Йіржы Карас: «Я веру, што Беларусь стаіць на парозе вялікіх перамен»
Йіржы Карас узначаліў Пасольства Чэшскай Рэспублікі ў Беларусі ў канцы ліпеня 2008 года. Да свайго новага прызначэння ён год быў консулам у нашай краіне. Са студзеня 2009 года Чэхія на працягу шасці месяцаў будзе выконваць функцыі старшыні Еўрасаюза. Пра стан і перспектывы адносін Беларусі з Чэхіяй і ЕС з Йіржы Карасам размаўляе шэф-рэдактар «НЧ» Аляксей Кароль.
— Спадар Карас, за Вашымі плячамі багаты жыццёвы і палітычны досвед, у тым ліку, на жаль, і досвед драматычны — пераследаў і рэпрэсій Вас і Вашай сям’і
камуністычным рэжымам Чэхаславакіі. У Вас няма адчування, што, калі Вы прыехалі ў Беларусь, Вы як бы здзейснілі вандроўку ў часе назад, сустрэліся з ценямі з мінулага? І ці не бачыце Вы на гэтым
аўтарытарным фоне прымет, што прадказваюць дэмакратычныя змены ў Беларусі?
— Мне досыць складана параўноўваць: да 1989 года я жыў у гэтым камуністычным рэжыме, а зараз я папросту назіраю. Уражанні тут не могуць быць такімі ж моцнымі. У сучаснага беларускага
рэжыму ёсць асобныя элементы, што былі ў нас, але, безумоўна, праглядаюцца і элементы тых змен да лепшага, якіх у нас у 1989 годзе не было. Я б сказаў, што метады беларускага рэжыму мякчэйшыя, больш
рафінаваныя.
— Кніга Вашых дыялогаў з Карэлам Шварцам носіць парадаксальную назву «Выдатнае жыццё — сабаку пад хвост». Але Ваша жыццё складаецца як бы з дзвюх частак:
да 1989 года і пасля.
— Усё звязана. І ўсё гэта — маё жыццё. І ў першай яго частцы, да маіх 47 гадоў, я перажыў шмат шчаслівых момантаў. А з перажытага пасля змены палітычнай сітуацыі не ўсё магу
аднесці да добрага. У маім жыцці да восені 1989 года мне, вядома ж, не падабалася, што людзей пераследавалі і трымалі ў турмах за іх перакананні. А пасля 1989 года мне не падабаецца, што людзі
аддзяліліся адзін ад аднаго. Часам мне здаецца, што камуністы, якія абсалютызавалі матэрыяльнае, выйгралі ў нас пасля сваёй сакрушальнай паразы. Людзі атрымалі матэрыяльны дабрабыт, пра які раней і
марыць не маглі, але ён стаў ці не асноўным сэнсам іх жыцця. Да 1989 года людзі рабілі большы акцэнт на духоўнае жыццё, нягледзячы на пераслед за свае перакананні. А цяпер, калі мы вольныя, пра гэтыя
каштоўнасці забываем.
— Якія перспектывы змены каштоўнасных арыентацый ад матэрыяльнага да духоўнага?
— Я ўскладаю вялікія надзеі на ўсходнія краіны, на Беларусь. У кантэксце духоўнага аспекту, мне здаецца, у вас шмат чаму можна навучыцца. Я ведаю, што да 1990-х гадоў амаль усе цэрквы ў
Беларусі былі зачыненыя, што царква практычна не магла вольна існаваць. А сёння я назіраю, як краіна перажывае духоўнае адраджэнне. Гэта мяне здзіўляе. І здзіўляе тым больш, што адбываецца гэта ў
межах аўтарытарнага рэжыму, калі пра духоўныя каштоўнасці шмат гаворыцца, але якія сам рэжым не спавядае.
— З пазіцый Вашага унікальнага палітычнага досведу — барацьбіта з таталітарным рэжымам і аднаго з архітэктараў «аксамітнай рэвалюцыі» ў Чэхіі — як
Вам бачыцца сітуацыя ў нашай краіне ў кантэксце курсу ЕС на дыялог з Беларуссю?
— Я думаю, што Чэхія вельмі добрае разумее Беларусь, бо мы мелі падобную палітычную гісторыю. Мы былі — не палітычна, а геаграфічна — усходнееўрапейскай краінай,
з’яўляліся, як і Беларусь, часткай аднаго палітычнага блоку. Таму мы добра разумеем тое, што адбывалася да 1990 года, і тое, што адбываецца цяпер. Мы вельмі зацікаўленыя ў тым, каб Беларусь
перажыла радыкальныя дэмакратычныя змены. Мы прапаноўваем беларускаму рэжыму дыялог. Але саступак мы рабіць не будзем. Мы жадаем сістэмных зменаў. Калі беларускі рэжым падасць руку насустрач
працягнутай руцэ Еўрасаюза, думаю, гэта будзе спрыяць поспеху ўсёй Беларусі. Бліжэйшыя паўгода мы старшынюем у Еўрасаюзе і такім чынам будзем адыгрываць ролю пасярэдніка, камунікатара. І, мяркую,
шмат на што такім чынам можам паўплываць.
— Калі магчыма, удакладніце, якіх палітычных трансфармацый у Беларусі Вы чакаеце? І якія іх крытэры?
— Гэта 12 патрабаванняў Еўрасаюза да Беларусі. Мы не жадаем, каб тут саджалі ў турмы па палітычных матывах. Хочам зменаў у выбарчым заканадаўстве і ў Крымінальным кодэксе ў адпаведнасці
з агульнапрызнанымі міжнароднай супольнасцю дэмакратычнымі нормамі. Імкнёмся, каб СМІ ў вашай краіне атрымалі ўсе законныя правы для сваёй свабоднай дзейнасці. Еўрапейскі саюз мае свае стандарты, і
калі мы хочам весці дыялог, дык неабходна, каб Беларусь прытрымлівалася гэтых стандартаў. Мне здаецца, што гэта выгодна для абодвух бакоў. Мы можам прапанаваць эканамічнае супрацоўніцтва, а таксама
супрацоўніцтва ў любых іншых сферах палітычнага і грамадскага жыцця.
— Як Вы ацэньваеце ўзровень супрацоўніцтва Чэхіі і Беларусі на дзень сённяшні і ў перспектыве?
— З 1997 года паміж нашымі краінамі практычна не было абмену візітамі на высокім узроўні. У канцы мінулага года першай значнай сустрэчай стаў візіт у Беларусь намесніка міністра
замежных спраў спадара Пояра. Ваш намеснік міністра замежных спраў спадар Варанецкі назваў гэту сустрэчу гістарычнай. Калі мы будзем бачыць, што ў Беларусі адбываюцца пэўныя змены, павялічыцца і
інтэнсіўнасць кантактаў. Эканамічнае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі пашыраецца, але яго рэзервы невымерна большыя. Гаворка ідзе не толькі пра колькасць тавараў, мы здольныя прадставіць Беларусі
тое, што завецца ноў-хаў.
— Як адбіваецца на супрацоўніцтве нашых краін сусветны фінансавы крызіс?
— Гэты крызіс уплывае на эканоміку ўсіх краін. Але ў выпадку пашырэння супрацоўніцтва паміж краінамі ЕС і РБ яго ўздзеянне на Беларусь стала б значна мякчэйшым. Трэба рэальна ацэньваць
сітуацыю і добра падрыхтавацца да яе развіцця. Паглыбленне супрацоўніцтва паміж ЕС і Беларуссю было б карысна менавіта для Беларусі.
— У чэшскім досведзе пераходу ад таталітарызму да дэмакратыі адной з галоўных умоў поспеху было дасягненне адзінства дэмакратычных сіл, заключэнне цвёрдых дамоўленасцяў, у тым ліку з
часткай кампартыі, якая тады кіравала. Наколькі, на Ваш погляд, значны эфект адзінства для дэмакратычных сіл у сённяшняй Беларусі?
— У Чэхаславакіі ў камуністаў не было іншага выйсця. Мы набліжаліся да эканамічнага дна, і камуністы гэта своечасова зразумелі. Дэмакратычныя ж сілы не прапусцілі моманту пэўнага
паслаблення ўлады кампартыі, здолелі кансалідавацца і дамагчыся такіх зменаў, якія для камуністаў сталіся нечаканымі, і тыя ўжо былі няздольныя спыніць працэс. Але частка камуністаў здолела,
абапіраючыся на старыя сувязі, выкарыстаць прыватызацыю ў сваіх інтарэсах. Аднак у цэлым усю гэтую сітуацыю я ацэньваю пазітыўна.
Што датычыць апазіцыі ў Беларусі, я думаю, што яна цяпер разрозненая і не здольная да кансалідацыі. Калі мова ідзе пра тую або іншую арганізацыю, сумна робіцца. Ёсць шэраг мужных, здольных,
разумных, актыўных апазіцыянераў. Але праблемай з’яўляюцца асобныя групкі, якія не могуць дамовіцца пра агульныя мэты.
— Магчыма, у тым ліку і праз слабасць беларускай апазіцыі палітыка дыялогу ўспрымаецца шмат кім — і ў нашай краіне, і ў краінах ЕС — далёка не адназначна.Якія
перспектывы дэмакратычных змен у Беларусі з дапамогай палітыкі дыялогу?
— Еўрасаюз — неабходнасць у Еўропе. Гэтае самае лепшае рашэнне з усіх дрэнных. Еўрапейцы павінны мець кантакты адзін з адным. Беларусы мусяць размаўляць з Еўрасаюзам, і
наадварот. Вядома, гэта рызыка для ЕС, але той, хто нічога не робіць, — нічога не сапсуе. Я аптыміст, і я веру, што Беларусь стаіць на парозе вялікіх перамен і будзе дэмакратычнай
краінай.
