Рэферэндум–1991: ці жадалі мы гэтага
Чвэрць стагоддзя таму, 17 сакавіка 1991 года, адбыўся рэферэндум, на якім павінен быў вырашыцца лёс СССР. Ад удзелу ў рэферэндуме адмовіліся прыбалтыйскія рэспублікі, Малдова, Грузія і Арменія. Не ўсё проста было і ў БССР.
Удзельнік пікету супраць рэферэндуму на плошчы Леніна, 17 сакавіка 1991 г., Мінск
На рэферэндуме грамадзяне павінны былі адказаць на пытанне: «Ці лічыце Вы неабходным захаванне Саюза Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік як абноўленай федэрацыі раўнапраўных суверэнных рэспублік, у якой будуць у поўнай меры гарантаваны правы і свабоды чалавека любой нацыянальнасці?».
«Парад суверэнітэтаў», які пракаціўся па краіне ў 1990 годзе, лішні раз пераканаў кіраўніцтва на чале Міхаілам Гарбачовым у тым, што існаваўшая дагэтуль мадэль Савецкага Саюза канчаткова вычарпала сябе.
Таму ў высокіх чыноўніцкіх кабінетах быў сканструяваны новы фармат саюзных адносінаў, паводле якога паўнамоцтвы рэспублік істотна пашыраліся, а ў кампетэнцыі Цэнтра заставаліся такія ключавыя функцыі, як фінансы, абарона, шляхі зносін і г.д. Замацаваць гэты фармат меркавалася ў выглядзе новай дамовы паміж рэспублікамі, магчымай змены назвы краіны (Саюз Суверэнных Дзяржаў). Менавіта рэферэндум павінен быў надаць будучаму Саюзнаму дагавору адпаведную легітымнасць.
Усенароднае галасаванне павінна было адбыцца паводле адмысловага закона «О всенародном голосовании (референдуме)» ад 27 снежня 1990 года. У Беларускай ССР на той час не было адпаведнага ўласнага закона. Ён з’явіцца толькі 13 чэрвеня 1991-га.
Як вядома, ад удзелу ў рэферэндуме адмовіліся прыбалтыйскія рэспублікі, а таксама Малдова, Грузія і Арменія.
Аднак у Беларускай ССР з рэферэндумам было не ўсё так проста.
22 студзеня 1991 года за ўнясенне пытання аб рэферэндуме ў парадак дня сесіі Вярхоўнага Савета прагаласавалі 166 дэпутатаў пры неабходным кворуме ў 174 чалавекі. Нягледзячы на высілкі старшыні Вярхоўнага Савета Мікалая Дземянцея і яго намесніка Васіля Шаладонава, неабходны кворум забяспечыць не ўдавалася. Тады Мікалай Дземянцей заявіў, што «мы вернёмся к рассмотрению, сегодня этот вопрос плохо подготовлен». Аднак у наступныя дні гэтая тэма больш не краналася кіраўніцтвам Вярхоўнага Савета.
Унікальнасць сітуацыі была відавочна. Вярхоўны Савет Беларусі, які набыў імідж аднаго з самых кансерватыўных і пракамуністычных вышэйшых прадстаўнічых і заканадаўчых органаў у СССР, аб’ектыўна не падтрымаў рэферэндум. Безумоўна, сказаўся ўплыў рашучага праціўніка рэферэндуму — парламенцкай апазіцыі БНФ, якая ўдала ўздзейнічала на шэраг дэпутатаў, настройваючы іх супраць усенароднага галасавання.
Далей разыгралася амаль дэтэктыўная гісторыя. 26 студзеня ў рэспубліканскім друку з’явілася пастанова Прэзідыума Вярхоўнага Савета «Об организации подготовки и проведения в Белорусской ССР референдума СССР по вопросу о сохранении Союза Советских Социалистических Республик», датаваная 21 студзеня 1991 года.
На той час Прэзідыум Вярхоўнага Савета складаўся са старшыні Вярхоўнага Савета, яго першага намесніка і намесніка, а таксама з двух дзясяткаў кіраўнікоў пастаянных парламенцкіх камісій.
29 студзеня 59 дэпутатаў, абураныя пастановай, з’вярнуліся да кіраўніцтва парламента з патрабаваннем даць адпаведныя тлумачэнні. Заяву, ініцыяваную апазіцыяй БНФ, падтрымалі нават тыя дэпутаты, якія не сімпатызавалі Фронту: Віктар Ганчар, Анатоль Лябедзька, Інэса Драбышэўская і інш. Заяву падпісаў дэпутат Яўген Новікаў, да нядаўняга часу — вядучы праграмы «Правы чалавека» і аўтар знакамітай байкі пра пацукоў, якіх быццам бы ядуць у ЗША.
