Хто вінаваты ў змарненні беларускай мовы?

Гэты артыкул на цудоўнай беларускай мове нам даслаў вязень Глыбоцкай папраўчай калоніі №13. Мы вырашылі яго надрукаваць з невялікімі скарачэннямі. У чымсьці можна пагадзіцца з меркаваннем Ігара, у чымсьці паспрачацца. Запрашаем да працягу дыскусіі.

belorusskii_v_avto_mova_max_500.jpg


Другі раз цягам года «Новы Час» друкуе прасякнуты шчырым болем за сучасны стан беларускай мовы і будучыню беларускай нацыі крык душы вельмі шаноўных асобаў — прафесараў Леаніда Лыча і Міколы Савіцкага "Пагроза страты нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў узрастае". 

Усё закінутае імі ў бок існай улады — праўда. Але ёсць і іншыя, хто вінаваты ў змарненні беларускай мовы не менш за ўладу. Калі б на пытанне «хто вінаваты ў заняпадзе нашай мовы?» давялося адказваць мне, то, не вагаючыся ані хвіліны, сказаў бы: асабіста я і мае продкі.

Напрыканцы мінулага стагоддзя я шчыра вітаў пачатак нацыянальнага Адраджэння, бо лічыў сябе неабыякавым да беларускай гісторыі, культуры і мовы чалавекам. Але беларускай мовай не карыстаўся наогул, хаця добра ўсведамляў важнасць і неабходнасць гэтага. Усё чакаў: як пачнуць іншыя, дык і я падхаплю. А пакуль усе вакол размаўляюць па-руску, дык неяк… няёмка.

Спатрэбілася апынуцца за кратамі, каб убачыць сябе сапраўднага і, у шэрагу іншага, прызнацца самому сабе, што тая мая любоў да беларускай мовы была вонкавай, а ў сапраўднасці я быў да мовы абыякавы. І толькі гэтая абыякавасць, а не штосьці іншае, і замінала пачаць гаманіць па-беларуску. Прынамсі, у коле радзіны ды бліжэйшага атачэння.

Зараз я цвёрда ведаю, што пачні я тады размаўляць на беларускай мове — сёння ёю карысталіся б сама меней некалькі чалавек, якія ў сваю чаргу прыцягнулі б іншых.

henetyczny_kod_1.jpg

Прачытаўшы напісанае, можна паблажліва паціснуць плячыма: маўляў, прыватны выпадак, што з таго да агульнага стану беларускай мовы? Але прыпыніцеся на хвіліначку, падумайце і прызнайцеся ціхенька, няголасна, самі сабе: ці не ёсць вы, ці вашы сябры са знаёмымі, такімі ж «свядомымі» беларусамі, як я? І калі так, ці варта закідаць уладзе тое, чаго мы не хочам рабіць самі? Прынамсі, большасць з нас.
Давайце возьмем лічбу тых, хто ўзяў удзел у арганізаваным курсамі «Мова нанова» сеціўным перапісе беларускамоўных людзей. Дзеля адпаведнасці рэчаіснасці памножым яе на каэфіцыент ад дзесяці да ста (залежна ад узроўню асабістага аптымізму), і набярэмся смеласці прызнаць — толькі гэтыя людзі і маюць права называцца беларускім народам, толькі для іх беларуская мова і сапраўды ёсць каштоўнасцю. Усе астатнія — проста насельніцтва Беларусі. І каштоўнасці, і інтарэсы народа не заўсёды супадаюць з каштоўнасцямі і інтарэсамі насельніцтва. Не толькі ў нас, па ўсім свеце.

Вас ніколі не дзівілі вялікія лічбы тых, хто ў дзяржаўных перапісах насельніцтва Беларусі не толькі пазначалі беларускую роднаю моваю, але і сцвярджалі, што размаўляюць на ёй дома? Паводле апошняга перапісу, такіх набралася ажно 51%, ды ўсе мы ведаем, што ў хатнім ужытку беларускай мовы ледзь не нуль!

