі той жа Другой сусветнай вайны з нацыянальных беларускіх і агульнаеўрапейскіх пазіцый, а не з савецкіх і маскоўскіх.

«Выгадныя» архіўныя дакументы

Асобную ролю ў прасоўванні «расійскага погляду» на гісторыю Беларусі адыгрываюць калягістарычныя, папулярныя публікацыі ў «сусветнай павуціне», якія з’яўляюцца напярэдадні важных гістарычных дат. У сувязі з адмовай польскага боку запрасіць у Варшаву на святочныя мерапрыемствы, звязаныя з 80-й гадавінай з моманту пачатку Другой сусветнай вайны, расійскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна большасць расійскіх інтэрнэт-рэсурсаў пачала актыўна абвінавачваць даваенную Польшчу ў разпальванні Другой сусветнай вайны.
Напярэдадні 80-й гадавіны з пачатку «польскага паходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Украіну» на сайце Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі былі апублікаваныя да гэтага моманту засакрэчаныя дакументы Генеральнага штаба РСЧА. Сярод іх вылучаецца дакладная запіска начальніка Генеральнага штаба, камандарма 1-га рангу Барыса Шапашнікава ад 24 сакавіка 1938 года, у якой савецкі военачальнік аналізаваў магчымасць баявых дзеянняў СССР супраць суседзяў у Еўропе і на Далёкім Усходзе. Пры гэтым у дакуменце адзначалася, што «Польшча знаходзіцца ў арбіце фашысцкага (Германія і Італія) блока, спрабуючы захаваць бачную самастойнасць сваёй знешняй палітыкі». Шапашнікаў у сур’ёз разглядаў германа-польскі вайсковы хаўрус супраць СССР.
З сённяшняй перспектывы, пасля аналізу значнай колькасці архіўных матэрыялаў можна з упэўненасцю сцвярджаць, што Другая Рэч Паспалітая не збіралася выступаць супраць СССР на баку Трэцяга Рэйху. Пры гэтым, з першага дня Другой сусветнай вайны ў складзе Войска Польскага супраць нацыстаў змагаліся тысячы беларусаў і ўраджэнцаў Заходняй Беларусі. Аднак у сучаснай Беларусі пануе савецкі погляд на падзеі Другой сусветнай вайны і публікацыя такога кшталту дакументаў (як зрабілі ў Расіі) без гістарычнага каментара, зробленага з беларускіх нацыянальных пазіцый, можа прывесці да скажэння гістарычнай рэчаіснасці 1930-х гадоў.

Зноў «Рэгнум»

Варта падкрэсліць, што афіцыйныя ўлады Беларусі ў чарговы раз «вельмі спакойна» адрэагавалі на 80-ю гадавіну далучэння Заходняй Беларусі да БССР. Пры гэтым у Расіі розныя выданні актыўна каментавалі гэтую тэму. «Рэгнум», напрыклад, параўноўваў нерашучасць Англіі і Францыі ў верасні 1939 года з нерашучасцю гэтых краін у «выкананні абавязацельстваў па «Мінскіх пагадненнях» на Данбасе». Пры гэтым узгаданае выданне актыўна лабіруе мадыфікацыю дня 17 верасня ў нацыянальнае свята. Зразумела, што расійскія дзяржаўныя ідэолагі не імкнуцца абараніць беларускую гістарычную спадчыну і дзяржаўнасць. Галоўнае — супрацьпаставіць Мінск Варашаве і стварыць чарговую «гарачую кропку» у і без таго нацягнутых беларуска-польскіх міждзяржаўных стасунках.
Акрамя падзей ХХ ст. расійскія медыя актыўна адпрацоўваюць тэму «польскага героя Тадэвуша Касцюшкі», Люблінскай вуніі, якая была накіравана супраць Масквы, а значыць гэта, быццам бы адмоўная старонка гісторыі Беларусі і іншыя сюжэты беларускай гісторыі. Улічваючы адсутнасць дастатковай колькасці аб’ектыўных беларускіх гістарычных даследаванняў такога кшталту папулярныя публікацыі адыгрываць адмоўную ролю ў справе фарміравання гістарычнага светапогляду беларускага грамадства.
Расійскія ўплывы ў сферы гістарычнай навукі Беларусі з’яўляюцца даволі моцнымі і таму ўяўляюць небяспеку як для фарміравання айчыннай канцэпцыі разгляду гісторыі Беларусі, так і працэсу фарміравання гістарычнай свядомасці сучаснага беларускага грамадства. У гэтай сувязі важную ролю адыгрывае дзейнасць незалежных беларускіх гісторыкаў і даследчыкаў, якія непасрэдна працуюць з рознымі грамадзкімі плынямі і павышаюць узровень гістарычных ведаў беларусаў. Неаб’ходным з’яўляецца арганізацыя выстаў, прэзентацый, лекцый, на якіх жыхары Беларусі змогуць убачыць і пачуць беларускі погляд на розныя аспекты айчыннай мінуўшчыны. Важным таксама з’яўляецца выданне навукова-папулярных кніг і артыкулаў, якія даступнай і зразумелай мовай будуць тлумачыць людзям розныя факты беларускай мінуўшчыны, чым паспрыяюць павышэнню узроўня гістарычных ведаў грамадзян Беларусі.