Пікет Беларускага народнага фронту супраць рэферэндуму на плошчы Леніна, 17 сакавіка 1991 г., Мінск
У СМІ інфармацыя з-за супраціву ўладаў з’явілася са спазненнем, і 5 лютага 1991 года была надрукавана толькі ва ўласным органе Вярхоўнага Савета — «Народнай газеце».
У заяве сцвярджалася, што Прэзідыум Вярхоўнага Савета, прыняўшы такую пастанову, груба парушыў Канстытуцыю, «фактычна падмяніў сабой Вярхоўны Савет і ўзурпаваў яго функцыі».
Падпісанты мелі рацыю. Згодна п. 21 арт. 97 Канстытуцыі БССР 1978 г. (са зменамі і дапаўненнямі 27 кастрычніка 1989 г.), прызначэнне рэспубліканскіх рэферэндумаў з’яўлялася выключна прэрагатывай парламента. Прэзідыум, у сваю чаргу, паводле п. 6. арт. 105 Канстытуцыі, толькі арганізоўваў падрыхтоўку і правядзенне рэферэндуму, г. зн. ажыццяўляў тэхнічныя функцыі.
Неправамернасць дзеянняў Прэзідыума пагаршалася яшчэ і тым, што пастанова была прынята ў час працы чарговай сесіі Вярхоўнага Савета.
Другі сакратар Мінскага гаркама КПБ, галоўны рэдактар выдання «Мы и время» Віктар Чыкін падчас мітынгу на плошчы Леніна ў дзень рэферэндуму аб захаванні СССР, 17 сакавіка 1991 г., Мінск.
Больш таго, 29 студзеня старшыня пастаяннай камісіі па міжнародных справах і знешнеэканамічных сувязях, прадстаўнік БНФ Пётр Садоўскі абвінаваціў Прэзідыум, членам якога сам з’яўляўся, у фальсіфікацыі. Па словах Садоўскага, нягледзячы на тое, што пастанова была прынята 21 студзеня, на працягу 23–24 студзеня па апытальным спісе збіралі подпісы чальцы Прэзідыума. Гэта таксама было грубае парушэнне: рашэнні Прэзідыума, паводле Часовага Рэгламенту Вярхоўнага Савета ад 31 мая 1990 года, прымаліся выключна на яго пасяджэнні большасцю ад агульнага складу.
29 студзеня ў Вярхоўным Савеце напал дыскусій дасягнуў такой кропкі, што чалец парламенцкай апазіцыі БНФ Галіна Сямдзянава катэгарычна адмовілася пакінуць трыбуну. Тады Васіль Шаладонаў паставіў на галасаванне наступную прапанову: звярнуцца да выбаршчыкаў Галіны Сямдзянавай і асудзіць яе дзеянні. За гэта прагаласаваў 151 дэпутат пры кворуме ў 174 чалавекі. Інэса Драбышэўская, нягледзячы на тое, што сама падпісала заяву, прыгразіла Галіне Сямдзянавай камісіяй па дэпутацкай этыцы. У выніку трансляцыя пасяджэння была спынена на 10 хвілін.
Прадстаўніца парламенцкай апазіцыі БНФ, дэпутат Галіна Сямдзянава на пікеце супраць рэферэндуму на плошчы Леніна. За ёй — дэпутат Вярхоўнага Савета Яўген Новікаў, 17 сакавіка 1991 г., Мінск.
У кантэксце будучага рэферэндуму Вярхоўны Савет у лютым распачаў абмеркаванне пытання аб Саюзным дагаворы. Тым больш, што мелася юрыдычная падстава: артыкул 11 Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце рэспублікі ад 27 ліпеня 1990-га прадугледжваў удзел рэспублікі ў распрацоўцы новага праекта Саюзнага дагавора.
Абмеркаванне праходзіла ў жорсткіх дыскусіях. Члены парламенцкай апазіцыі БНФ (Зянон Пазняк, Лявонцій Зданевіч, Лявон Баршчэўскі і інш.) катэгарычна выступалі супраць дагавора. Так, галоўны рэдактар газеты «Свабода» Ігар Гермянчук адзначыў нізкі прававы ўзровень праекта пастановы і параўнаў яго з публіцыстыкай. Дэпутат настойваў на сур’ёзнай перапрацоўцы тэксту праекта.
Лідар БНФ, дэпутат Вярхоўнага Савета Зянон Пазьняк на пікеце супраць рэферэндуму на плошчы Леніна, 17 сакавіка 1991 г., Мінск.
Іншыя дэпутаты, напрыклад, дырэктар БелАЗу Дзмітрый Сыракваш, лічылі, што «промедление с заключением договора смерти подобно».
