Кароткія вынікі першага года электаральнай вакханаліі
Апошні «Азбука паліталогіі» ў 2019-м. Зразумець унёсак гэтага года ў наша жыццё, не адышоўшы на пэўную дыстанцыю, няпроста. Тое, што сёння здаецца лёсавызначальным, праз пэўны час можна і не прыгадаць.
Да тых навінаў, у якіх няшмат шанцаў прэтэндаваць на статус значных падзей, можна смела аднесці кадравыя перастаноўкі на вяршыні кіраўнічай вертыкалі.
У 2019 годзе кадравыя рашэнні адзіным палітыкам (АП) прымаліся неаднаразова. Самае прыкметнае — прызначэнне былога першага намесніка старшыні беларускага КДБ генерал-маёра Ігара Сяргеенкі кіраўніком адміністрацыі АП.
Правы і абавязкі гэтага ўладнага органа ў Канстытуцыі не вызначаныя. Усё, што мы можам даведацца з 5 раздзела 84 артыкула, зводзіцца да таго, што прэзідэнт утварае, ліквідуе і рэарганізуе сваю адміністрацыю і іншыя органы дзяржаўнага кіравання.
Такая лаканічнасць, тым не менш, дазваляе адміністрацыі кіраўніка дзяржавы стаяць над усімі галінамі ўлады. Здзіўляцца гэтаму не даводзіцца. На тое ён і персаналісцкі рэжым, каб колькасць палітыкаў у краіне абмяжоўвалася адным, а яго прамы працяг — адміністрацыя — быў выведзены з-пад чыйго б там ні было кантролю.
Спецыялістам па разборках пад дываном перастаноўкі ў адміністрацыі АП служаць нагодамі паразважаць на тэму «сапраўдных інтарэсаў тых, хто іх прызначае». Аднак да «Азбукі паліталогіі» такога кшталту навіны ніякага дачынення не маюць. Прынцып «кадры вырашаюць усё» даўно трансфармаваўся ў Беларусі ў прынцып «кадр вырашае ўсё». Стылістычнае адрозненне мінімальнае — усяго толькі адна літара, але за яе адсутнасцю стаіць прынцыпова іншая палітычная сістэма, у якой усім нам выпала шчасце жыць.
Не будзьце такімі наіўнымі
12 верасня падчас чарговага разгляду кадравых (!) пытанняў прагучала слова «вакханалія». Цытую: «У палітыцы, я ўжо сказаў, мы пачалі здаваць экзамен. Сённяшняя перадвыбарчая вакханалія, інакш яе не назавеш, перад парламенцкімі выбарамі кажа пра тое, што гэта проста рэпетыцыя прэзідэнцкіх выбараў».
Уменне падбіраць дакладнае слова для апісання палітычнай рэальнасці — адна з адметных асаблівасцяў АП. Дазволю сабе яшчэ адну цытату: «У краіне кіраванай, у нашай краіне, для сябе мы павінны правесці гэтыя выбары».
Лепш, мабыць, і не скажаш. І больш адпаведнай аўдыторыі, чым прэтэндэнты на хлебныя месцы ва ўладнай вертыкалі, для гэтага не абраць. Хто такія мы, і для каго яны праводзяць выбары? Мы — гэта прадстаўнікі ўлады. Выбары яны праводзяць для сябе. А вы думалі, для грамадства? Для карэкціроўкі курсу развіцця краіны? Не будзьце такімі наіўнымі.
Зразумела, што такога роду выбары правесці паводле Канстытуцыі немагчыма, толькі ў рэжыме «вакханаліі», і толькі ў кіраванай краіне, што і было чарговым разам паспяхова прадэманстравана.
Але наколькі б жорстка ні кантралявалася краіна, пэўныя асцярогі для арганізатараў электаральных «вакханалій» заўсёды існуюць. Нездарма ж у паліталогіі ёсць паняцце «выбары, якія перакульваюць», пад якімі разумеецца дэмакратызацыя аўтарытарнага рэжыму з дапамогай часткова свабодных выбараў, што не выключаюць перамогу апазіцыі.
Беларускаму аўтарытарнаму рэжыму такога кшталту выбары бліжэйшым часам не пагражаюць. Рэжым больш чым кансалідаваны, і ўнутранай «вакханаліі» ён можа не баяцца пры ўмове пераносу яе («вакханаліі») вонкі. Порах у парахаўніцах для гэтага ў рэжыму маецца.
Трэба ўпірацца
2019 год заканчваецца ўпэўненым ростам даходаў насельніцтва і заработнай платы (за студзень-кастрычнік — 7,3% і 7,6% адпаведна) на фоне вельмі сціплага росту ВУП (1,1%). Гэтыя «нажніцы» наглядна ілюструюць важную асаблівасць беларускай мадэлі — дамінаванне палітычных мэтаў над эканамічнымі.
Шматлікія публічныя выказванні АП з нагоды вяршэнства эканомікі не павінны ўводзіць у зман. Абмяжуюся адной цытатай: «Будзе эканоміка — будзе ўсё: і бяспека, і кібербяспека, і ў СМІ будзе бяспека. Калі не будзе эканомікі, ніякая інфармацыйная бяспека, канцэпцыі, законы, драконаўскія метады, палачная дысцыпліна не дапамогуць. У якім выпадку не будзе ў нас эканомікі, мы таксама ведаем. І гэта, на жаль, таксама завязана на дысцыпліну і выканаўчасць».
