«Ён здольны аб’яднаць людзей з розных сфераў». Юры Губарэвіч расказаў аб працы ў камандзе Латушкі
«Я ніколі не парушаў законаў, нават лукашэнкаўскіх, абсалютна недэмакратычных», распавёў палітык ў інтэрв’ю Свабодзе.
24 гады таму Юры Губарэвіч быў сярод стваральнікаў «Маладога фронту». Пяты год ён узначальвае рух «За Свабоду». Чым апазіцыйны палітык займаецца ў камандзе Паўла Латушкі, які дзяржаўнай службе аддаў на год больш, чым Губарэвіч — на змаганне з ёю?
Гэтымі днямі Юры Губарэвіч знаходзіцца ў Варшаве. Палітык запэўнівае, што гаворкі пра эміграцыю няма, у сталіцу Польшчы ён завітаў усяго на некалькі дзён.
«Планаў з’язджаць з Беларусі няма. Я тут, каб паразмаўляць з калегамі пра планы, у першую чаргу пра тыя, за якія я адказваю. Я ўжо не першы раз пакідаю на кароткі тэрмін Беларусь. Вядома, прадказаць нашу ўнутраную сітуацыю немагчыма, бо людзей затрымліваюць, даюць розныя тэрміны, заводзяць крымінальныя справы абсалютна беспадстаўна. Але мне асабіста баяцца няма чаго. Я ніколі не парушаў законаў, нават лукашэнкаўскіх, абсалютна недэмакратычных».
Тым не менш Губарэвіч — сведка па крымінальнай справе супраць Каардынацыйнай рады, як і іншыя чальцы яе асноўнага складу.
«Тут няма перакосу ў бок былых чыноўнікаў»
У Народным антыкрызісным кіраўніцтве Юры Губарэвіч адказвае за рэгіянальнае развіццё. Свой удзел у камандзе, якая складаецца ў значнай меры з былых дзяржаўных службоўцаў, ён называе «ўнясеннем балансу».
«Зараз мы ўсе аб’яднаныя адзінай мэтай — гэта перамены ў Беларусі, як мага хутчэйшае вяртанне да нармальнага жыцця і вяртанне народу права прымаць рашэнні ва ўласнай краіне. Усе тыя людзі, якія, нягледзячы на іх мінулае, стаяць цвёрда на гэтых мэтах, складаюць адзіную сілу. Унікальнасць пляцоўкі Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва ў тым, што Павал Латушка здольны аб’яднаць людзей з розных сфераў. Тут няма перакосу ў бок былых чыноўнікаў. Усё арганічна дапаўняецца новымі людзьмі, якія прыйшлі ў пратэст у мінулым годзе, са сфераў, якія не тычацца палітыкі».
«Людзям трэба вярнуць права прымаць рашэнні на лякальным узроўні»
Нядаўна Юры Губарэвіч прадставіў дакумент, які апісвае дзеянні Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва да і падчас пераходнага перыяду ў галіне развіцця рэгіёнаў. У інтэрв’ю Свабодзе палітык расказаў пра свае прапановы.
Мы сталі спадкаемцамі сістэмы СССР, калі шэсць абласцей БССР выглядалі нармальна на фоне такога ж падзелу ў суседніх рэспубліках. Цяпер гэтая сістэма безнадзейна састарэла. Мы бачым лішні ўзровень. Частка буйных гарадоў, якія размешчаныя далёка ад сваіх абласных цэнтраў, будуюць свае эканамічныя сувязі з буйнымі гарадамі іншых абласцей. Сістэма не працуе.
Другі момант — бюракратыя. Трохузроўневая сістэма кіравання міліцыяй, такая ж сістэма вертыкалі, судоў і г. д. Гэта каласальная армія чыноўнікаў, якія дублююць функцыі адзін аднаго. Рэформа — гэта і скарачэнне бюракратычнага апарату, і набліжэнне гаспадарчых сувязяў вакол тэрыторый, якія склаліся арганічна. Такіх прыблізна 16 на нашай мапе.
Павінна адбыцца рэформа мясцовага самакіравання. Людзям трэба вярнуць права прымаць рашэнні на лякальным узроўні. Большасць рашэнняў, якія датычаць жыцця чалавека, побытавага абслугоўвання і інфраструктуры, прымаюцца на высокім узроўні або тымі органамі, якія не фарміруюцца жыхарамі.
Цяпер неабходна збіраць дадзеныя аб усіх рэпрэсіях з боку мясцовых органаў улады, аб фальсіфікацыі выбараў. Трэба раскрываць усе злачынствы чыноўнікаў — у тым ліку карупцыйныя схемы. Таксама важна арганізаваць кантроль за працай дэпутатаў усіх узроўняў.
Татальных і неабгрунтаваных зачыстак не будзе. Гэтым мы адрозніваемся ад цяперашняй улады, якая праводзіць масавыя рэпрэсіі. Рашэнні будзе прымаць незалежны суд. Але ў рэгіёнах энтузіязм да незаконнай дзейнасці праяўляе лічаная колькасць людзей.
Народнае антыкрызіснае кіраўніцтва правядзе конкурс «Кадравая рэзерву», каб знайсці замену рэгіянальным чыноўнікам, якія ўдзельнічалі ў палітычных рэпрэсіях, карупцыйных схемах і па-іншаму парушалі закон.