ТБМ просіць дадаць беларускую мову ў «пашпарты-буклеты» для замежных турыстаў

Старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны (ТБМ) Алег Трусаў звярнуўся да кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Аляксандра Косінца з просьбай пасадзейнічаць стварэнню беларускамоўнай версіі дакументаў, якія дазваляюць замежным грамадзянам наведваць турыстычна-рэкрэацыйны парк "Аўгустоўскі канал" (Гродзенская вобласць) без атрымання беларускай візы.

kanac582augustowski.jpg


У лісце, накіраваным у прэзідэнцкую адміністрацыю 31 кастрычніка, Трусаў адзначае, што "ў пашпартах-буклетах для замежных турыстаў, якія без візы могуць наведваць Гродзенскую вобласць, адсутнічае дзяржаўная беларуская мова". "Гэта ў першую чаргу выклікае вялікае абурэнне ў беларусаў, грамадзян Польшчы, які ўжо пачалі наведваць нашу краіну", — падкрэсліў кіраўнік ТБМ.
Апрача таго, Трусаў звярнуў увагу на адсутнасць беларускай мовы і памылкі ў польскай мове на інфармацыйных шыльдах для турыстаў, усталяваных на дзяржаўнай мяжы, цераз якую праходзіць Аўгустоўскі канал.
Паводле напісанага ў звароце, мясцовыя чыноўнікі на адпаведныя сігналы актывістаў ТБМ не рэагуюць. Аўтар нагадаў выказванне Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што галоўнай прыкметай беларусаў як нацыі, апрача тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту, з'яўляецца ўласная мова, і выказаў меркаванне, што мясцовыя ўлады гэтае меркаванне прэзідэнта не падзяляюць, калі дапускаюць падобныя хібы.
У гэты ж дзень Алег Трусаў накіраваў зварот міністру сувязі і інфарматызацыі Сяргею Папкову з просьбай выдаць юбілейную паштовую марку да 100-х угодкаў з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Янкі Брыля, якія будуць адзначацца 4 жніўня 2017 года. "Просім вас выдаць юбілейную паштовую марку Янкі Брыля на фоне Мірскага замка, бо ён нарадзіўся ў Карэліцкім раёне, непадалёк ад Міра. Было б добра зрабіць спецгашэнне гэтай маркі якраз у Мірскім замку", — адзначаецца ў звароце.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН