Па замкнёным коле
За 5 хвілін да Новага года беларускі народ пачуў кодавыя віншавальныя словы — пра поспехі, адсутнасць крызісу, стабільнасць, росквіт і светлую будучыню. А роўненька праз суткі атрымаў і галоўны навагодні падарунак — дэвальвацыю нацыянальнай валюты на 20 з каптуром адсоткаў. Сюрпрыз што трэба. Як у той рэкламе: «Шок — гэта па-нашаму». Уздыхнуць — не выдахнуць.
Пра эканамічныя складнікі і магчымыя наступствы гэтага падарунка — блізкія і аддаленыя — эксперты ўжо сказалі ўсё што маглі. Адчуў іх на сабе ўжо і сам народ. Серыял толькі
пачынаецца. Працяг будзе. Рэаліцішоу можна выключыць па тэлевізары, але, на жаль, не ў жыцці. У жыцці яго можна толькі пераадолець. Іншая справа — як і калі? З выхадам куды — на
магістральны шлях да лепшага жыцця ці зноў па зачараваным коле? І тут без асэнсавання палітычных складнікаў працэсу, што выявіліся на лязе дэвальвацыі, не абысціся.
На дысплеі памяці ўсплываюць карцінкі пярэстых 1990-х. Гучныя дэкларацыі пра рэформы і іх блакіроўка старой-новай наменклатурай на справе. Пустыя заявы і абяцанкі. Дэвальвацыі, дэнамінацыі,
інфляцыя, дэфолт. Застылыя прадпрыемствы. Бурлівы парламент. Стыхія мітынгаў і дэманстрацый. Квітнеючая бюракратыя. Змораны народ. Выбары. Прэзідэнцкія. Першыя, другія і трэція. Народ галасуе за
«свайго». Палітычны навабуд па-беларуску — на ўзор былой савецкай аднаасобнай сістэмы ўлады.
Стомлены народ прымае, а то і вітае новы парадак. І не звяртае ўвагі, як адзін за адным адключаюцца, падмяняюцца імітацыяй рычагі, праз якія ён мог сапраўды ўплываць на сітуацыю. Свабодныя
выбары і вулічныя акцыі, незалежныя СМІ, паўнавартасны парламент, шматпартыйнасць, грамадскія аб’яднанні. Амаль поўная адсутнасць рэакцыі грамадства на рэпрэсіі і пераслед. Бо жыццё ж
сапраўды быццам бы паляпшаецца і стабілізуецца.
Аднак адкуль рэсурс? Адказ на гэтае пытанне і выявіў з відавочнасцю абвал рубля першага дня 2009 года: з Расіі, ад 6 да 8 мільярдаў у год. І разам з тым выявіў значна большае: палітычную
вычарпанасць беларускай сістэмы ўлады. Гэта не кіраўнік «Беларусь Інкарпарэйтад» вынайшаў геніяльны ход, як даіць Расію. Гэта маскоўскі Крэмль, па свайму імперскаму мысленню,
успрымаў Беларусь не інакш як неад’емную частку Расіі. А магчыма, і істотна паспрыяў рэалізацыі адпаведнага палітычнага праекта ў Беларусі. І таму ўзяў, у поўнай адпаведнасці з савецкай
традыцыяй, на датацыйнае ўтрыманне.
І вось — абвал, які і выявіў галоўнае: рэсурс трываласці вычарпаны. Той самы рэсурс, якім валодаў савецкі таталітарны рэжым СССР і які атрымаў новае ўвасабленне ў адной, асобна ўзятай,
беларускай аўтарытарнай мадэлі. Яго хапіла, з улікам знешніх ін’екцый, на паўтара дзесяцігоддзі. Гэтыя б датацыі ды на стварэнне сучасных эканамічнай ды палітычнай сістэм.
Беларуская ж кіроўная эліта правяла Беларусь па коле на мяжу пачатку 1990-х гадоў. Іх уласная праграма, сарамліва вызначаная як праграма пераадолення часовых цяжкасцей, вядома ж, выкліканых
«бандыцкім» крызісам у заходніх краінах, з усёй відавочнасцю выкрывае зваротнасць гэтага маршу назад. Усе прапанаваныя імі меры выратавання эканомікі з набору рэформ пачатку 90-х.
Іншая справа — іх змест і паслядоўнасць.
Аднак у аўторак прагучалі яшчэ і крамольныя словы пра лібералізацыю эканомікі. Нават з вуснаў кіраўніка дзяржавы. Яго адказы на пытанні журналістаў на Камунмашы можна б было лічыць абвяшчэннем
праграмы рэформ зверху, каб не іх унутраная супярэчлівасць, не адмаўленне адным тэзісам другога. І яшчэ антураж: вялізны цэх, дзе толькі купка журналістаў і ніводнага рабочага. Каб не задалі сваіх
пытанняў?
Аднак толькі імітацыяй перамен дзеля атрымання крэдытаў на Захадзе, дзеля манеўра паміж Расіяй і Захадам ужо не абысціся. Сітуацыя вымушае. Атрыманых крэдытаў хопіць на першы час. А што потым? У
намерах кіроўнай групоўкі і звязанага з ёю бізнесу лёгка прачытваецца адно памкненне: любой цаной захаваць уладу і ўласны капітал. Лібералізацыя эканомікі, але не дэмакратызацыя палітычнай сістэмы. З
дапушчэннем пэўных кадравых замен, да вышэйшых уключна, але з ўласнага кола. Падкоўдравая барацьба, але ж не сацыяльны выбух, не аксамітная рэвалюцыя.
Па-беларуску традыцыйна ціхая рэакцыя насельніцтва на дэвальвацыю, здаецца, ужо не ўводзіць уладную каманду ў зман. Крэдыт даверу на лязе дэвальвацыі — страчаны. Сёння ціха —
заўтра нечаканы сацыяльны выбух. Уласны досвед з 1990-х уплывае мацней за ўрокі гісторыі.
Таму і не спыняецца ціск на моладзевых актывістаў: каго ў войска, каго з працы, каго з інстытута. Таму, ці не ўпершыню за апошні гады, А. Лукашэнка вярнуся да сваёй ролі пачатку 90-х —
прапагандыста і агітатара, тлумачальніка сітуацыі. Праўда, не ў натоўпе і не перад натоўпам. Таму і абвешчаны штотыднёвыя выхады кіраўніцтва на заводы. Утрымаць, вярнуць крэдыт даверу. І заблакаваць
на дальніх подступах дзве патэнцыйна самыя небяспечныя пляцоўкі каляровых рэвалюцый — заводы і студэнцкія аўдыторыі.
У прынцыпе, як сведчыць гістарычны досвед, аўтарытарная трансфармацыя сістэмы магчыма. Хутчэй за ўсё, гэты варыянт нас і чакае: сударгавая, расцягнутая на гады эвалюцыя палітычнай сістэмы. На
жаль, не выключаны і другі варыянт: поўны адкат назад да класічнага, моцнага і жорсткага аўтарытарнага (таталітарнага) рэжыму. З поўным падаўленнем любой апазіцыі, любога супраціву. І абвалу бальшыні
насельніцтва за мяжу сацыяльнай беднасці, замест сацыяльнага кантракта, а краіны — на задворкі цывілізацыі.
Адкат гэты таксама не на заўсёды, на час. Але жыццё чалавечае такое кароткае... І не дай нам Бог зноў перажыць такое. Куды хіснецца маятнік перамен, вызначыцца ўжо ў 2009 годзе. І залежыць гэта
ад кожнага з нас.