Хто ясна думае, той ясна выкладае. Справядліва і адваротнае. Рэкамендую перачытаць цытату, прычым пажадана двойчы. Калі не будзе эканомікі, то дысцыпліна, нават у яе крайнім (палачным) варыянце, дапамагчы не ў стане. Гэта з аднаго боку. Аднак не варта спяшацца з канчатковай высновай, у эканамічнага медалю ёсць і іншы бок, бо існаванне эканомікі наўпрост «завязанае на дысцыпліну і выканаўчасць».
Вось такі дамарослы біном Ньютана, разабрацца ў якім аўтар «Азбукі паліталогіі» не здольны.
Палачная дысцыпліна неаднаразова дэманстравала сваю эфектыўнасць у гісторыі, напрыклад, пры будаўніцтве пірамідаў, а ў мінулым стагоддзі — на лесапавале. Але драўніну ў прамысловых маштабах з дапамогай дзедаўскіх пілаў і сякераў сёння не нарыхтоўваюць, што ж тады казаць пра падрыхтоўку высакакласных спецыялістаў, у прыватнасці, медыкаў.
13 снежня на сустрэчы са студэнтамі медыцынскіх ВНУ АП «канстатаваў адсутнасць сур’ёзнай праблемы з адтокам урачэбных кадраў з краіны». Характэрна, што ў афіцыйным прэс-рэлізе адсутнасць праблемы была праілюстраваная негатыўнай дынамікай за два апошнія гады. Мяркуйце самі: «Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, з пачатку гэтага года з Беларусі з’ехалі для працы за мяжой каля 200 лекараў, прыехалі назад — 20 чалавек. У 2018 годзе іх было 158 і 40 адпаведна». Гэта значыць, за няпоўны год колькасць лекараў, якія эмігравалі, павялічылася на 27%, а колькасць тых, якія вярнуліся, скарацілася ўдвая!
Адсутную праблему АП прапанаваў вырашыць, па-першае, за кошт цудоўных дамоў, «асабліва для маладых людзей з вышэйшай адукацыяй» (адзін такі дом у Бараўлянах ужо пабудаваны); па-другое, за кошт павышэння зарплаты медыкаў, якой загадана «павялічыцца на 20% у 2020 годзе і ў 2 разы ў 2025 годзе».
Пры гэтым не абышлося без двух каменьчыкаў. Адзін АП кінуў у беларускі агарод, другі — у агарод Захаду, што загнівае: «Мы трошкі народ распесцілі. Трэба ўпірацца, як на Захадзе, там круглыя суткі лекар працуе. Лекар агульнай практыкі — ён белага свету не бачыць, і ніхто не адмаўляецца».
Наяўнасць права на падачу скаргаў, што гарантуе Канстытуцыя (артыкул 40), і магчымасць не працаваць круглыя суткі варта разумець у якасці дадатковых бонусаў, закліканых пераканаць беларускіх медыкаў адмовіцца ад пошуку працы за мяжой. Такі важны вынік не толькі мінулага года, але чвэрці стагоддзя будаўніцтва беларускай мадэлі.
Незалежнасць каштуе дорага
Але, мабыць, на ролю галоўнай падзеі года могуць смела прэтэндаваць чарговыя разборкі ўнутры так званай Саюзнай дзяржавы. Адрозненне разборак узору 2019 года ад папярэдніх палягае ў тым, што іх удзельнікі за год не прасунуліся ні на крок.
Старт бясплодным перамовам, што беспрэцэдэнтна зацягнуліся, быў дадзены на пасяджэнні Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы 13 снежня ў Брэсце, на якіх старшыня ўрада РФ Дзмітрый Мядзведзеў абвясціў два сцэнары развіцця сумеснага інтэграцыйнага тварэння. Адзін — кансерватыўны, без павышэння існуючага ўзроўню інтэграцыі дзвюх краін. Другі — той, які прадугледжвае шчыльную інтэграцыю.
«Хачу асабліва падкрэсліць: Расія гатовая і далей прасоўвацца па шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэнне адзінага эмісійнага цэнтра, адзінай мытнай службы, суда, Падліковай палаты», — заявіў Мядзведзеў. Праз год падчас сваёй штогадовай прэс-канферэнцыі прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін практычна даслоўна пацвердзіў прыярытэт кансерватыўнага варыянту.
Незалежныя беларускія аналітыкі першы варыянт ацанілі як «шантаж не толькі Лукашэнкі, але і ўсяго беларускага народа» (Яраслаў Раманчук) і «ўльтыматум» (Валерый Карбалевіч).
Здавалася б, з такімі рашучымі ацэнкамі складана спрачацца. Аднак яны перакладаюць праблему з хворай галавы не тое, каб на здаровую, а на галаву, якая не з’яўляецца ініцыятарам праблемы.
Марыць не шкодна, шкодна не марыць. Аднак калі кіраўніцтва Беларусі хоча атрымліваць кампенсацыю за падатковы манеўр (8–12 мільярдаў долараў да 2020 года) і газ па цэнах Смаленскай вобласці, і пры гэтым заставацца незалежным ад Крамля, то гэта будзе перабор, з якіх бы пазіцый мы яго ні разглядалі.
Незалежнасць, як неаднаразова нагадваў АП, каштуе дорага. Таму барацьбу за незалежнасць неабходна пачынаць з усведамлення грамадствам гэтай азбукавай ісціны і з гатоўнасці бліжэйшым часам зацягнуць паясы.