Для мяне гэты парадокс тлумачыцца проста: я, мае бацькі і дзяды з бабкамі падчас перапісаў таксама называлі беларускую мову роднай і дэкларавалі яе штодзённы ўжытак. Хаця, насамрэч, карысталіся рускай, ці, у выпадку старэйшых, — «трасянкаю», але толькі на вёсцы — у горадзе і яны старанна пераходзілі на «гарадскую», рускую. Іншым словам, мы хлусілі. Калі зважаць на лічбы перапісаў — не толькі мы.

Таму прызнаем, што беларуская мова змізарнела дзякуючы агульным намаганням як уладаў (польскіх, рускіх у мінулым, ці сучасных беларускіх), так і самога беларускага насельніцтва.

mova4_1.jpg

Мая нябожчыца матуля перайшла на рускую мову не столькі таму, што па заканчэнні вясковай беларускамоўнай васьмігодкі змушаная была давучвацца ў гарадской дзясяцігодцы, дзе выкладанне вялося выключна на рускай, ды працягваць навучанне ў таксама рускамоўным тэхнікуму. Куды болей да гэтага спрычынілася тое, што і падчас навучання і наступнага сталага жыцця ў горадзе яна дужа саромелася сваёй «вясковай», — як называла яе, — гаворкі. Ёй усё здавалася, — шчыра прызналася аднойчы, — што глядзяць на яе, як на «дурнога беларуса»!!!

Пра тое, што значная колькасць беларускага насельніцтва да нашага часу саромеецца сваёй беларускай мовы, пісалі, у прыватнасці, выбітны беларускі навуковец Мікола Улашчык («Віцкаўшчына. Рэвалюцыя ў мяне») і сучасная беларуская даследчыца Ганна Энгельніг («Простыя рабочыя людзі — хрысціяне»), ды іншыя. Гэта можна лічыць даведзеным навуковым фактам, і нельга не зважаць на яго, калі і сапраўды існуе жаданне даць рады з сучасным станам беларускай мовы і паспрыяць нарэшце паўстанню беларускага народа з беларускага насельніцтва. На жаль, і да народа мы яшчэ не дараслі, не мусім маніць самім сабе.

Паводле разумення, якое ўсталявалася ў сучаснай гістарычнай навуцы, «нацыя» і «народ» з’яўляюцца прадуктам буржуазных рэвалюцый новага часу. Нацыю, народ утвараюць перш за ўсё «буржуа» — месцічы і жыхары гарадоў. Гарадоў, а не вёсак. У гэтым сэнсе нам, беларусам, дужа не пашанцавала. «Нашы» гарады з вядомых чыннікаў не адно стагоддзе, аж да апошняй вайны, былі «беларускімі» адно па прыналежнасці да тэрыторыі. Нават у колькасным вымярэнні да лічбы жыхароў. У сацыяльным жа плане беларусы ў «беларускіх» гарадах утваралі найніжэйшыя пласты грамадства, — за невялікім выключэннем.

Сацыяльны верх належаў пераважна палякам ды расіянам (у залежнасці ад гістарычных акалічнасцяў). Сімвалам улады, сацыяльнага поспеху, сталіся «панскія» мовы — польская ці руская. Пазнакай маргінальнасці — «простая» беларуская. Вызначэнне сябе беларусам сведчыла ў вачах саміх (!) простых беларусаў пра ўласную сацыяльную прыніжанасць. Падняцца па сацыяльным «ліфце» азначала апалячыцца ці зрусіфікавацца. Зноў жа, за рэдкім выключэннем.

belaruski_1.jpg


Беларускімі (на жаль, адно ў этнічным сэнсе) нашы гарады пачалі станавіцца толькі дзякуючы апошняй вайне (цынічна, але праўда), калі папярэдняе насельніцтва ці загінула, як у выпадку з габрэямі, ці было дэпартаванае (рэпатрыяванае), як у выпадку з палякамі.

Ды толькі гэта ўжо быў трывалы савецкі час. І ў першую чаргу гэта былі савецкія, і толькі ў другую — беларускія гарады. У іх па вызначэнні не было месца для магчымай беларускай «буржуазіі». У іх не было месца нават для нацыянальнай (!) беларускай інтэлігенцыі, а толькі для савецкай (!) беларускай інтэлігенцыі.