19 лютага Вярхоўны Савет зацвердзіў пастанову «Аб канцэпцыі Саюзнага дагавора», паводле якой прызнавалася «целесообразным вхождение Белорусской ССР в состав Союза ССР с учетом преобразования его в подлинно демократическое правовое государство, основанное на добровольном объединении равноправных суверенных республик».
З мэтай папулярызацыі рэферэндуму ягоны ініцыятар Міхаіл Гарбачоў распачаў паездкі па краіне. У канцы лютага савецкі кіраўнік наведаў Беларусь і ў прамове перад прадстаўнікамі навуковай і творчай інтэлігенцыі перасцярог ад таго, каб вярнуць дзяржаўнасць у стан, які нагадваў бы часы Івана Каліты. Дэзінтэграцыя, сцвярджаў Міхаіл Гарбачоў, «вещь опаснейшая», і толькі вар’яты могуць падштурхоўваць да яе.
26 лютага ў выступе перад дэпутатамі Міхаіл Гарбачоў заклікаў іх «не поддаваться всяким дуновением ветров, держать курс и крепить силы Центра».
Напярэдадні, 17 сакавіка 1991 года, БНФ імкнуўся накіраваць грамадскую думку супраць рэферэндуму, ладзячы пікеты ля Дома Урада і друкуючы адпаведныя матэрыялы. Пэўны рэзананс, напрыклад, атрымаў артыкул прафесара Юрыя Хадыкі пад назвай «Ці жадаем мы гэтага?», які быў апублікаваны незадоўга да ўсенароднага галасавання ў «Народнай газеце». У артыкуле намеснік старшыні Сойма БНФ сцвярджаў, што рэферэндум — хітры ход наменклатуры, які толькі замацуе існуючую ўнітарную сістэму і пазбавіць Беларусь нават фармальных прыкмет суверэнітэту, якімі яна валодае ў якасці сябра ААН.
Дэпутат з апазіцыі БНФ Валянцін Голубеў рэзка выступіў супраць рэферэндуму па беларускім тэлебачанні ў праграме «Крок», за што вядучыя праграмы былі адхілены ад эфіру на тры месяцы.
Форма бюлетэня рэферэндуму 17 сакавіка 1991 г.
Вынікі рэферэндуму былі спрыяльныя для саюзных уладаў: больш за 76% насельніцтва выказалася за захаванне Саюза ССР. У Беларусі гэты паказчык быў яшчэ вышэйшы і дасягнуў амаль 83%. Прадстаўнікі парламенцкай апазіцыі БНФ сцвярджалі, што ў час правядзення рэферэндуму мелі месца грубыя парушэнні заканадаўства. Так, Сяргей Антончык 18 сакавіка накіраваў у сталічную пракуратуру матэрыялы праверкі, паводле якой на ўчастку №17 г. Мінска выбаршчыкі нібыта атрымоўвалі па два і больш бюлетэняў для галасавання.
24 сакавіка II З’езд БНФ зацвердзіў Зварот да народа Беларусі ў сувязі з рэферэндумам. У Звароце асуджаліся бяздумная паслухмянасць беларускага кіраўніцтва Крамлю, свядомая дэзарыентацыя насельніцтва ўладамі і г. д.
Заклік Гомельскага аб’яднання «Защита прав человека» супраць рэферэндуму аб захаванні СССР. Згаданы ў звароце Аляксей Камай на момант рэферэндуму займаў пасаду другога сакратара ЦК КПБ, адначасова з’яўляючыся дэпутатам Вярхоўнага Савета 12 склікання ад Калінкавіцкай-Сельскай акругі №217 Гомельскай вобласці. Яфрэм Сакалоў з пачатку 1987 г. і да канца 1990 г. працаваў першым сакратаром ЦК КПБ. Падчас выбараў у Вярхоўны Савет БССР 12 склікання ў 1990 г. спачатку вылучаўся па Ганцавіцкай выбарчай акрузе №116 Брэсцкай вобласці, аднак па прычыне шматлікіх парушэнняў і пад ціскам дэмакратычных актывістаў зняў кандыдатуру і быў абраны ад Столінскай выбарчай акругі №139. На момант рэферэндуму Яфрэм Сакалоў ужо не быў у складзе Вярхоўнага Савета, бо 29 студзеня 1991 г. па асабістай заяве ягоныя парламенцкія паўнамоцтвы былі спынены датэрмінова. Яфрэм Сакалоў паабяцаў, што, нягледзячы на адмову ад дэпутацкага мандата, ён будзе «верно служить народу Советской Белоруссии, нашему славному социалистическому Отечеству».
Фота з уласнага архіву аўтра