— Чэхія — першая краіна, якая ў 2002 годзе адмовіла сп. Лукашэнку ў візе на ўезд у Чэхію на саміт NАТО. А вось цяпер Чэхія можа стаць першай краінай, што запросіць яго на
саміт Еўрасаюза, які адбудзецца ў Празе, як плануюць, у красавіку. Наколькі верагодна гэта запрашэнне і якімі крытэрамі яно абумоўлена?
— На цяперашні момант сп. Лукашэнка можа падарожнічаць па ўсёй Еўропе дзе заўгодна. Калі б яму спатрэбілася шэнгенская віза, то, хутчэй за ўсё, ён бы яе атрымаў. Іншая справа, ці будзе
ён запрошаны на саміт у Празе. Міністр замежных спраў Чэхіі, сп. Шварцэнберг казаў пра магчымасць такога запрашэння, але ці адбудзецца яно, будзе залежаць ад развіцця дыялогу паміж Беларуссю і ЕС. На
дадзены момант ніякіх запрашэнняў яшчэ не дасылалася.
— У чым Чэхія як старшыня ЕС бачыць асноўны сэнс і мэту новай праграмы Усходняга партнёрства ў адносінах да Беларусі?
— Канчатковай мэтай, калі ўсё будзе развівацца ў правільным накірунку, стане палітычнае збліжэнне з Еўрапейскім саюзам і пашырэнне эканамічнага супрацоўніцтва.
— У выпадку, калі ўмовы, якія высоўваюцца ЕС, не будуць выкананыя беларускім бокам на працягу шасці месяцаў, ці варта чакаць вяртання ЕС да санкцый, або дыялог будзе
працягнуты?
— Я аптыміст і веру, што мы не вернемся да пачатковай кропкі, што дыялог будзе працягвацца. У красавіку ЕС абмяркуе, якія змены адбыліся ў Беларусі, у якім месцы яна знаходзіцца на
шляху да дэмакратызацыі, і прыме ўзгодненае рашэнне. Веру, што яно будзе пазітыўным.
— На перыяд старшынства Чэхіі ў ЕС, акрамя сусветнага фінансавага крызісу, выпалі яшчэ дзве сур’ёзныя міжнародныя праблемы: вайна ў сектары Газа і «халодная газавая
вайна» паміж Расіяй і Украінай. Якая пазіцыя Чэхіі як старшыні ЕС у вырашэнні гэтых праблем?
— Тут, зноў жа, усе рашэнні будуць сумеснымі. Еўрапейскі саюз будзе паслядоўна рэагаваць на падзеі ў Газе. Галоўнае, у чым мы зацікаўленыя, — у найхутчэйшым аднаўленні тут
міру. Мы таксама зацікаўленыя ва ўзнаўленні паставак газу ў Еўропу, у бесканфліктных стасунках паміж Расіяй і Украінай. Мы зацікаўленыя, каб Расія была добрым суседам для Беларусі.
— Вядома, што Вы захапляецеся мастацтвам, што на ранейшых пасадах пытанні культуры ўваходзілі ў сферу Вашай палітычнай дзейнасці. Культурныя ж праграмы чэшскага пасольства ў нашай
краіне атрымалі ўдзячнае прызнанне беларускай грамадскасці. Якія планы ў пасольства па развіцці культурнага супрацоўніцтва на гэты год?
— Тут ёсць да чаго імкнуцца. Думаю, што сёлета наша супрацоўніцтва радыкальна актывізуецца. Мы пачалі працаваць з беларускай філармоніяй. Для мяне тут ёсць і асабістая матывацыя: я
паходжу з тых жа мясцін, што і чэшскі кампазітар Сметана. У найбліжэйшых планах — арганныя канцэрты чэшскіх музыкаў. У лютым адбудзецца выстава чэшскай графікі. Фармаванне добрасуседскіх
адносін — справа не толькі палітыкаў і дыпламатаў, але і дзеячаў культуры, студэнтаў і бізнесменаў.
— Якое стаўленне ў Чэхіі да кансерватыўных каштоўнасцяў, да якіх Вы прыхільныя, на фоне вядомай статыстыкі, што сведчыць пра перавагу атэістычнай часткі насельніцтва ў Вашай краіне
над вернікамі?
— У нашым грамадстве сапраўды адбылося некаторае адхіленне ад рэлігійнасці. І не толькі ў Чэхіі. Але я веру, што Еўропа, у тым ліку Чэхія, вернецца да хрысціянскіх каранёў, хрысціянскіх
каштоўнасцяў. Калі не вернецца, не будзе існаваць наогул...
— Ужо паўтара гады Вы ў Беларусі. Як Вы сябе тут адчуваеце?
— Як дома. Калядныя святы і Новы год я сустракаў тут. Разам дачкой і сынам, якія прыехалі да мяне. Дачка яшчэ засталася. Яна піша дыпломную працу, пачала вывучаць рускую мову і патроху
беларускую. Сын з’ехаў, у яго іспыты. Шкадую, што пакуль у мяне атрымалася наведаць толькі Брэст і Белавежскую пушчу і не было часу павандраваць па ўсёй Беларусі. Але гэта задавальненне мяне
чакае наперадзе.