І за савецкім часам моваю гарадскіх вярхоў — партыйнай і савецкай бюракратыі, прамысловай інтэлігенцыі — засталася руская. Умоў для стварэння беларускага народа ў праўдзівым сэнсе гэтага панятку не існавала. Яны з’явіліся толькі на развале былой савецкай дзяржавы, калі выхадцы з беларускіх вёсак атрымалі нарэшце шанец стацца непадробнымі буржуа ўжо без аніякіх двукоссяў.

Незалежна ад нашага жадання існуюць пэўныя гістарычныя законы, паводле якіх паўсталі іншыя народы. Найлепшым для ўсіх нас будзе як мага хутчэй усвядоміць, што мы належым да так званых «спазніўшыхся» нацый. Праўдзівей, яшчэ толькі маем шанец ёй стацца. І з’яўленне ў гарадах курсаў кшталту «Мова нанова», пэўны ўздым цікавасці да беларушчыны, свайго, адрознага ад чужога, і ёсць закладам, што беларускі народ можа спраўдзіцца.

belorusskii_v_avto_mova_max_500.jpg


Марна заклікаць дзейсную ўладу павярнуцца нарэшце да беларускай мовы тварам. Гэтага аніколі не адбудзецца! Не толькі праз тое, што ў пэўным узросце людзі ўжо не ў стане змяніць свае светапогляды. Некалі наша ўлада ахвяравала беларускай мовай і шэрагам іншага дзеля свайго ўсталявання. Вялізная рэшта беларускага насельніцтва, што высунула яе наверх, зрабіла ў складаны час тое самае дзеля ўласнага выжывання. Толькі такім чынам для іх было магчыма залезці ў расійскую кішэню.

За дваццаць два гады наша краіна прайшла па коле і вярнулася ў кропку, дзе і перад той самаю ўладаю, і перад тым жа самым насельніцтвам нанова паўсталі амаль тыя ж выклікі. Усяго толькі розніцы, што ўлада занепакоеная не ўсталяваннем, а самазахаваннем. Дык з чаго ўлада і насельніцтва мусяць мяняць сваё стаўленне да беларускай мовы? З дапамогаю мовы яшчэ аніхто не нагадаваў пуза…

rusifikacyja_1.jpg


Толькі пры адной умове з вуснаў беларускай улады загучыць беларуская мова, і яна пачне дбаць пра яе — калі ва ўладу прыйдуць носьбіты гэтай мовы. Але нават пры ўладзе яны мусяць памятаць, што іх захады па пашырэнні ўжытку беларускай мовы не надта будуць вітаць тыя, каго гэта даткнецца.

Як, да прыкладу, паставяцца да магчымай беларусізацыі сваіх устаноў большасць звычайных выхавацелек дзіцячых садкоў? А настаўнікі, якія пры заробках, што застануцца тымі самымі (то бок невялікімі), займеюць пры гэтым багата дадатковага клопату? Адказ відавочны — беларускае насельніцтва ад пачатку 1990-х гадоў змянілася не дужа. І вінаваціць людзей за тое, што маюць адрозныя ад нашых каштоўнасці — справа марная.

Падаецца, на сёння існуе толькі адзіны шлях распаўсюду беларускай мовы. Я нарэшце ўсвядоміў, што так аніколі і не дачакаюся, каб вакол мяне загучала беларуская мова, пакуль не пачну размаўляць на ёй сам. Ужо амаль месяц — першага разу за ўсё сваё немалое жыццё — намагаюся як часцей размаўляць з людзьмі па-беларуску. Гаманю, перамагаючы няёмкасць, але ўжо толькі ад разумення, што гаворка мая куды больш удае на «трасянку», чымсьці на беларускую мову. Ды з кожным днём адчуваю, як усё нязмушаней ільецца — цяпер ужо насамрэч! — роднае слова.

Вядома, былі, ёсць і будуць крыху здзіўленыя і ўсмешлівыя позіркі з прыхаваным: «Ды навошта табе?!» Тым нечаканей было аднойчы ўбачыць, як пачырванеў, напружыўся адзін дашчэнту (!) зрусіфікаваны чалавек і… раптам адказаў мне на ламанай, але беларускай мове! А крыху пазней ужо другі, таксама вялікі прыхільнік расейшчыны, пажартаваў: «Так, глядзі, і я пачну па-беларуску размаўляць!» Ды ўсе мы ведаем, што ў кожным жарце прытоеная таксама і рэшта праўды.